У юбілейным для школы-інтэрната годзе, як паведаміў дырэктар установы Аляксандр Кавальчук, дзеці вызначыліся ў шматлікіх творчых спаборніцтвах. Вось толькі невялікі калейдаскоп іх паспяховых выступленняў за апошні час.
На працягу пяці майскіх дзён у Івацэвічах ладзіўся абласны фестываль прафесійнага майстэрства сярод вучняў, студэнтаў і маладых рабочых з асаблівымі патрэбамі (“WorldSkills”).
— Нашы выпускнікі Сцяпан Сівуда і Павел Цакоўскі ўдзельнічалі ў намінацыі “Аператар ЭВМ”, — распавёў Аляксандр Андрэевіч. — Яны атрымалі сертыфікаты і памятныя падарункі, прычым Сцёпа стаў пераможцам.
Акрамя жабінкаўцаў, у гэтым мерапрыемстве ўдзельнічалі спецыяльныя школы-інтэрнаты вобласці з Пінска, Кобрына, Ганцавічаў, Антопаля і Малоткавічаў Пінскага раёна, а таксама прафесійна-тэхнічныя каледжы і ўстановы вышэйшай адукацыі: БрДУ імя Пушкіна, Палескі і Баранавіцкі ўніверсітэты. Выступоўцаў з Жабінкі падтрымлівалі настаўнікі, якія навучаюць іх прафесіі аператара ЭВМ, — Кацярына Калеснік і Сяргей Грэтчанка. У камандзе падтрымкі былі таксама дырэктар Аляксандр Кавальчук і яго намеснік па вучэбнай рабоце Людміла Леановіч.
Была арганізавана і выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. З жабінкаўскага боку вялікі ўклад у яе ўнеслі педагогі Валянціна Хітрынцава, Таццяна Кульмуратава, Алена Самасюк і Таццяна Сакалоўская. З дзецьмі пастаянна знаходзілася выхавальніца Лілія Пашко.
Крыху раней у Пінску ладзіўся адкрыты чэмпіянат Брэстчыны па шоудаўну — спецыяльнаму тэнісу для невідушчых дзяцей і дарослых. Ад інтэрната ў спаборніцтве паўдзельнічалі чатыры чалавекі. Прычым трое з іх вярнуліся дамоў з узнагародамі: пераможцай стала Кацярына Казлянка, “сярэбранае” месца — у Дзмітрыя Касілко, на трэцім выніковым радку аказаўся Максім Мельнічук. У той самы час прызёрам раённага творчага конкурсу пушкінскіх чытанняў “Сябры, цудоўны наш саюз…” у намінацыі “Мастацка-графічны конкурс плакатаў “А.С. Пушкін і яго эпоха” стаў Уладзіслаў Шаршуновіч. Юнак атрымаў дыплом ІІІ ступені.
Апошні школьны месяц прынёс поспех і Івану Рудзічу (цяпер ён ужо дзесяцікласнік). На фестывалі творчасці людзей з інваліднасцю па зроку “З песняй па жыцці!” у намінацыі “Прыз сімпатый ад гледачоў” вучань школы-інтэрната прызнаны лаўрэатам. А на конкурсе патрыятычнай песні “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”, які ладзіўся пад дывізам “Мір без вайны”, дыпломам быў узнагароджаны Аляксандр Ляшко — удзельнік студыі “Вясёлка”, якую ўзначальвае педагог Эдуард Пішчык.
Надзвычай паспяховым выдаўся гэты навучальны год і для Веранікі Анташок. Дзяўчына атрымала дыплом трэцяй ступені ў Міжнародным шматжанравым патрыятычным конкурсе “Мая Айчына”, які праводзіўся ў Растове-на-Доне. Маладая спявачка з Жабінкі была адзначана ў намінацыі “Эстрадны вакал”. Яна таксама стала дыпламантам І ступені на фестывалі-конкурсе “Арт-парад у Віцебску”. Дыплом падпісаў кіраўнік цэнтра культуры “Віцебск”, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар” Глеб Лапіцкі. Яшчэ адзін вакальны конкурс “Унісон галасоў”, які ладзіўся ў Пружанах, прынёс для Веранікі “сярэбраную” ўзнагароду. Да гэтага поспеху юную спявачку падрыхтавала Людміла Сініцкая.
І зусім “свежая” прыемная навіна: у першы летні дзень, калі сусветная супольнасць адзначала Міжнародны дзень аховы дзяцей, у гора-дзе над Бугам адбыўся фестываль “Разам мы зможам больш”. Падзяку ад Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі атрымаў творчы інклюзіўны калектыў Жабінкаўскай школы-інтэрната за модны паказ “Вясеннія фантазіі”.
Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: дзяўчынкі-ўдзельніцы моднага паказу “Вясеннія фантазіі”.
Главные новости
