Сёння — асаблівы дзень: 21 ліпеня Жабінка святкуе 77-я ўгодкі свайго вызвалення. У баях за наш горад (тады — вёску, мястэчка, станцыю) праявілі храбрасць і мужнасць, сапраўдны гераізм дзясяткі чырвонаармейцаў. Іх грудзі ўпрыгожылі ордэны і медалі.
Ніжэй — спіс воінаў 61-га артылерыйскага, 67-га і 265-га стралковых палкоў 20-й стралковай дывізіі, адзначаных баявымі ўзнагародамі за вызваленне Жабінкі.
Ордэн Чырвонай Зоркі
ЛЯШКО Андрэй Пятровіч (1903 г. н.) — рускі, лейтэнант, камандзір стралковага ўзвода 265 сп. 21 ліпеня 1944 года часова выконваў абавязкі ротнага, умела камандаваў пад-раздзяленнем. Па сігнале першым падняўся ў атаку. Імклівым кідком яго байцы першымі ўварваліся ў Жабінку. Уласным прыкладам лейтэнант Ляшко натхніў увесь батальён, які рушыў у атаку за ягонай ротай. У выніку немцы былі выбіты з вёскі Жабінка.
ЧАЙКОЎ Іван Афанасьевіч (1916 г. н.) — беларус, яфрэйтар, старшы тэлефаніст 61-га артылерыйскага палка. 21 ліпеня ў раёне чыгуначнай станцыі Жабінка ён знаходзіўся на лініі сувязі і на працягу гадзіны пад моцным артылерыйска-мінамётным агнём ліквідаваў 13 парываў. Гэтым забяспечыў бесперабойную сувязь камандзіра батарэі з асноўнай пазіцыяй. У выніку вораг быў выбіты з рубяжа і наша пяхота, пераадолеўшы раку, заняла чыгуначную станцыю.
ШЭЙКІН Міхаіл Сямёнавіч (1905 г. н.) — рускі, малодшы сяржант, наводчык супрацьтанкавага ружжа 265-га сп. З узнагароднага ліста: “У баі за населены пункт Жабінка 21.7.44 г., нягледзячы на ўраганны кулямётны агонь праціўніка, высу-нуўся наперад баявых парадкаў пяхоты. Агнём з супрацьтанкавага ружжа знішчыў ручны кулямёт з прыслугай, задушыў агонь варожай гарматы і вывеў са строю ўвесь разлік, падпаліў дом, з якога стракаталі варожыя аўтаматчыкі, пахаваўшы іх у полымі”.
Ордэн Славы ІІІ ступені
БАЗАРКУЛАЎ Мамед Абдул (1923 г. н.) — узбек, сяржант, наводчык супрацьтанкавага ружжа 265 сп. 21 ліпеня ў баі за станцыю Жабінка быў паранены, але пасля перавязкі зноў вярнуўся ў строй, працягваў змагацца, задушыў са свайго ружжа дзве агнявыя кропкі праціўніка. Заставаўся на полі бою да поўнага ачышчэння паселішча ад фашыстаў.
БАНДАРЫКАЎ Дзмітрый Якаў-левіч (1908 г. н.) — беларус, яфрэйтар, наводчык ручнога кулямёта 67-га сп. 18 ліпеня ў раёне Жабінкі патаемна прабраўся ў тыл ворага і знішчыў два варожыя ручныя кулямёты, з якіх гітлераўцы вялі моцны агонь па нашых пазіцыях.
БАРАНОЎСКІ Ягор Ануфрыевіч (1897 г. н.) — рускі, радавы, памочнік наводчыка кулямёта 265-га сп. Пад неперарыўным абстрэлам на працягу ўсяго бою бесперабойна дастаўляў боепрыпасы. Акрамя таго, асабіста застрэліў з аўтамата чатырох немцаў.
ГЕРАСІМЕНКА Мікалай Пятровіч (1925 г. н.) — рускі, радавы, наводчык станковага кулямёта 67-га сп. 21 ліпеня ля вёскі Жабінка ён фарсіраваў раку і ўсталяваў на пагорку свой кулямёт, з якога знішчыў афіцэра і 19 варожых салдат, чым дапамог пяхоце рушыць наперад без стратаў.
ГІГІНАШВІЛІ Шаліко Аляксеевіч (1918 г. н.) — грузін, старшы сяржант, памочнік камандзіра ўзвода 265-га сп. 21 ліпеня ў баі за станцыю Жабінка прабраўся ў траншэю праціўніка і закідаў гранатамі кулямётны разлік.
КАЗЛОЎ Міхаіл Якаўлевіч (1919 г. н.) — рускі, радавы, наводчык ручнога кулямёта 67-га сп. Адным з першых 21 ліпеня фарсіраваў раку, патаемна прабраўся ў распалажэнне праціўніка і агнём свайго кулямёта знішчыў 13 гітлераўцаў, а затым накрыў агнявую кропку ворага разам з яе баявым разлікам, чым дапамог наступленню нашых стралковых рот.
МІРАБІШВІЛІ Рыгор Іванавіч (1925 г. н.) — грузін, малодшы сяржант, наводчык гарматы батарэі 265-га сп. 21 ліпеня заду-
шыў агонь батарэі праціўніка і прымусіў замаўчаць чатыры нямецкія кулямёты.
Медаль “За адвагу”
АБЛОП Афанасій Васільевіч (1901 г. н.) — украінец, малодшы сяржант, наводчык станковага кулямёта 265-га сп. У момант, калі праціўнік перайшоў у контратаку, прыкрываючы левы фланг роты, адкрыў прыцэльны агонь па гітлераўцах. У выніку скасіў больш за шэсць немцаў.
ГАЙДУЛІН Закір (1902 г. н.) — татарын, яфрэйтар, наводчык станковага кулямёта 265-га сп. Са свайго кулямёта 21 ліпеня падтрымліваў наступленне, свое-часова падавіў кулямётную агнявую кропку ворага, якая перашкаджала чырвонаармейцам рухацца наперад.
ЖУКАЎ Пётр Раманавіч (1925 г. н.) — рускі, радавы, тэлефаніст. Забяспечваючы бесперабойную сувязь з камандаваннем, пад шквалістым агнём ворага дзевяць разоў ліквідаваў парывы лініі.
КУКЛЯЕЎ Дзмітрый Дзмі-трыевіч (1923 г. н.) — рускі, старшы сяржант, камандзір аддзялення роты супрацьтанкавых ружжаў 265–га сп. У баі за Жабінку 21 ліпеня смела рушыў наперад са сваім аддзяленнем, задушыў агонь варожага станковага кулямёта і знішчыў аўтамашыну з боепрыпасамі.
ЛАРЫН Аляксей Захаравіч (1923 г.н.) — рускі, радавы, наводчык супрацьтанкавага ружжа
265-га сп. 21 ліпеня пры вызва-ленні Жабінкі ён знішчыў нямецкага снайпера, які вёў агонь з даху дома.
ПАЧТАРЭНКА Іван Сямёнавіч (1923 г. н.) — украінец, радавы, стралок 265-га сп. Сваім прыкладам натхняў іншых байцоў аддзялення, першым уварваўся на станцыю Жабінка. У гэтым баі стралок забіў двух гітлераўцаў.
РАХІМАЎ Міхаіл Рахімавіч (1925 г. н.) — удмурт, тэлефаніст. Нягледзячы на моцны кулямётна-мінамётны агонь праціўніка, правёў тэлефонную лінію ад каманднага пункта камандзіра батальёна да назіральнага пункта і выправіў на лініі дзевяць парываў кабеля.
РАШАТНЯК Сямён Сцяпанавіч (1915 г. н.) — украінец, радавы, наводчык супрацьтанкавага ружжа 265-га сп, з якога 21 ліпеня знішчыў кулямётную кропку немцаў, што перашкаджала наступаць нашым падраздзяленням.
САПРАЛІЕЎ Курбан-Алі (1916 г. н.) — туркмен, радавы, стралок 265-га сп. Пры вызваленні нашага райцэнтра знішчыў варожага снайпера, які абстрэльваў з даху дома наступаючую савецкую пяхоту.
СІДУНОЎ Канстанцін Прохаравіч (1923 г. н.)
— беларус, радавы, тэлефаніст 265-га сп. Пад моцным кулямётным і мінамётным агнём ліквідаваў чатыры парывы лініі, якія ўтварыліся ад выбуху варожай міны, а затым аднавіў сувязь паміж камандзірамі батальёна і роты.
СУЛІШЧАНКА Андрэй Рыгоравіч (1920 г. н.) — украінец, старшы сяржант, камандзір аддзялення 265-га сп. Быў узнагароджаны за тое, што першым са сваім аддзяленнем уварваўся на ўскраек вёскі Жабінка і асабіста забіў двух гітлераўцаў.
ЦІХАНАЎ Аляксандр Аляксеевіч (1904 г. н.) — рускі, тэлефаніст 265-га сп. Пад кінжальным варожым агнём усталяваў сувязь камандзіра роты з батарэяй, ліквідаваў шэсць парываў лініі сувязі.
ЧАБАТАРОЎ Віктар Уладзі-міравіч (1925 г. н.) — рускі, радавы, сапёр 265-га сп. 20 ліпеня каманда з чатырох чалавек, у якой старшым быў Чабатароў, пад абстрэлам праціўніка навяла мосцік праз канал (маецца на ўвазе рэчка Жабінка), па якім прайшла савецкая артылерыя.
ЧАРНЯЎСКІ Андрэй Палікар-павіч (1906 г. н.) — украінец, радавы, стралок 265-га сп. Пры вызваленні Жабінкі 21 ліпеня дзейнічаў смела і рашуча, натхняў байцоў асабістай храбрасцю. Першым са свайго аддзялення ўварваўся ў траншэю праціўніка і гранатай забіў двух гітлераўцаў.
Медаль “За баявыя заслугі”
БОЙЧАНКА Фёдар Мікітавіч (1920 г. н.) — украінец, радавы, мінамётчык 265 сп. Пры вызваленні нашага райцэнтра знішчыў ручны кулямёт праціўніка і да дзясятка нямецкіх салдат.
ДРАЧОЎ Дзмітрый Кузьміч (1918 г. н.) — рускі, старшы сяржант, камандзір аддзялення боесілкавання гармат 265-га сп. У час напружанага бою 21 ліпеня дастаўляў снарады ў разлікі, калі заканчваліся боепрыпасы.
ІЛЬЯСАЎ Букан (1924 г. н.) — казах, яфрэйтар, стралок 265-га сп. 21 ліпеня, калі здзейсніў подзвіг, быў сувязным паміж камандзірам роты і камандзірам узвода. Хоць адкрытая мясцовасць увесь час прастрэльвалася ворагам, на працягу ўсяго бою падтрымліваў гэту сувязь.
КІРЭЕЎ Мікалай Фёдаравіч (1925 г. н.) — рускі, радавы, мінамётчык 265-га сп. У баі за Жабінку 21 ліпеня, працуючы зараджаючым, дакладна і хутка выконваў абавязкі. Гэтым забяспечваў зладжаную стральбу па цэлях.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: украінец Ігнацій НЕСЦЯРЭНКА (1900–1969) — палкоўнік, камандуючы 20-й стралковай дывізіі.
Яго байцы 18-21 ліпеня 1944 года вызвалілі Жабінку і наваколлі ад доўгай акупацыі.
