Экалагічная дабрачынная акцыя “Збяры накрыўкі — выратуй жыццё!” аб’яднала людзей не толькі па ўсёй Беларусі, але і жыхароў нашага горада. Яны таксама не выкідваюць пластыкавыя накрыўкі, а збіраюць іх: сродкі ад утылізацыі накіроўваюцца на лячэнне хворых дзяцей.
Нагадваем, што на Жабінкаўшчыне акцыя набыла больш шырокі маштаб дзякуючы педагогам і вучням Маціевіцкай базавай школы. Яна адзіная ў раёне мае статус “зялёнай” — на базе ўстановы рэалізуецца экалагічны праект. Менавіта тут з’явілася вялікае сэрца, у якое можна апусціць сабраныя накрыўкі.
Падтрымаць добрую справу можа кожны жадаючы. Днямі Маціевіцкую школу наведала начальнік аддзела па адукацыі Галіна Бурко. Яна завітала не з пустымі рукамі, а з цэлым кантэйнерам пластыкавых накрывак, якія збіралі ўсёй сям’ёй. Заўважыла, што з цікавасцю сочыць за правядзеннем акцыі: гэта выдатная магчымасць дапамагчы і людзям, і навакольнаму асяроддзю. Як неабыякавы чалавек і біёлаг Галіна Сцяпанаўна не магла застацца ўбаку.
Перадаваць сэрца для збору накрывак як добрую эстафету ў далейшым будуць па ўсіх установах адукацыі раёна. Бачыце, рабіць дабро вельмі проста! Далучайцеся да дабрачыннага праекта, каб дапамагчы тым, каму гэта так неабходна!
Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара
На здымку: Галіна БУРКО перадала вучням Маціевіцкай школы сабраныя накрыўкі.
Пад кіраўніцтвам настаўніцы Ірыны ШВАЮК на базе ўстановы рэалізуецца праект “Зялёная школа”,
за што Маціевіцкая дзевяцігодка была адзначана ўзнагародай на рэспубліканскім узроўні.
Главные новости
