Гэты артыкул павінен быў з’явіцца крыху пазней – да юбілею слыннага палкаводца: у сваіх аўтабіяграфіях маршал згадваў, што нарадзіўся 21 снежня 1896 года ў польскай сталіцы. Хоць часам, так бы мовіць, “блытаўся ў паказаннях”, калі сцвярджаў, што прыйшоў на свет на два гады раней у… Вялікіх Луках (а гэта ўжо Расія!). Пытанне пра час і месца нараджэння Ракасоўскага заставалася адкрытым да 2021 года.
І вось сёлета адбылася сапраўдная сенсацыя, пра якую распавялі на сваім афіцыйным сайце супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Справа разгортвалася наступным чынам. Уладзімір АБРАМЧУК з Івацэвіцкага раёна шукаў у архіве вытокі ўласнага радаводу і раптам у метрычнай кнізе Целяханскай Свята-Траецкай царквы яму патрапіў запіс пра нараджэнне і хрышчэнне Канстанціна, сына каталіка Ксаверыя Юзафа Ракасоўскага і праваслаўнай Антаніны Аўсянікавай. Тое, што ў грамадзянскую вайну, калі Чырвоная Армія змагалася з белапалякамі, Канстанцін Ксавер’евіч змяніў імя па бацьку, каб надта не кідалася ў вочы яго шляхецкае польскае паходжанне, было вядома і раней. Тое, што яго маці-беларуска паходзіла з Целяханаў, таксама. А вось тое, што і сам знакаміты вайсковы дзеяч ХХ стагоддзя паходзіў з беларускай зямлі, – стала вялікім адкрыццем. Яшчэ больш уражвае дата нараджэння: 3(15) верасня 1889 года. Гэткім чынам, будучы Маршал Савецкага Саюза і Маршал Польшчы Канстанцін Канстанцінавіч РАКАСОЎСКІ [1889–1968] прыйшоў на свет раней на пяць-сем гадоў, чым сам лічыў. А мо зноў “блытаў сляды” ў няпростыя часы?..
Прозвішча Ракасоўскі можна перакласці, як Бунтарскі (ад слова “рокаш” – “бунт, паўстанне”). І Канстанцін Канстанцінавіч не раз яго апраўдваў. Ён быў адным з нямногіх, хто асмельваўся пярэчыць самому Сталіну. І нават прайшоўшы праз лагер, усё роўна не зламаўся. У выніку Вярхоўны галоўнакамандуючы называў Ракасоўскага выключна па імені і па бацьку. Такога звароту ад Сталіна ўдастойваўся яшчэ толькі маршал Шапашнікаў.
У поўнай меры палкаводчы талент Ракасоўскага выявіўся летам 1944 года пры вызваленні Беларусі. Аперацыя “Баграціён”, распрацаваная Ракасоўскім, Васілеўскім і Жукавым, пачалася 22 чэрвеня – роўна праз тры гады пасля нямецкага ўварвання. І ўжо праз тыдзень Ракасоўскаму была ўручана брыльянтавая зорка Маршала Савецкага Саюза, а 30 ліпеня, пасля вызвалення Брэста, – і першая Зорка Героя. Нарэшце, у сорак пятым Канстанцін Канстанцінавіч атрымаў ордэн “Перамога” пад № 6 і стаў двойчы Героем Савецкага Саюза. Дадамо, што Ракасоўскі сем разоў станавіўся кавалерам ордэна Леніна і шэсць – ордэна Чырвонага Сцяга. І гэта далёка не вычарпальны спіс яго ўзнагарод.
Канстанцін Ракасоўскі ў 1949 годзе стаў таксама міністрам абароны Польскай Народнай Рэспублікі і Маршалам Польшчы – адзіным у гісторыі СССР маршалам дзвюх краін. На сённяшні дзень ён з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам расійскіх гарадоў Вялікія Лукі і Курск, польскай Лягніцы і беларускага Гомеля.
Канечне, вельмі важны факт, што адзін з маршалаў Перамогі, які кіраваў вызваленнем Беларусі і знакамітым Парадам Перамогі Краснай плошчы, нарадзіўся на нашай зямлі і меў беларускія карані.
Таму ў многіх населеных пунктах ёсць вуліцы ў яго гонар. Не стала выключэннем і Жабінка. У яе цэнтральнай частцы на трыста метраў з пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя працягнулася вуліца Ракасоўскага. Зусім недалёка ад яе месціцца вуліца 67-га Палка, які вызваляў Жабінку ў складзе І-га Беларускага фронту – той моцнай ударнай сілы, што вёў у бой маршал Перамогі Канстанцін Ракасоўскі.
Анатоль РОСТАЎ
