Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.
Сёлета надвор’е не перастае здзіўляць. Яно, нібы капрызная паненка, змяняе свой настрой па некалькі разоў на дзень: то шчодра дзеліцца гарачымі промнямі сонца, то ў наступную хвіліну пралівае на зямлю ліўні слёз і злосна зіхаціць маланкамі. У гармоніі з надвор’ем жыве ўся прырода. А таму няма нічога дзіўнага ў тым, напрыклад, што на агародах расце гіганцкая гародніна. Але Уладзіміру Гапанюку з Жабінкі прырода паднесла асаблівы сюрпрыз.
Гэты цуд заўважылі дзеці Уладзіміра і Валянціны Гапанюкоў. У іх двары ўжо шосты год расце невялікая красуня-яблынька. Да гэтага часу на ёй ужо наліліся вялікія сакавітыя плады з чырванаватымі бакамі. Хутка і ўраджай можна збіраць… А на суседняй галінцы з зялёных лісточкаў сарамліва выглянуў букецік белых кветак. Аказваецца, яблыня зацвіла!
Такое дзіва сям’я Гапанюкоў назірае ўпершыню. Уладзімір Міхайлавіч успамінае, што ў жніўні пры добрым надвор’і часам пачынаюць квітнець бэз і каштан. Але ён упершыню бачыць такі цуд на яблыні. Уладзімір Гапанюк упэўнены, што гэта вынік выбрыкаў надвор’я. Сёлета лета наступіла рана, дый дажджоў хапала. Вось дрэўца і вырашыла, што нельга траціць такую ўдалую магчымасць.
Дарэчы, наўрад ці нехта не заўважыў, які выдатны сёлета ўраджай яблыкаў. Вось і ў садзе Уладзіміра і Валянціны галінкі ломяцца ад шматлікіх пладоў. Асабліва сям’і падабаецца беларускі гатунак “Заслаўскі”. Зрэшты, любяць яны і экзотыку. Прама ў цэнтры агарода ганарліва свеціць зялёна-паласатым бокам велізарны кавун. Яшчэ адно дзіва на беларускай зямлі!
