“Вясны ў душы, кахання і цяпла!”

Такія пажаданні чуліся ў ГДК 7 сакавіка, дзе ладзіўся канцэрт, прысвечаны самаму чароўнаму вясноваму святу Дню жанчын. Праграма была багатая і песнямі, і танцамі. А вядучыя на працягу ўсёй урачыстасці адорвалі прыгожую палову чалавецтва кранальнымі вершаванымі радкамі і цёплымі віншаваннямі.

– О жанчыны, імя вам – дасканаласць! Вы любімыя, цудоўныя, вясёлыя, разумныя, ласкавыя, мілыя, загадкавыя, пяшчотныя, прывабныя – самыя лепшыя ў свеце! – сыпалі кампліментамі вядучыя Ілья Учаеў і Яна Макасюк. – Са святам вас! Вясны ў душы, кахання і цяпла!

Да гэтых пажаданняў далучыўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Кузьміч. Андрэй Мікалаевіч заўважыў, што 8 Сакавіка – гэта сімвал глыбокай павагі да жанчын, шанавання матуль, прызнання велізарнай ролі ў грамадстве ўсіх прадстаўніц чароўнага полу.

– Кожная жанчына – захавальніца сямейнага агменю, стваральніца надзейнага тылу, асоба, спецыяліст, гаспадыня… Сёння нельга ўявіць без жаночага ўдзелу ні адну сферу нашага жыцця. Жанчыны ўмеюць суперажываць і натхняць, лячыць і будаваць, танцаваць і спяваць, – сказаў кіраўнік раёна.

Ён падкрэсліў, што ўсебаковая падтрымка жанчыны-працаўніцы, жанчыны-маці была і застаецца асновай сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. А затым Андрэй Мікалаевіч выканаў прыемную місію: уручыў высокую ўзнагароду краіны – ордэн Маці – Вользе Андрасюк, якая разам з мужам Яўгенам выхоўвае пяцярых дзяцей.

Вядучыя аб’явілі: адпаведны Указ Прэзідэнта Беларусі быў падпісаны 24 лютага, і падкрэслілі, што Вольга Мікалаеўна, безумоўна, заслужана атрымала ордэн Маці. Маладыя бацькі Андрасюкі актыўна ўдзельнічаюць у навучанні і выхаванні сваіх трох сыночкаў і дзвюх дачушак, на ўласным прыкладзе вучаць іх клапаціцца адзін пра аднаго, весці здаровы лад жыцця. У гэтай дружнай шматдзетнай сям’і цікава арганізуюцца агульныя святы, шануюцца продкі і нацыянальныя традыцыі. Летась Андрасюкі годна прадставілі Жабінкаўшчыну на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Сям’я года».

Канцэртную праграму прадоўжылі музычныя віншаванні. Маленькія і дарослыя артысты дарылі прадстаўніцам чароўнага полу свае нумары, а тыя шчодра дзякавалі апладысментамі. Любімымі мелодыямі з кінафільмаў «Службовы раман», «Дзяўчаты», «Каханне і галубы» парадаваў жабінкаўчанак народны аркестр народных інструментаў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Да глыбіні душы кранулі выступленні Златы Лукашэвіч з песняй «Лебядзіная вернасць» і Галіны Міцковіч з кампазіцыяй «Адзіны». У пары з жабінкаўскім «салаўём» Валерыем Няменьшым Галіна Міцковіч выканала песню «А я па полюшку».

Адразу некалькі цудоўных нумароў былі прысвечаны самаму дарагому чалавеку на Зямлі – матулі. Юныя вакалісткі-“стракозы”, танцоркі-“непаседы”, спявачкі студыі “Золак” і дзіцячай школы мастацтваў падарылі ўсім мамам і бабулям кранальныя выступленні. Як заўсёды, выклікаў захапленне ўзорны ансамбль народнага танца «Каруначкі», які ўжо чатыры дзясяткі гадоў радуе гледачоў і праслаўляе родную Жабінкаўшчыну. У горад-спадарожнік на свята ў ГДК завіталі і “калегі” нашых “Каруначак” – узорны ансамбль народнага танца “Праменьчык”, які існуе пры Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада над Бугам.

Захавальніцам сямейнага агменю, “камсамолкам, спартсменкам і проста прыгажуням” прысвяцілі свае выступленні шыкоўныя мужчыны – Валерый Няменьшы і Сяргей Аксюта. На працягу ўсёй канцэртнай праграмы гучалі прызнанні ў любові і каханні, якія ідуць поруч з верай і надзеяй. Жанчыны лавілі гэтыя ласкавыя словы і адказвалі мілымі шчырымі ўсмешкамі, ад якіх святлела ў зале. Таму і пасля фінальнай кампазіцыі, якую аздобілі хлапушкамі і паветранымі шарамі, разыходзіцца не хацелася. Жанчыны абдымаліся, віншаваліся, фатаграфаваліся.

Наталля ВАЛОШКА

Фота Кацярыны ЯКУБЁНАК

P.S. Акрамя святочнага канцэрта, напярэдадні 8 Сакавіка жабінкаўскія жанчыны атрымалі віншаванні і падарункі ад сваіх прафсаюзных арганізацый, якія ніколі не стаяць убаку ад добрых спраў.