Вялікага шчасця – маленькім людзям

Вось і дайшоў 2023 год да свайго “экватара”. Мабыць, час крыху сказаць пра самых маленькіх жабінкаўцаў ды іх бацькоў, што радуюцца сваім дзеткам-сонейкам, якія сёлета завіталі на белы свет.

Як вядома, красамоўней за словы нярэдка бываюць лічбы. А яны сведчаць, што сярэдні ўзрост матуль на Жабінкаўшчыне склаў 28 гадоў, татаў – 31. Прычым, найстарэйшаму мужчыне, які стаў бацькам, споўнілася 47 гадоў, а самай узроставай жанчыне, што спазнала шчасце мацярынства, – 38.

У Жабінцы і раёне нямала шматдзетных сем’яў, аднак далёка не ў кожнай “расшыфроўваюць” слова “сям’я” як “7Я”, што значыць: тата + мама ды іх пяць крывіначак. Гэтую арыфметыку дакладна з 2023-га ўпадабалі тры нашыя сям’і. Пятае дзіця – маленькая Ева Стрэчань – цяпер радуе ўсмешкамі сваіх бацькоў Аляксандра і Аляксандру, якія жывуць у вёсцы Шпіталі. Сын Раман Дэйкун з’явіўся ў жыхароў горада-спадарожніка Ігара і Таццяны. Пятае па ліку маленькае шчасце з незвычайным імем Даміра Новік нарадзілася і ў сям’і Васіля ды Алены з аграгарадка Ленінскі.

Дарэчы, наконт рэдкіх імёнаў. Акрамя згаданай дзяўчынкі, з’явіліся ў нас сёлета Адэль і Адэліна, Агнія і Аглая. Урэшце рэшт не зусім важна, як дзіця назваць, галоўнае, каб бацькі шчасце для яго не забыліся прыдбаць.

Тым больш, што мода на імёны вельмі зменлівая. Хто яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў мог бы падумаць, што стануць рэдкімі імёны Леанід, Цімур або Павел. А між тым, зараз яны апынуліся ў ліку рэдкіх сярод нованароджаных хлопчыкаў, прынамсі, на Жабінкаўшчыне.

А вось у лідары сярод імёнаў, якія выбіралі для сваіх дзяцей бацькі, сёлета выйшлі Ева і Мацвей.

Першы летні месяц, вядома, пачынаўся з цудоўнага свята – Дня абароны дзяцей. У кожнай мамы і ў кожнага таты ён быў асаблівы, але ёсць сем’і, дзе згаданы дзень найбольш урачысты, бо менавіта 1 чэрвеня ў іх нарадзіліся “святочныя” дзеці. З гэтай нагоды ў Дзень абароны дзяцей загс і раённая газета выказвалі асобныя віншаванні трохгадовай Веры Журомскай і Мішу Вараб’ю, якому ў першы дзень цудоўнага лета споўніўся першы годзік.

Няхай жывуць у міры, шчасці, радасці маленькія жыхары на вялікай планеце!

Галіна АКСЮЦІК, загадчык аддзела загс Жабінкаўскага райвыканкама; Анатоль БЕНЗЯРУК