Цяпер на геаграфічнай карце ўжо няма Здзітава. Пяць гадоў таму вёска стала часткай горада. Аднак на гістарычных картах і ў дакументах сівой даўніны Здзітава не знікне ніколі. Адно са старэйшых нашых паселішчаў вядзе свой адлік з 1502 года, калі ўзнікла Здзітаўская Свята-Мікіцкая царква. Таму і асаблівым для прыхаджан з’яўляецца сённяшні дзень, бо менавіта 28 верасня ў праваслаўнай царкве згадваюць з пашанай святога Мікіту.
У 1867 годзе ў Вільні пабачыла свет каштоўнае выданне — “Археаграфічны зборнік дакументаў, якія адносяцца да гісторыі Паўночна-Заходняй Расіі”. На старонках гэтай ёмістай кнігі можна знайсці дакументы, якія раскрываюць пачаткі Здзітава і Здзітаўскай царквы. А пачыналася ўсё так:
“Адным днём, ад світання да змяркання, аб’ехаў я на кані і прыняў пад сваю руку ўладанне. А той маёнтак мой Здзітавецкі месціцца з абодвух бакоў Мухаўца-ракі, на мілі чатыры з нечым упоперак ды яшчэ ўздоўж цягнецца над Мухаўцом на мілі чатыры”.
Менавіта гэтыя радкі, пакінутыя рукой шляхціца Івана Мікітавіча ГУРЫНА-ЗДЗІТАВЕЦКАГА зімой 1502 года, адкрываюць пісьмовую гісторыю Здзітава.
Здаўна людзі абралі для жыцця гэтыя дзівосныя мясціны, аздобленыя з часам іх працавітымі рукамі. Блакіт неба тут злучаецца з сінечаю вады, і коціць павольна на сустрэчу з Заходнім Бугам свае хвалі Мухавец.
Першы ўласнік гэтых вялікіх абшараў атрымаў іх дзякуючы бацьку. Мікіта ГУРЫН верай-праўдай служыў каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Аляксандру Ягайлавічу. Было памежжа стагоддзяў, час неспакойны, насычаны войнамі. Мабыць, у нейкай бітве Мікіта і склаў галаву. Але вайсковыя яго паслугі не забыліся. Кароль аддзячыў сыну вялікім надзелам, і той пабудаваў у Здзітаве царкву, названую ў гонар святога Мікіты — нябеснага абаронцы бацькі.
Амаль праз век, узімку 1596 года, Іванавы ўнукі Сямён, Нікан ды Юрко ГУРЫНЫ пацвердзілі ранейшыя падараванні і дадалі да іх новыя. На той час храм меў ужо фундушы (грашовыя ахвяраванні) ад навакольнай шляхты — Непакойчыцкіх, Шуйскіх, Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Але Здзітавецкі маёнтак неаднойчы драбніўся. Яго дзялілі, за яго змагаліся, пра тое сведчаць шматлікія крымінальныя справы, якімі поўніліся берасцейскія суды.
Знайсці дакумент 1502 года аказалася карысным не толькі для гісторыі Здзітава і Жабінкі. У ім акрэсліваюцца межы маёнтка, якія на паўночным усходзе сягалі да “надзела Маціевіцкага”. Гэткім чынам, калі раней лічылася, што вёска Маціевічы (Мацеевічы) пачынала свой адлік з 1575 года, дык адшуканы старажытны дакумент “састарыў” сённяшні аграгарадок больш чым на 70 гадоў.
Анатоль РОСТАЎ
