“Вынік работы залежыць ад умоў працы”

Прафсаюзы ва ўсіх рэгіёнах краіны аказваюць максімальнае садзейнічанне ўдзельнікам жніва, заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, наведваючы УП “Агракамбінат “Ждановічы” (Мінскі раён).
“Канчатковы вынік работы ў многім залежыць менавіта ад таго, у якіх умовах працуюць людзі. Таму асаблівую ўвагу ўдзяляем пытанням стварэння неабходных умоў для работы і выканання нормаў і правілаў аховы працы”, – сказаў Міхаіл Орда.
Напярэдадні ўборачнай кампаніі ФПБ правяла маштабны маніторынг у кожнай гаспадарцы краіны. Правяралі наяўнасць неабходнага спецадзення, арганізацыю гарачага харчавання, выкананне патрабаванняў аховы працы. У большасці гаспадарак гэтыя пытанні вырашаюцца на належным узроўні. У прыватнасці, гарачым харчаваннем забяспечаны практычна ўсе работнікі, занятыя на ўборцы. Разам з тым ёсць пэўныя пытанні з забеспячэннем спецадзеннем, стварэннем неабходных бытавых умоў, напрыклад, абсталяваннем душавых для механізатараў, дадаў Міхаіл Орда. У кожным такім выпадку прафсаюзы настойваюць на абавязковым вырашэнні гэтых праблемных момантаў.
Са свайго боку прафсаюзныя арганізацыі ва ўсіх рэгіёнах актыўна падключаюцца да вырашэння актуальных для ўдзельнікаў жніва пытанняў. Напрыклад, для сямі сельгаспрадпрыемстваў розных раёнаў Гомельскай вобласці прафсаюзы закупілі і перадалі воданагравальнікі, мікрахвалевыя печы, камплекты спецадзення.