Анатоль РОСТАЎ.
Ужо шмат гадоў у пярвічнай ветэранскай арганізацыі праваахоўных органаў Жабінкаўшчыны існуе добрая традыцыя ўшаноўваць былых сваіх саслужыўцаў з юбілейнымі датамі.
Вось і сёлета, напрыканцы чэрвеня, калі свае 70-я ўгодкі святкаваў былы супрацоўнік міліцыі Іван Качко, у ягоны гасцінны дом завіталі калегі, каб павіншаваць ветэрана з пачэсным святочным днём.
Падчас цёплай і чуллівай сустрэчы міжволі прыгадвалі падрабязнасці жыццёвага шляху, пройдзенага Іванам Фёдаравічам. Гэты шлях на працягу дзесяцігоддзяў быў шчыльна падпарадкаваны выкананню няпростых ды адказных абавязкаў па абароне Радзімы на розных участках.
Пасля армейскай службы Іван Качко ўладкаваўся на Брэсцкую мытню – ахоўваць межы роднай дзяржавы. Затым жыццёвыя абставіны зноў скіравалі яго ва Узброеныя Сілы. Упершыню прымераў афіцэрскія пагоны, далейшую службу праходзіў у Паўночным гарадку, размешчаным у Брэсце. Стаў лейтэнантам танкавых войскаў.
Наступны лагічны жыццёвы крок, які адначасова адкрыў новую старонку біяграфіі, – служба ў органах унутраных спраў. Сорак пяць гадоў таму Іван Фёдаравіч разам з сям’ёй перабраўся на жыхарства ў Жабінку.
Чвэрць веку адпрацаваў у райаддзеле міліцыі. Сведчаннем выдатнай службы сталі шматлікія ўзнагароды, якія атрымліваў Іван Качко. Справа ягоных рук неаднойчы была высока ацэнена і на абласным, і на мясцовым узроўнях. За сумленнае і надзейнае выкананне сваіх абавязкаў Іван Качко неаднаразова станавіўся пераможцам спаборніцтва сярод участковых інспектараў Брэстчыны. Людзі старэйшага пакалення дасюль добрым словам згадваюць Івана Фёдаравіча, падкрэсліваюць такія рысы ягонага характару, як добразычлівасць і гатоўнасць заўжды прыйсці на дапамогу. Ад дзейнасці праваахоўніка і ўдзень, і ў начную пару насамрэч залежалі спакой ды парадак на жабінкаўскіх вуліцах. За час сваёй пачэснай службы юбіляр прайшоў дарогаю ад участковага інспектара міліцыі да старшага інспектара аддзялення прафілактыкі АУС райвыканкама. У агульнай справе, якую выконваюць людзі ў пагонах, ёсць і яго важкі ўнёсак, прынамсі, у барацьбе са злачыннасцю, умацаванні правапарадку, абароне законных правоў ды інтарэсаў грамадзян.
Пра ўсё гэта згадвалі старшыня ветэранскай арганізацыі, што аб’ядноўвае былых супрацоўнікаў унутраных спраў раёна, Юрый Карпінчык і намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Яўген Самускевіч, якія завіталі ў госці да юбіляра, каб выказаць яму шчырыя віншавальныя словы ад імя калег-саслужыўцаў.
Са свайго боку, Іван Фёдаравіч сардэчна падзякаваў за клопат і дапамогу не толькі сённяшняму начальніку аддзела ўнутраных спраў Андрэю Лагоце ды ўсяму асабістаму саставу жабінкаўскай міліцыі, але і колішнім сваім саслужыўцам, асабліва Мікалаю Дзям’янавічу Шубскаму, які доўгі час (ажно да мінулага года) быў на чале ветэранскай арганізацыі. І на сваёй пасадзе праяўляў клопат аб ветэранах, абараняючы іх правы ў час вырашэння розных сацыяльных пытанняў.
