Вялікая пашана вам, ветэраны!

У гэтыя майскія дні, калі святкуецца 76-годдзе Вялікай Перамогі, школьнікі наведалі тых, каму давялося са зброяй у руках адваёўваць мірнае неба, бачыць пакуты родных і блізкіх, чуць выбухі снарадаў і пошчакі куль. Цёплыя словы віншаванняў з пераможным маем так патрэбны нашым вызваліцелям! А іх шэрагі, на жаль, з кожным месяцам усё радзеюць…
Да гэтай місіі далучыліся таксама прадстаўнікі ўлады. Так, старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк пабываў у дамах ветэранаў Аляксея Філімонавіча Гумянкі з аграгарадка Азяты, Івана Аляксандравіча Алексіевіча са Старога Сяла, Яраса Пятровіча Казачэнкі. Кветкі, падарункі ад райвыканкама і ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, шчырыя словы ўдзячнасці і вершаваныя радкі сведкам ваеннага ліхалецця адрасавалі Анатоль Шалтанюк, старшыня Азяцкага сельвыканкама Ларыса Харс, кіраўнік спраў Алена Мароз, настаўнікі і вучні пачатковых класаў Старасельскай сярэдняй школы.
Жыхар Азятаў Ярас Пятровіч Казачэнка быў вельмі рады гасцям. Акурат у гэты дзень ён святкаваў сваё 94-ы дзень нараджэння. Яго дочкі ўвіхаліся на падворку і запрасілі гасцей у хату. На жаль, здароўе падводзіць ветэрана, таму некаторыя падзеі з бацькавай ваеннай біяграфіі расказалі дочкі.
Яго, 18-гадовага хлопца, восенню 1944-га накіравалі пасля курса маладога байца на Кёнігсберг. У адным з баёў на подступах да горада загінулі пад моцным артабстрэлам амаль усе байцы з ягонай часці. Ярас Пятровіч разам з уцалелымі абясшкоджваў палі ад мін. Маладыя сапёры вестку аб вызваленні сустрэлі тут, на мінным полі. Радаваліся, смяяліся і плакалі ад такой доўгачаканай навіны. Можна было б рушыць дадому, толькі радавога Казачэнку накіравалі ўдзельнічаць у савецка-японскай вайне. Вярнуцца на радзіму давялося толькі ў 1951 годзе. Працаваў у калгасе “Нараўлянскі”, разам з жонкай Алімпіядай нарадзілі і выхавалі траіх дачок. На жабінкаўскую зямлю пераехалі з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Цяпер дочкі даглядаюць бацьку, частыя госці ў хаце ўнукі і праўнукі Ванечка і Арцём. Усе яны спадзяюцца, што дзядуля сустрэне 80-ю гадавіну Перамогі.
Вітаў гасцей з раёна ў сваім двары і азятчук Аляксей Філімонавіч Гумянка, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён расчуліўся ад пачутых слоў віншаванняў і песень, якія праспявалі яму вучні Старасельскай школы.
***
Напярэдадні 9 Мая ў хаце Веры Аляксандраўны Гарошка са Свішчоў сабраліся госці, каб павіншаваць са святам — 76-мі ўгодкамі Перамогі над фашысцкай Германіяй. Першым павіншаваў жанчыну кіраўнік раёна Віталь Кулак. Ён заўважыў, што ў Вялікай Перамозе ёсць і яе заслуга — подзвіг, здзейснены на франтах Вялікай Айчыннай вайны ў 1944-1945 гадах.
— Прыміце ў знак пашаны падарунак і кветкі ад раённага выканаўчага камітэта. Няхай здароўе вас не падводзіць, дзяліцеся ўспамінамі і радуйце сваёй прысутнасцю дзяцей, унукаў і праўнукаў! — пажадаў Віталь Кулак.
Далучыліся да цёплых вінша-ванняў і ўручылі падарункі таксама кіраўнік ААТ “Вазнясенскі” Надзея Кандрацюк і дырэктар Крыўлянскай сярэдняй школы Аляксандр Казюра. Старшакласнікі прачыталі вершы, а салісты гарадскога Дома культуры цэнтралізаванай клубнай сістэмы выканалі песні “Смуглянка” і “Кацюша”.
Расчуленая бабуля ў сваю чаргу пажадала гасцям дажыць да яе гадоў, мець моцнае здароўе, не зведаць таго, што ёй давялося перажыць у маладосці.
Віншаванні ад гасцей з раёна прымалі таксама ветэраны Арсеній Васільевіч Жук з аграгарадка Вялікія Якаўчыцы і Казімір Іосіфавіч Церпілоўскі з Лясотаў. Арсеній Васільевіч, якому ў снежні споўнілася 93, змагаўся супраць акупантаў у шэрагах народных мсціўцаў, што аб’ядналіся ў атрад імя Чапаева. А Казімір Церпілоўскі — найстарэйшы ветэран — адзначыў свой 98-ы дзень нараджэння. Няхай святочны пінжак, які ўпрыгожваюць баявыя ўзнагароды (медалі “За Варшаву. 1939-1945”, “За Одру, Нісу, Балтыку”, “Грунвальд — Берлін. 1410-1945”, ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені), Казімір Іосіфавіч зможа яшчэ не раз апрануць, каб прайсціся па роднай вёсцы, якую некалі вызваляў ад фашысцкай навалы. Хочацца, каб нашы ветэраны, шэрагі якіх з кожным годам радзеюць, былі з намі яшчэ доўга-доўга!
Святлана БЯЛЯК
Фота аўтара