Мець уласны герб патрэбна кожнаму гораду. Так павялося яшчэ з часоў Магдэбургскага права, калі месты, мястэчкі, а часам і заможныя вёскі імкнуліся атрымаць адметныя геральдычныя сімвалы. Жабінка, вядома, не стала выключэннем. Усё пачыналася 30 гадоў назад.
Ідэя стварыць герб для роднага горада выспела вясной 1991 года, калі ў “Сельскай праўдзе” быў абвешчаны конкурс “Герб Жабінкі”. Хутка 11 удзельнікаў творчага спаборніцтва прапанавалі 28 эскізаў герба. Самым актыўным стаў мастак Міхаіл КАРНЕЕЎ. Міхаіл Паўлавіч даслаў ажно 16 работ, адна з якіх і стала пераможцай.
Што было на тым малюнку? Шчыт падзяляўся на дзве часткі. У верхняй, на блакітным фоне, мелася выява кветкі жабніка, а ў ніжняй, хвалістай, як рачная паверхня, — жаба (апошняя, праўда, надоўга не прыжылася і ў канчатковай рэдакцыі эскіза-пераможцы “саскочыла” з герба). А вось кветка засталася: жабнік — так у народзе завецца вадзяны казялец (па-руску — шелковник, або лютик водяной).
30 снежня 1991 года ўзнік першы геральдычны знак Жабінкі. Невялікім накладам нават былі выраблены значкі з гербам, прапанаваным Карнеевым. Цяпер яны — вялікая рэдкасць у фалерыстаў — аматараў збіраць калекцыі значкоў.
Аднак гэта быў толькі пачатак на доўгім шляху. Спатрэбілася яшчэ шмат гадоў, пакуль Жабінка і жабінкаўцы атрымалі свае важныя геральдычныя сімвалы — не толькі герб, але й выраблены па яго аналагу сцяг. Праблема ў тым, што праект герба, прапанаваны Міхаілам Паўлавічам, не адпавядаў строгім кано-нам геральдыкі.
Чарговая хваля цікавасці да “сімвалаў роднага краю” ўзнялася ўжо ў новым стагоддзі. 30 снежня 2002 года раённы Савет дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні Сяргея МАРТЫСЮКА прыняў рашэнне “Аб гербе і сцягу горада Жабінка”.
Дапаўненне да гэтага рашэння ўтрымлівала гістарычнае апісанне сімвалаў: “У блакітным полі варажскага шчыта сярэбраны, хвалісты, віла-падобны крыж, зверху, справа і злева тры стылізаваныя сярэбраныя кветкі з зялёнымі лістамі. Тры срэбныя паласы сімвалізуюць вусце ракі Жабінка пры ўпадзенні яе ў раку Мухавец — месца, дзе ў ХІХ стагоддзі былі закладзены вытокі паселішча, што дало пачатак сучаснаму гораду. Відарысы кветак жабніка азначаюць імя рэчкі Жабінка, ад якой пазней атрымаў назву населены пункт. Колькасць кветак сведчыць аб трох Жабінках — фальварку (хутары), пасёлку і чыгуначнай станцыі, што першапачаткова ўзніклі на гэтай зямлі. У 1970 годзе яны канчаткова зліліся ў адзіны населены пункт, раённы цэнтр Брэсцкай вобласці”.
Наступным крокам стала ўзгадненне герба і сцяга Жабінкі ў Геральдычным савеце пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, што і адбылося 26 лютага 2003 года.
Затым пачалася праца па падрыхтоўцы адпаведнага ўказа кіраўніка дзяржавы. Гэтым займалася спецыяльная раённая камісія, узначаленая тагачасным стар-шынёй раённага выканаўчага камі-тэта Мікалаем ТОКАРАМ. У склад камісіі ўвайшлі намеснік старшыні райвыканкама Святлана МАІСЕЙЧЫК, галоўны архітэктар Жабінкаўскага раёна Сцяпан КАНДРАЦЮК і вядучы метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Анатоль БЕНЗЯРУК.
У выніку ідэя, народжаная напрыканцы ХХ стагоддзя, знайшла сваё канчатковае ўвасабленне ў прэзідэнцкім указе № 659, падпісаным 2 снежня 2008 года.
Аднак, на жаль, у апісанне герба Жабінкі ў канчатковай рэдакцыі (напэўна, ужо ў сталіцы) трапіла недарэчная памылка ці апіска: рэальная вадзяная краска жабнік нейкім чынам ператварылася ў неіснуючую кветку жабінка…
Так ці інакш, але з канца 2008 года горад Жабінка і Жабінкаўскі раён атрымалі афіцыйную блакітна-белую сімволіку, якая шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённасці.
На здымках: гербы Жабінкі ўзору 1991, 2003 і 2008 гадоў.
