З такім пытаннем звярнулася да моцнай паловы жабінкаўцаў.
Цімафей ПІЎЧЫК:
– На працягу лета актыўна выязджаю на прыроду – побач з намі такія прыгожыя мясціны! Начлег на беразе Мухаўца ў палатцы пад зорным небам – рамантыка. А якое смачнае мяса на вогнішчы, які духмяны чай! І дзеля ўсяго гэтага і ехаць далёка не трэба – дастаткова спыніцца ў Залуззі. У мяне там ёсць сваё ўлюбёнае месца. Па сабе ведаю, што адпачынак на прыродзе падымае настрой, прыносіць радасць і пазітыў.
Павел АСТАПОВІЧ:
– Два-тры разы на тыдзень вечарамі займаюся трэйлранінгам. Гэта бег па прыродным рэльефе ў свабодным тэмпе. Галоўнае яго адрозненне ад кросавага – у ландшафце. Для трэйлранінгу звычайна выбіраюць узгоркі і нават горы, а таксама пустыні і густыя лясы. Для аматараў гэтага віду бегу ў нашым раёне не ўсё маецца з пералічанага, але ёсць непраходныя лясы, балоцістыя мясцовасці, палі, грунтавыя дарогі, вузкія сцежкі і бездарожжа, па якіх і праходзяць мае маршруты. Трэніроўка займае ў сярэднім паўтары гадзіны, за якія ў залежнасці ад тэрыторыі пераадольваю адлегласць у 10-15 кіламетраў. Падчас забегаў адпачываю. А яшчэ атрымліваю асалоду ад малявання. Апошнім часам захапіўся такім накірункам, як абстракцыянізм і мастацтвам прыгожага пісьма – каліграфіяй. Сям’ёй жа летам ажыццяўляем паходы па роднай Жабінкаўшчыне. Начуем у палатках, ежу гатуем на вогнішчы. Ніякая, нават самая вытанчаная страва не можа параўнацца з печанай бульбай.
Васіль ПОЎХ:
– У нашай сям’і расце і радуе нас з жонкаю Юліяй дачушка Ульянка. Пакуль дзіця малое, няма магчымасці ехаць дзесьці далёка на адпачынак. Часта бываем у гарадскім парку – тут прастора для нашай дзяўчынкі пабегаць па зялёнай траўцы і дарожках, наведваемся і на гульнёвую пляцоўку. У спякотныя дні, якія сёлета шчодра дорыць нам лета, адпачываем на Візжары і Мухаўцы. Вось падрасце Ульянка, тады і маршруты нашых падарожжаў зменяцца.
Андрэй БАГІН:
– З задавальненнем усё лета хаджу ў лес па чарніцы. Сёлета яны паспелі рана – у пачатку чэрвеня, мяркую, што і да сярэдзіны жніўня ягады яшчэ будуць. Праца карпатлівая, але мне падабаецца, дый заробак прыносіць. Вынікі кожнага паходу ў лес розныя, найбольш паспяховыя, калі збіраў па 7-8 літраў. Па чарніцы езджу ў Пружанскі раён, там лясы багатыя на іх. Яшчэ люблю працаваць на
агародзе. Прымаю ўдзел ва ўсіх этапах так званай агароднай справы:
займаюся пасадкай, праполкай, палівам, акучваннем і гэтак далей. Працую і адпачываю, як кажуць, сумяшчаю карыснае з прыемным.
Максім ВАКУЛЮК:
– Сёлетні ліпень застанецца ў памяці надоўга і будзе адгукацца незабыўнымі падзеямі, сустрэчамі і ўражаннямі. Так, мой адпачынак пачаўся з традыцыйнага сплаву на байдарках па рацэ Шчары, які мы не першы год ажыццяўляем з калегамі (Максім працуе на камбікормавым заводзе). Наш водны паход доўжыўся тры дні. Далей мой водпуск меў працяг на беразе Чорнага мора ў Адэсе. Уразілі Дзерыбасаўская і марская прагулка на кацеры. У адпачынку ўдалося таксама здзейсніць падарожжа па краінах Еўропы. Падчас яго пабываў у Польшчы, Германіі, Аўстрыі і Чэхіі. Але і гэта яшчэ не ўсё. У горадзе над Бугам пашчасціла “хварэць” за сваіх на матчы адборачнага тура Лігі Еўропы, у якім брэсцкае “Дынама” згуляла з грэчаскім “Атрамітасам”. Запомнілася і рэтрадыскатэка ў абласным цэнтры, што ўмоўна паставіла кропку ў сёлетнім адпачынку. Лета яшчэ не скончылася, але спадзяюся, што і наступнае будзе такім жа насычаным на падарожжы і ўражанні.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.
