ЯК УЗНІК МЕМАРЫЯЛ

Дойлід і разьбяр

Афіцыйна ў драмлёўскага помніка два аўтары — архітэктар і скульптар, а па факце — сотні неабыякавых людзей, што ўвасобілі ідэю ў жыццё. Нават жменька зямлі, насыпаная дзіцячай рукой, мела вялікае значэнне, моцны сэнс.
Архітэктар Юрый Казакоў, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Гэта адбылося ў 2009 годзе. А ў час драмлёўскай будоўлі 42-гадовы дойлід быў поўны сіл і творчых задум. Дацэнт Беларускага політэхнічнага інстытута (сённяшняй акадэміі) Юрый Казакоў тройчы (у 1966, 1970 і 1983 гадах) узнагароджваўся бронзавымі медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве.
Так, майстра ўжо няма сярод нас. Але ж нездарма яшчэ Пушкін пісаў: “Я памятник себе воздвиг…” Памяць пра архітэктара захоўваецца ў шматлікіх творах. Сярод іх — увасабленне помнікаў Максіму Багдановічу ў беларускай сталіцы, славутым друкарам Францыску Скарыне ў чэшскай Празе і Пятру Мсціслаўцу ў Мсціслаўлі. Юрый Іва-навіч быў і сярод стваральнікаў мема-рыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”. 1982 год адзначыўся для яго трыма работамі: Сымону Буднаму ў Нясвіжы, савецкім воінам і партызанам у Маладзечне і нашым мемарыялам “Драмлёва”.
Неўзабаве пабачыў свет “Атлас помнікаў архітэктуры і мемарыяльных комплексаў Беларусі”. Для гэтага вучэбнага дапаможніка Казакоў выканаў графічныя табліцы па архітэктурных абмерах манумента “Змагарам за Савец-кую ўладу” ў Магілёве, помніка-абеліска “Мінск — горад-герой”, мемарыяльных комплексаў “Дзяржынава” і “Драмлёва”.
Юрый Іванавіч лаканічна распавёў пра сэнс, які ўкладаўся ў памятку аб той трагедыі: “На фоне адкрытай прасторы, абрамленай пралескамі, выразна вымалёўваецца сілуэт кургана. У яго падножжа — тры журботныя фігуры, адлітыя ў бронзе. Гэта жанчыны трох пакаленняў, якія ўвасабляюць трагедыю маці, што перажылі жах і гора трох войнаў. Пры ўваходзе ў мемарыял — сведак трагедыі, камень-прысвячэнне, укампанаваны ў бетонную форму, якая нагадвае перабітае крыло птушкі”.
Другі аўтар — скульптар Уладзімір Вараб’ёў — нарадзіўся 14 студзеня 1956 года ў Мазыры. Ён паспяхова скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (зараз — Акадэмія мастацтваў), прайшоў выдатную практыку ў майстэрні народнага мастака Беларускай ССР Заіра Азгура. Непасрэдным навуковым кіраўніком маладога аспіранта стаў народны мастак СССР, лаўрэат Дзяр-жаўнай прэміі Савецкага Саюза і трох дзяржпрэмій Беларусі, адзначаны Залатой Зоркай Героя краіны Міхаіл Савіцкі, чыя творчасць шчыльна звязана з вайной і той бядой, якую яна прыносіць чалавецтву.
Успамінае мазыранін Уладзімір ВАРАБ’ЁЎ:
— Неяк у інстытут звярнуўся Аляксей Дошчык, які лічыў: на ім абавязак увекавечыць драмлёўцаў. Былі і месца, і работа, і згода, і, галоўнае, жаданне людзей — гэтак сышліся ўсе зоркі, патрэбныя, каб узнік мемарыял.
Я гасцяваў у Камянцы ў Аляксандра Лышчыка, які таксама вучыўся ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Гэта
пазней ён праславіўся сваімі скульптурамі, прысвечанымі дойліду Алексе, які збудаваў Камянецкую вежу, князям-заснавальнікам Кобрына Уладзіміру і Вользе, Бабру ў Бабруйску… А тады ўсё было наперадзе і ў яго, і ў мяне. Менавіта Аляксандр Іванавіч звёў мяне з Аляксеем Дошчыкам, які падзяліўся марай пра мемарыял.
Калі прыехаў у Драмлёва, першасная задума была даволі простай: усталюем, як гэта робіцца часта, знак з барэльефам. Аднак неўзабаве ўзнікла ідэя ўвасобіць трагедыю ў скульптурах трох жанчын. Яе падказаў Анатоль Анікейчык. Той параіў перарабіць скульптуру “Спяваючыя”, якая ўжо існавала, у “Журботныя”.
Іх ляпіў у родным інстутуце, дзе былі створаны выдатныя ўмовы для працы. У канцы 1981-га, пасля года работы ў гліне, падрыхтоўчы этап быў завершаны. Цяпер патрэбна было зрабіць самы адказны завяршальны крок — адліць фігуры ў метале, але перад усім — даказаць масцітым спецыялістам, што справа нездарма была даручана, па сутнасці, пачаткоўцу.
Планавалася, што скульптурная кампазіцыя будзе ўвасоблена ў бронзе, а гэта — матэрыял на вякі. Таму работу ў маі ці чэрвені 1982 года прымала надзвычай аўтарытэтная камісія, узначаленая міністрам культуры БССР Юрыем Міхневічам. У яе склад увайшлі такія айчынныя “зубры” ад жывапісу, як народныя мастакі Беларусі Гаўрыіл Вашчанка, Май Данцыг і Васіль Шаранговіч, член-карэспандэнт Акадэміі навук доктар хімічных навук Іван Цішчанка, рэцэнзэнтам выступіў шырока вядомы ў творчых колах мастацтвазнаўца Уладзімір Бойка. Абарона прайшла бліскуча. І амаль адразу пасля яе мяне прызвалі ў войска. Служыў ва Уруччы, у часці, дзе мяне ўжо ведалі. Справа ў тым, што яшчэ на пятым курсе сумесна з Сашам Чыгрынам стварыў скульптуру, прысвечаную гераічнаму шляху 120-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі. Вось у гэту часць і трапіў. Аднак спакойна паслужыць не атрымалася, бо хутка на два тыдні літаральна “вырвалі” з салдацкіх чобатаў: маўляў, яшчэ не ўсе справы дарабіў на грамадзянцы! Давялося дзень за днём ездзіць у Калядзічы, дзе размяшчалася ліцейка. У цэху адлівалі скульптуры ў бронзе, даводзілася сачыць за работамі, прапрацоўваць патрэбныя дэталі. Пераапранаўся ў грамадзянку, шчыраваў над скульптурамі, а затым вяртаўся ў часць на вячэрнюю паверку. У выніку хутка цалкам завершаныя бронзавыя жанчыны былі дастаўлены ў Жабінку, каб заняць сваё месца ў вогненнай вёсцы.

Сустрэча павінна адбыцца

У верасні 1982 года скульптар пры-сутнічаў на адкрыцці мемарыяла. І пазней час ад часу ў яго ўзнікала жаданне наведаць “Драмлёва”, ды ўсё ніяк не складвалася. Са свайго боку, і я спрабаваў адшукаць аўтара “трох вечна сумных жанчын”. Але нават інтэрнэт-усёвед нічым не мог дапамагчы. Дапамог выпадак.
1 лістапада 2020 года на Брэстчыну завіталі навучэнцы і выкладчыкі Мазырскай гімназіі імя Янкі Купалы. Адной з кропак прыцягнення для іх стала наша вогненная вёска. Цікавасць да Драмлёва аказалася невыпадковай: сярод арганізатараў падарожжа была настаўнік-метадыст Святлана Філімонава — жонка Уладзіміра Вараб’ёва.
Давялося разам з Аляксеем Дошчыкам сустракаць гасцей. Шмат расказалі ім пра падзеі 11 верасня 1942 года, абмяняліся тэлефонамі. Пры нагодзе пазваніў Уладзіміру Пятровічу. Той прыгадаў былое, расказаў і пра свой сённяшні дзень. Па-ранейшаму жыве і працуе ў родным горадзе. Аднак яго творы можна сустрэць не толькі на мазырскіх вуліцах-плошчах, але й далёка ад Беларусі. Прыкладам, дзесяць гадоў таму скульптар упрыгожваў у Казані, выбачайце за таўталогію, салон прыгажосці “Luciano Beauty Studio”, які належыць жонцы прэзідэнта Татарстана Гульсіне Мініханавай.
Зараз, згадваючы працу над драм-лёўскімі скульптурамі, майстар лічыць іх выдатным пачаткам творчай біяграфіі. Магчыма, налетась, калі мемарыялу споўніцца 40 гадоў, ён наведае памятныя мясціны.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: адкрыццё мемарыяла “Драмлёва”.
У цэнтры (у светлай куртцы) скульптар Уладзімір ВАРАБ’ЁЎ, 12 верасня 1982 г.