Здаецца, зімы не было наогул: ні табе снежных завеяў, ні маразоў. Поры года нібы нешта пераблыталі: пад Новы год пупышкі на галінах набрынялі, кветкі распусціліся. Яшчэ толькі сакавік, а на ўзараных плошчах ужо гудуць сеялкі, шпарка снуюць палявымі дарогамі да іх гружаныя насеннем аўтамабілі. А як інакш? Вясна прыйшла — сяўбе дарогу!
У ААТ “Ракітніца” таксама не спяць у шапку — глебы тут пясчаныя, вільгаць не трымаюць, таму з вясновай сяўбой трэба спяшацца. Галоўны сейбіт тут — Уладзімір Харунжы. Ён, бадай, кожны лапік ракітніцкай зямлі вывучыў як свае пяць пальцаў. І не дзіва: сёлета спаўняецца акурат чатыры дзясяткі гадоў, як рупіцца ў гэтай гаспадарцы.
— Калі восеньскія і вясновыя разам скласці, то ўжо 30 сезонаў адсеяў, — кажа падчас кароценькага перапынку для фатаграфавання Уладзімір Іванавіч. — Ой, колькі іх было: і мокрых, і сухіх, і з сонейкам раніцай, і са снегам увечары, і з паломкамі, і з ідэальнымі “прагонкамі” — усяляк выпадала. Мне нярэдка кажуць: кінь дурное, хопіць у кабіне трэсціся ад цямна да цямна, з вясны да восені, здароўе не купіш. А я ўжо і не магу без майго поля, такога рознага ў поры года і такога роднага. Прыкіпеў душою да яго. Маладым гэтага не зразумець. Але хопіць языком малоць — працаваць трэба.
Уладзімір Іванавіч махнуў рукою, лоўка заскочыў у кабіну, і праз колькі хвілін чарговая “загонка” роўнымі радочкамі зачарнела на ворыве.
— Такія працаўнікі, як Харунжы, зараз на вагу золата, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Герасевіч. — Ён ніколі не падвядзе. Трэба — значыць трэба. Сумленне — галоўная рыса яго характару, кепска сеяць ён проста не ўмее. Таму і на палях усходы роўныя, дружныя, і на ўскраінах таксама любата. Большасць нашых палёў расцягнуліся ўздоўж аўтамагістралі, таму відаць усе агрэхі. Толькі нам сорамна не бывае: там, дзе пашчыраваў Уладзімір Іванавіч, абы-як быць не можа. Дарэчы, выдатна сее яшчэ і Уладзімір Здзярук. Яны — нашы перадавікі.
Аграном расказаў, што гаспадарка вельмі задаволена нядаўняй пакупкай — сеялкай “Хорш-Пронта” нямецкай вытворчасці, якую кіраўнік гаспадаркі Рыгор Панасюк “нагледзеў” на выставе “БелАгра”. Канструкцыя бункераў і прыстасаванняў дазваляе не толькі ўносіць у глебу насенне, але і лакальна — мінеральныя ўгнаенні. За дзень можна лёгка да 50 гектараў засеяць. Пакуль займаюцца травамі (па плане — 300 гектараў), а потым, у другой палове тыдня, пачнецца сяўба зерневых і зернебабовых — пад іх адведзена 860 гектараў. У гэтым годзе на 40 гектараў менш запланавана пасеяць цукровых буракоў, затое на 20 га павялічыцца плошча пад “каралевай палёў”. Новы гібрыд кукурузы “Амбразіньё” сёлета паспрабуе здзівіць ракітчукоў сваёй ураджайнасцю.
— Я ў гаспадарцы ўжо трэці год працую, студэнтам практыку тут праходзіў, аднак не памятаю, каб так рана сеяць пачыналі, — кажа Аляксандр Віктаравіч. — А інакш нельга: глеба высыхае хутка. Думаю, у адведзеныя тэрміны ўкладземся, калі не будзе пазаштатных сітуацый. Паліва хапае, насення таксама, яго, дарэчы, самі нарыхтоўвалі. Усе работнікі забяспечаны спецвопраткай. Каб не адрывацца надоўга ад дзейнасці, яны могуць падсілкавацца прама ў полі: як заўсёды, абеды рыхтуюць у мясцовай сталовай. Працуем з задавальненнем. І я, і механізатары настроены аптымістычна.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара
На здымку: механізатар ААТ “Ракітніца” Уладзімір ХАРУНЖЫ і галоўны аграном Аляксандр ГЕРАСЕВІЧ.
Главные новости
