Я ЛЮБЛЮ ЖАБІНКУ

Чалавек прызнаецца ў любові. Што можа быць больш кранальным? “Вельмі шчаслівая, што ў маім жыцці ёсць Жабінка, чыстая, зялёная, прыбраная, для мяне асабіста, яшчэ і заўсёды цёплая. Тут нарадзілася мая сям’я, дзеці, у Жабінцы — праца і сябры. Яна частка маіх здзейсненых мараў”. Гэтыя словы належаць Алене УЛЬЧЫК (на здымку), якая працуе ў арганізацыі, што клапоціцца пра тыя чысціню і цеплыню, якімі славіцца Жабінка.

— Па натуры я чалавек тэхнічны, — прызнаецца Алена Раманаўна, — мне прасцей скласці лічбы, чым пісаць літары. Як старэйшая ў сям’і, вырасла ў “жалезках”, бо тата Раман Вітт марыў пра сына, а нараджаліся выключна дочкі. Пасля Пружанскага сельгастэхнікума ён быў галоўным інжынерам на заводзе ў Іванаве. Калі сям’я перабралася з горада ў вёску, бацька спярша стаў галоўным механікам у калгасе імя Машэрава. Ды, як вядома, на сяле работ шмат, таму хутка ўзначаліў брыгаду.
Вось тады і пачала Лена ў вольны ад урокаў час дапамагаць Раману Раманавічу. Бачыла тэхніку ў справе, паспрабавала сябе ў вясковай працы, паспытала смак сялянскага хлеба. І цяпер, праз гады, гаворыць:
— Ніколі не шкадавала, а наадварот ганаруся тым, што вырасла на зямлі. Бо толькі на ёй чалавек становіцца сапраўдным.
Ад усяе душы Алена Ульчык удзяч-
ная бацькам. Матуля-настаўніца Раіса Мікалаеўна вучыла не толькі роднай беларускай мове, але і розуму Лену ды яе малодшых сясцёр Таню і Васіліну. Бацькі далі дочкам добры падмурак. Кожная знайшла ў жыцці свой надзейны шлях.
Аленіна дарога пралягала праз Пінск, дзе вучылася ў гідрамеліяратыўным тэхнікуме імя Кляшчова. Педагогі навучальнай установы заклалі надзвычай трывалыя веды, раскрылі многія таямніцы прафесіі, дапамаглі знайсці адказы на важныя пытанні: як будуюцца дарогі і ўзводзяцца масты, колькі працы ў гэтым закладзена, дзякуючы чаму і каму мы трымаемся на самых крутых віражах… Карыстаючыся шматлікімі навыкамі і ведамі, набытымі ў тэхнікуме, Алена Раманаўна ўпэўнена ў 1999 годзе ўвайшла ў студэнцкую аўдыторыю, каб атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі ў Брэсцкім політэхнічным універсітэце.
Назаўсёды запомнілася 3 верасня 2008 года, калі Алена Ульчык пераступіла парог Жабінкаўскай ЖКГ. З таго дня яе лёс звязаны з камунальнай гаспадаркай. Пачынала інжынерам вытворча-тэхнічнага аддзела, які ўзначаліла праз дзесяцігоддзе.
Сутнасць дзейнасці аддзела — пастаянны маніторынг таго, наколькі жабінкаўцы забяспечаны якаснай чыстай пітной вадой. Кіраўнік ахвотна расказвае пра сваіх спецыялістаў. Кожная адказвае за важны напрамак.
Вера ДЗІЧКО — за водазабеспячэнне і каналізацыю. Нарыклад, калі ўзводзяцца станцыі абезжалезвання, Вера Уладзіміраўна курыруе гэтыя работы.
Вольга ПЯТРУЧЫК, са свайго боку, — спецыяліст па кацельнай гаспадарцы. Пад наглядам Вольгі Яўгенаўны, між іншым, пракладваюцца цеплатрасы. Дый увогуле нават у самыя халодныя дні і ночы яна сочыць, каб людзі адчувалі цеплыню ў сваіх дамах.
Вядома, няма ў камунальнікаў спраў другарадных, але ж тое, чым займаецца Анастасія САМАЛЮК, выдзяляецца нават сярод іншых важных спраў. Паколькі Анастасія Сяргееўна назірае за капітальным рамонтам жылля.
Дарэчы, для Алены Ульчык работа ў ЖКГ пэўным чынам справа сямейная. Бо тут (у аварыйна-дыспетчарскай службе) працуе і яе муж Іван Яўгенавіч. 22 гады таму яны стварылі дружную сям’ю. Плёнам узаемапавагі і кахання, якія з першых дзён прапісаліся ў хаце, сталі дзеці Антон, Дзмітрый ды Насця.
Заўтра не толькі ў сям’і Ульчыкаў асаблівы дзень. Прафесійнае свята адзначаць усе, хто адказны за чысціню і ўтульнасць на нашых вуліцах і ў дамах. З гэтай нагоды Алена Раманаўна выказала пажаданні шматлікім калегам. Перадаем яе ёмкія, кароткія словы, да якіх варта далучыцца:
— Перш-наперш кожнаму — моцнага здароўя, а ў наш няпросты час — яшчэ і мірнага неба над галавою.
Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара