Святлана БЯЛЯК.
Фота Іны МАРТЫНЮК.
Мінулы тыдзень запомніўся школьнікам доўгачаканымі вясеннімі канікуламі. А чым заняцца дзецям, пакуль бацькі на працы? Студыя развіцця “Час перамен”, што ў Доме культуры цукровага завода, прапанавала малодшым школьнікам цікавую праграму. Сюрпрызы чакалі хлопчыкаў і дзяўчынак кожны дзень! Напрыклад, у паня-
дзелак у студыі праводзіўся майстар-клас “Бранзалет і фотарамка з фаамірану”. У аўторак гарэзы малявалі вясёлых і яркіх туканаў. У сераду іх чакала эканамічная гульня “Шлях да поспеху”. На наступны дзень дзеці стваралі сваімі рукамі вясёлых пушысцікаў-зверанят з пампончыкаў. У пятніцу падводзіліся вынікі конкурсу фотаздымкаў “Мой хатні любімец”, што доўжыўся на працягу тыдня. Журы адзначыла, што ў Жабінцы вельмі шмат сімпатычных хатніх жывёл, а прызы атрымалі гаспадары ката Сёмы, сабакі Чэлсі і папугая Грышы.
У суботу хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў пірацкім квэсце “У пошуках скарбу”. Каб знайсці сапраўдны пірацкі сундук з грашыма і падарункамі, дзеці, здаецца, зазірнулі ва ўсе патаемныя мясціны цукразаводскага Дома культуры: шукалі ключ, выконвалі заданні ў камандзе, праходзілі лабірынт і многае іншае.
Завяршыўся тыдзень канікулаў у студыі “Час перамен” крэатыўным правапаўшарным маляваннем для старэйшых школьнікаў.
