Як не стаць ахвярай зламыснікаў

Нярэдка жабінкаўцы звяртаюцца да праваахоўнікаў па фактах узлому іх старонах у сацыяльных сетках, што прыводзіць да крадзяжоў грошай з банкаўскіх картак. Раскажам, як гэта адбываецца і што рабіць.

Гісторыя “УКантакце”

Сітуацыя, якую цяпер не назавеш экстраардынарнай. Да вас прыходзіць паведамленне са старонкі “Укантакце” ад асобы, якая лічыцца ў сябрах. Яна піша, быццам мае заблакіраваны тэлефон, і каб ён зноў запрацаваў, вельмі патрэбна прыняць некалькі эсэмэсак на ваш абаненцкі нумар.
На першы погляд — зусім ня-вінная просьба, і вы згаджаецеся. Сапраўды, хутка прыходзіць некалькі паведамленняў, змест якіх перадаеце “сябру” па перапісцы. А потым даведваецеся: на вашым асабістым рахунку — нулявая рэшта… Тады гнеўна тэлефануеце знаёмаму. А той — ледзь не плача, калі расказвае, што вы не першы абвінаваўца, хоць ніякіх паведамленняў ён нікому не дасылаў і ўвогуле не можа патрапіць на сваю старонку “УКантакце”.

Што ж адбылося насамрэч?

Нехта шляхам падбору паролю ці падману атрымаў доступ да старонкі вашага сябра. І пачаў па чарзе рассылаць слёзную просьбу дапамагчы ўсім карыстальнікам, размешчаным у раздзеле “Друзья” ўзламанай старонкі.
Звычайна адзін з дзясятка карыстальнікаў “вядзецца” і згаджаецца паведаміць свой абаненцкі нумар ды змест sms-паведамленняў, якія прыйшлі на гэты нумар. Далей хакер актывіруе доступ у асабісты кабінет пацярпелага на сайце сотавай кампаніі. Аднак для гэтага неабходна ўвесці сакрэтны код, накіраваны аператарам на адпаведны мабільны тэлефон. Вось яго і паведамляе ласкава пацярпелы ў перапісцы. Такім чынам злодзей можа распараджацца рэштай сродкаў як заўгодна: зрабіць стаўку ў анлайн-казіно, аплаціць нейкую паслугу або тавар ці перавесці сродкі на іншы рахунак, ператварыўшы ў рэальныя грошы. Гэта значыць, для таго, каб зламыснік змог распараджацца вашымі сродкамі, яму нават не патрэбна трымаць у руках ваш тэлефон!

Каб не трапіць “на кручок”

Прапануем некалькі “рэцэптаў”, каб не стаць ахвярай хакера.
Па-першае, не давайце свой мабільны ў рукі незнаёмцу. Ва ўсялякім выпадку кантралюйце, ці не робіць гэты чалавек якіх-небудзь падазроных маніпуляцый з вашым гаджэтам.
Пароль на вашай старонцы ў любой сацыяльнай сетцы павінен быць выпадковым. Памятайце: у хакераў на ўзбраенні спецыяльныя праграмы, здольныя падбіраць для ўваходу на чужую старонку па некалькі тысяч пароляў у секунду!
Калі са старонкі інтэрнэтнага сябра прыйшла просьба прыняць sms-паведамленне на свой нумар мабільнага тэлефона і паведаміць яго змест — ні ў якім выпадку гэтага не рабіце.
Калі які-небудзь анлайнавы сервіс прапануе вам “халяву”, для доступу да якой патрэбна ўвесці логін і пароль доступу да сацыяльнай сеткі, электроннай пошты ды іншых відаў акаўнтаў, ніколі гэта не рабіце.
Калі ж “прыяцель па сусветнай павуціне” просіць сфатаграфаваць абодва бакі вашай банкаўскай плацёжнай картачкі ці паведаміць любыя яе рэквізіты — робячы гэта, можаце быць упэўнены: хутка на вашым рахунку не застанецца сродкаў!
Ну, а калі ўсё ж вам хочацца дапамагчы сябру — спачатку патэлефануйце яму або спытайцеся пры асабістай сустрэчы, ці сапраўды менавіта ён напісаў гэтыя паведамленні? А яшчэ — звяжыцеся з іншымі знаёмымі ў сацыяльнай сетцы і спытайцеся, ці не прыходзілі ім падобныя паведамленні.
Будзьце пільнымі і не трапляйце ў пастку да махляроў!
Аляксей СТРУК, намеснік начальніка Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь