Час ляціць незаўважна, імкліва. Здаецца, зусім нядаўна мы прывялі сваіх дзетак-першакласнікаў у трэцюю гарадскую адзінаццацігодку, а сёлета яны ўжо выпускнікі пачатковай школы.
Тады, 1 верасня 2016-га, іх узяла пад сваё “крыло” Ганна Рыгораўна Клімчук і павяла за сабой у цікавую краіну ведаў, пачала вучыць сваіх “птушанят” простым жыццёвым прамудрасцям. Дзень за днём, крок за крокам нашы дзеці пад кіраўніцтвам Ганны Рыгораўны асвойвалі чытанне, пісьмо, лік. Вучыліся прыгожа дэкламаваць вершы, граматна пісаць сказы і тэксты, рашаць складаныя прыклады і задачы.
Першая настаўніца цярпліва тлумачыла кожную новую тэму, адказвала на сто “чаму?” і “навошта?” Мірыла тых, хто пасварыўся, ушчувала тых, хто ленаваўся. Падбірала ключыкі да дзіцячых сэрцаў. Ганна Рыгораўна не толькі вучыла, але й выхоўвала нашых неслухаў. Яна праводзіла цікавыя экскурсіі, гутаркі і сустрэчы, змястоўныя інфармацыйныя і класныя гадзіны.
Запомнілася малечы паездка ў Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза, паходы ў кінатэатр, гарадскі Дом культуры і дзіцячую бібліятэку.
На працягу чатырох гадоў Ганна Клімчук не шкадавала ні сіл, ні часу на сваіх гадаванцаў, дарыла ім увагу, дабрыню, шчырасць душы і цеплыню сэрца…
З-за няпростай эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне сёлета адменены ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя заканчэнню навучальнага года. Нашы дзеці, што ў большасці сваёй знаходзяцца на самаізаляцыі, не ўбачацца ў дзень апошняга званка са сваёй “другой мамай”, якая выпускае іх у далейшы высокі “палёт” — у сярэдняе навучальнае звяно. Але яны абавязкова сустрэнуцца ў верасні і, мы ўпэўнены, яшчэ доўга будуць прыходзіць да сваёй першай настаўніцы, каб падзяліцца з ёю сваімі радасцямі і няўдачамі, заручыцца яе падтрымкай. А яна абавязкова знойдзе хвілінку, каб выслухаць іх і даць параду.
Мы віншуем Ганну Рыгораўну з заканчэннем навучальнага года, з чарговым выпускам і кажам вялікі дзякуй за трывалыя веды і добрае выхаванне нашых дзяцей, за нялёгкую працу, разуменне і цярпенне. Здароўя вам, поспехаў у працы, удзячных вучняў!
Бацькі вучняў 4 “В” класа СШ № 3 Жабінкі
Главные новости
