Як фотапастка “злавіла” злодзея

Абвінавачваемы Артур Д. ноччу, знаходзячыся ў 154-м квартале Пелішчанскага лясніцтва паблізу вёскі Барздзілы, украў фотапастку коштам у 550 рублёў. Яе ўстанавілі леснікі, заўважыўшы, што нехта ў лесе вядзе незаконную вырубку.
У той дзень Артур з прыяцелем пайшлі ў лес. На дрэве ля дарогі хлопцы прыкмецілі фотапастку, але чапаць яе не сталі. Артуру, аднак, не давала спакою, што іх знаходжанне зафіксавана на фота, а таму пасля заходу сонца вярнуўся на месца, дзе бачылі фотапастку.
Устаноўлены апарат спрацоўваў на рух, а атрыманую інфармацыю захоўваў у карце памяці і накіроўваў на электронную пошту Брэсцкага лясгаса. Апошняе фота прыйшло прыблізна а палове першай ночы. На ім быў мужчына, твар якога не бачны.
На наступны дзень выехалі на месца, а фотапасткі там не аказалася. Пазванілі ў міліцыю, і супрацоўнікі сталі шукаць чалавека, падобнага на Артура, бо яго чатыры разы раней зафіксаваў апарат. Такім чынам, фотапастка дапамагла адшукаць злачынцу.
Калі міліцыянер наведаў Артураў дом у вёсцы, насустрач выйшла маці. Яна паведаміла, што яе сын — інвалід трэцяй групы, слаба чуе, але чытае і гаворыць. Ёй прапанавалі пагаварыць з Артурам. У ходзе размовы сын зразумеў, аб чым у яго пытаюцца, схадзіў у двор і прынёс са склепа схаваную фотапастку…
Артурава злачынства падпадала пад частку 1 артыкула 205. Аднак, аналізуючы і ацэньваючы сабраныя доказы, суд прыйшоў да высновы, што Артур у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 86 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь можа быць вызвалены ад крымінальнай з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці.
Аказалася, што вінаваты здзейсніў упершыню не надта цяжкае злачынства, кампенсаваў страты, раскайваецца, характарызуецца станоўча па месцы жыхарства, і перавыхаванне яго магчыма без прымянення крымінальных артыкулаў.
На аснове пункта 1 часткі 2 артыкула 86 Крымінальнага кодэкса краіны да Артура Д. суд прымяніў меру адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу ў памеры дзесяці базавых велічынь, альбо на суму 320 рублёў.
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна