Розных юбілеяў напрыдумлялі людзі: ёсць паркалёвы і папяровы, срэбны і брыльянтавы, гранітны ды аксамітны, але, мабыць, самы папулярны – залаты. Вось і рэстаран у Жабінцы гэтым летам можа ў поўнай меры адзначаць свой “вясёлкавы” залаты юбілей.
Першым дырэктарам “Вясёлкі”, якая запрацавала ўлетку 1970 года, стала Ганна Шумко. Знешне цагляны будынак на вуліцы Кірава аздабляла беларуская сімволіка, унутры мелася драўляная піраміда з нішамі для гаршкоў з кветкамі. Рэстаран і банкетная зала, як і зараз, месціліся на другім паверсе, мелі 105 месцаў, яшчэ два дзясяткі былі на верандзе. У райспажыўтаварыстве загадзя паклапаціліся пра кадры для новага аб’екта грамадскага харчавання. Таму шэсць афіцыянтак прайшлі падрыхтоўку на паўгадовых курсах у брэсцім рэстаране “Буг” і ў школе афіцыянтаў у Мінску.
На першым паверсе “Вясёлкі” знаходзіліся кафэ і “Кулінарыя”, да восені 1970-га збоку дабудавалі яшчэ піўны бар. Апрача гэтага, дзейнічалі мясны, гароднінны і кандытарскі цэхі. У выхадныя дні ў рэстаране іграў эстрадны аркестр.
Аднак стары здымак, які вы бачыце, адносіцца да пазнейшага часу. На картачцы не пазначаны дзень і год падзеі, але, як нярэдка бывае з фотадакументамі, яны могуць сведчыць самі за сябе. Паспрабуем датаваць фота, карыстаючыся тым, што бачым на ўласныя вочы.
Вялікі натоўп, які трапіў у аб’ектыў камеры, рухаецца да цэнтральнай плошчы, дзе хутка адбудзецца ўрачыстасць з нагоды чарговай гадавіны Першамая. Але які год на двары? Высветліць гэта дазваляюць партрэты членаў Палітбюро ЦК КПСС, якія нясуць дэманстранты.
Спачатку звернем увагу на сярэдні. На ім, калі пазнаеце, будучы прэзідэнт Азербайджана Гейдар Аліеў. На яго пінжаку дзве зоркі Героя Сацыялістычнай Працы. Прычым, другую Гейдар Аліевіч атрымаў да свайго 60-годдзя 7 мая 1983 года. Таму раней гэтай даты партрэт кіраўніка Азербайджана з’явіцца не мог.
Наступная важная падказка – партрэт, які нясуць ззаду. На ім нельга разгледзець асобу, але высветліць, чый твар закрывае палотнішча сцяга Беларускай ССР, даволі проста. Бачна, што гэта ваенны, апрануты ў маршальскі кіцель. Толькі аднаго члена Палітбюро афіцыйна фатаграфавалі ў параднай вайсковай форме. І гэта быў Міністр абароны СССР. У 80-я кіраўнікамі ваеннага ведамства былі паслядоўна тры чалавекі – усе Маршалы Савецкага Саюза: Дзмітрый Усцінаў, Сяргей Сакалоў і Дзмітрый Язаў. Аднак толькі адзін з іх – Дзмітрый Фёдаравіч Усцінаў – быў членам Палітбюро і тройчы героем. І самае галоўнае для нашага датавання – маршал Усцінаў памёр у самым канцы 1984-га. Пагэтаму фатограф мог зрабіць свой здымак каля “Вясёлкі” толькі 1 мая 1984 года.
Жабінкаўцы, якія ў той дзень ішлі ў калонах, канечне, не маглі ведаць слоў “пандус” ці “смартфон”. А дзяўчына, якая выпадкова патрапіла на сучасны здымак, хутчэй за ўсё, мала што знае пра савецкіх маршалаў, герояў ды першамайскія дэманстрацыі. Хоць у яе руках – сапраўды чароўная рэч, якая дазваляе ў імгненне вока з дапамогай інтэрнэту перанесціся ў розныя эпохі – ад дыназаўраў да нашых дзён.
Анатоль БЕНЗЯРУК
