Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
У ліпені 2009-га паводле размеркавання Наталля Лесавец (на здымку) прыехала на Жабінкаўшчыну. У адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна атрымала пасаду галоўнага эканаміста, на якой рупіцца і цяпер. Наш гасцінны край стаў для яе другой радзімай, дзе мае працу па душы, утульны дом, дзе стварыла сям’ю.
Родам Наталля з Ваўкавыска, што на Гродзеншчыне. Там расла, вучылася. У школе падабаліся дакладныя навукі, але найбольш матэматыка. Свет лічбаў дзяўчыне быў блізкім і зразумелым, гэта і паўплывала на выбар будучай прафесіі. Пасля дзявятага класа Наташа паступіла ў Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж на спецыяльнасць “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, дзе навучалася тры гады. Як успамінала ў размове, каледж даў грунтоўныя веды, але хацелася мець вышэйшую адукацыю. Таму Наталля прадоўжыла вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце. Гэта быў скарочаны чатырохгадовы курс навучання. Пасля яго заканчэння ў дыпломе значылася: “эканаміст-менеджар”. Дзяўчына была ўпэўнена, што застанецца на малой радзіме – на руках меўся запыт з гаспадаркі, дзе праходзіла практыку, але… На размеркаванні, на якім ішла дзясятай, ёй аб’явілі, што месцаў на Гродзеншчыне больш няма і прапанавалі на выбар Брэсцкую вобласць ці Мінскую. Наталля спынілася на Брэстчыне, а менавіта Жабінкаўскім раёне, дзе ў СВК “Надзея-Агра” патрабаваўся спецыяліст. На выбар паўплывала блізкасць Кобрына, дзе жылі родзічы, да якіх можна і ў госці наведацца, і па дапамогу звярнуцца.
Цёпла сустрэлі маладога спецыяліста калектыў СВК “Надзея-Агра”, тагачасны кіраўнік гаспадаркі Мікалай Федасюк. Наташа разлічвала на пасаду радавога эканаміста, а атрымала больш адказную – галоўнага. І пачаліся працоўныя будні. Зай-
малася аналізам вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі, распрацоўвала мерапрыемствы па зніжэнні матэрыяльных, працоўных і фінансавых затрат, складала планы-прагнозы на перспектыву і многае іншае, спраў было шмат. Калі ўзнікалі пытанні і цяжкасці ў рабоце, па дапамогу звярталася да тагачасных спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Надзеі Кандрацюк і Ларысы Янкоўскай. Не адмаўляла ў дапамозе і былы галоўны эканаміст сельгас-прадпрыемства Ніна Засім, якая ў той час была ўжо на заслужаным адпачынку.
У 2011 годзе адбылося аб’яднанне “Надзеі-Агра” з СВК “Маціевічы”. Гаспадарку ўзначаліў Мікалай Кавальчык, Наталля прадоўжыла працаваць у ёй галоўным эканамістам. Гэты год адметны для маёй гераіні не толькі знакавай падзеяй у гісторыі роднага прадпрыемства, але і зменамі ў яе асабістым жыцці. Наташа выйшла замуж за Сяргея Лесаўца з Крыўлян, на свет з’явіўся іх першынец, і маладая сям’я атрымала дом. Праз два гады бусел яшчэ раз наведваўся да Лесаўцоў з вестачкай аб нараджэнні іх другога сыночка.
Пасля дэкрэтных адпачынкаў з сакавіка 2016-га Наталля Лесавец рупіцца на сваім звыклым месцы – галоўным эканамістам ААТ “Мацеевічы” (са снежня таго ж года сельгаскааператыў рэарганізаваны ў таварыства). Як і раней, праводзіць эканамічны аналіз гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, распрацоўвае мерапрыемствы па павышэнні рэнтабельнасці вытворчасці і прадукцыйнасці працы, кантралюе ход выканання планавых заданняў, вядзе ўлік эканамічных паказчыкаў вынікаў вытворчай дзейнасці і многае іншае. Гаворыць: лічбы – яе стыхія, дзе ўсё дакладна і зразумела. Прызнаецца, што работа забірае шмат часу. У вольныя хвіліны любіць кулінарыць – пячэ для дзетак і мужа ўсялякую смакату. Адзначае: на Жабінкаўшчыне прыжылася – тут дом, праца, сям’я – і шкадуе, што па прычыне занятасці рэдка бывае на малой радзіме ў Ваўкавыску. Калі ж і наведваецца на родную Гро-дзеншчыну, то думкамі ўсё роўна, на жабінкаўскай зямлі, якая стала любай і дарагой.
