Жабінка прымала гасцей з усёй рэспублікі падчас правядзення на базе раёна пасяджэння Савета РА “Белаграсэрвіс”.
Спачатку госці наведалі ААТ “Жабінкаўскі”. Дырэктар сельгасарганізацыі Міхаіл Вячорка расказаў пра фінансавы стан гаспадаркі, прадэманстраваў машынна-трактарны парк, выдатна адрамантаваныя мехмайстэрні, ангары для захоўвання тэхнікі. Генеральны дырэктар “Белаграсэрвісу” Сяргей Юркевіч высока ацаніў падрыхтоўку сельгастэхнікі да вясновых палявых работ.
Затым госці накіраваліся ў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Кіраўнік таварыства Уладзімір Дземідзюк пазнаёміў з вытворчай дзейнасцю. Удзельнікі пасяджэння мелі магчымасць мабываць у цэхах, у якіх рамантуюцца энерганасычаная тэхніка, рухавікі, паліўная апаратура, электраабсталяванне. Выклікала цікавасць у наведвальнікаў работа дылерскага цэнтра ААТ “Гомсельмаш”, ААТ “Бабруйскаграмаш”, таксама пабачылі работу механізаванага атрада, а таксама СТА па абслугоўванні даільных залаў і ўстановак раёна і вобласці. Завяршылася знаёмства з раёнам наведваннем музея меліярацыйнай тэхнікі.
Другая частка пасяджэння мела працяг у актавай зале райвыканкама, дзе былі падведзены вынікі работы арганізацый аграсэрвісу за 2020 год.
Святлана КІСЛАЯ. Фота аўтара


