Анатоль БЕНЗЯРУК.
Зараз мы нярэдка падкрэсліваем: Жабінкаўскі — самы невялічкі раён Беларусі. Аднак так сталася толькі ўлетку 1966-га, калі адбылося яго аднаўленне. 15 студзеня 1940 года пры сваім стварэнні плошча Жабінкаўскага раёна вымяралася ў 752,4 кв. км з насельніцтвам 30 тысяч чалавек.
14 СНЕЖНЯ 1939 года Бюро абласнога камітэта партыі разгледзела пытанне “Аб утварэнні раёнаў”. Між іншымі прапанавалася арганізаваць і Жабінкаўскі, у склад якога планавалі ўключыць 129 населеных пунктаў Кобрынскага і Брэсцкага паветаў.
15 студзеня 1940 года на гэтай падставе быў прыняты сапраўды гістарычны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР: заходне-беларускія вобласці былі падзелены на 101 раён, у тым ліку Жабінкаўскі.
Неўзабаве выбухнула вайна і нашы землі апынуліся пад акупацыяй. Нямецкія ўлады амаль без зменаў пакінулі савецкі падзел на раёны. Істотным стала іншае. Большая частка Жабінкаўшчыны ў верасні сорак першага была ўключана ў рэйхскамісарыят Украіна, а самая поўнач аказалася непасрэдна ў Германіі (у складзе правінцыі Усходняя Прусія).
Пасля вызвалення нашай зямлі ад захопнікаў тэрытарыяльная цэласнасць аднавілася. Так працягвалася да 8 жніўня 1959-га, калі раён прыпыніў сваё існаванне, падзелены паміж суседнімі Камянецкім, Кобрынскім і Брэсцкім. Аднак палітыка тэрытарыяльнага ўзбуйнення ў хуткім часе паказала сваю немэтазгоднасць, і вось 30 ліпеня 1966-га Жабінкаўскі раён зноў быў адноўлены, цяпер ужо ў тых памерах, якія маем сёння — 684 кв. км (па-за яго межамі цалкам застаўся Радваніцкі сельсавет і частка населеных пунктаў сучаснага Маларыцкага раёна).
За гэты час мяняліся не толькі знешнія, але й унутраныя граніцы. Прынамсі, паміж 1940 і 2012 гадамі ў ролі цэнтраў сельсаветаў паспелі пабываць вёскі Глыбокае, Мацеевічы, Пятровічы,Рагозна, Радванічы (цяпер у Брэскім раёне), Сакалова, Сакі, Старое Сяло, Стрыганец, Сцяброва, Вяликі Сяхновічы, Федзькавічы, Чыжэўшчына, Вялікія Якаўчыцы.
На сённяшні дзень Жабінкаўскі раён падзяляецца на сем сельсаветаў: Азяцкі, Жабінкаўскі, Крыўлянскі, Ленінскі, Ракітніцкі, Сцяпанкаўскі і Хмелеўскі.
На здымку: Жабінкаўскі раён на карце 1940 года (заўважым, што наша мястэчка тады пазначалася як значны порт на рацэ Мухавец).
