Вуліца КОЛАСА, або Пан Якуб дапаможа!

Сёлета Беларусь адзначыла 140-я ўгодкі аднаго з самых выбітных сваіх літаратурных класікаў. Імя Коласа вядома кожнаму яшчэ са школьнай пары, а яго “Новую зямлю” дасюль згадваюць як сапраўдную паэтычную энцыклапедыю сялянскага жыцця. Творы народнага паэта гучаць не толькі па-беларуску — яны перакладзены на сорак моў свету.

Вядома, і ў тапаніміцы Коласава імя даўно знайшло сваё ўвасабленне. На сённяшні дзень больш чым у сотні населеных пунктаў Беларусі ёсць плошчы і скверы, вуліцы ды завулкі, прысвечаныя таму, хто нараўне з Янкам Купалам стаяў ля вытокаў роднай мовы і літаратуры.
Што надзвычай прыемна, жабінкаўцы двойчы ўславілі Якуба Коласа, калі да яго стагоддзя назвалі ў гонар пісьменніка не толькі вуліцу, але й завулак, размешчаныя на поўначы горада, у колішніх Мышчыцах, як гаворыцца, у крокавай даступнасці ад Свята-Пакроўскага храма.
Чарговы сёлетні юбілей — цудоўная нагода прыгадаць, якое творчае “жніво” займеў Якуб Колас, альбо Канстанцін Міхайлавіч МІЦКЕВІЧ [1882–1956], бо менавіта такое сапраўднае прозвішча насіў выдатны паэт і празаік, вучоны і педагог. Як толькі Канстанцін Міхайлавіч пачынаў свой шлях на творчы Алімп, было відавочна: патрэбны псеўданім! Паколькі беларускі край раней паспеў уславіць у сваіх творах непаўторны Адам Міцкевіч, і двум Міцкевічам на Парнасе дакладна будзе неяк “цеснавата”.
Костусь, як звалі яго ў сям’і, пачаў пісаць вершы яшчэ з маленства. Яго талент праявіўся рана. Мабыць, кожны беларус ведае асноўны псеўданім творцы, аднак Колас падпісваў свае творы шматлікімі літаратурнымі імёнамі. Гэта было звязана і з тым, што пачынаў сваю дзейнасць Канстанцін Міцкевіч, калі ў Беларусі беларуская мова лічылася “мужыцкай”, ствараць на ёй вершы і прозу, тым больш несці асвету, не заўжды было бяспечна.
Коласавы героі, як і сам аўтар, суправаджаюць нас усё жыццё. Хто можа забыцца, калі прачытае “Новую зямлю”, напрыклад, на яркі вобраз дзядзькі Антося? Няма сумневу, кожны атрымае асалоду ад народнага сталавання з беларускімі спрадвечнымі стравамі, апісанымі ў паэме. Нездарма падсілкавацца “па-коласаўску” можна зараз нават у сталічных рэстаранах. Або пастаяць “На ростанях” разам з Лабановічам, чый вобраз Якуб Колас ляпіў з самога сябе, успамінаючы часы, калі настаўнічаў на ганцавіцкай, лунінецкай і пінскай зямлі. Такіх герояў у творцы шмат, і кожнага можна пабачыць цяпер на плошчы ў цэнтры Мінска, дзе бронзавы пісьменнік прысеў задуменна на пастаменце ў атачэнні літаратурных персанажаў, народжаных яго натхненнем і талентам.
Уласна для мяне памятны верасень 2011 года, калі ў Ганцавічах ладзіўся чарговы Дзень беларускага пісьменства. Сярод шматлікіх святочных мерапрыемстваў мо адным з кранальных момантаў стала адкрыццё помніка народнаму паэту. Вядома, прагучала шмат віншавальных і празаічных слоў, покрыў з бюста быў урачыста зняты, стужка перарэзана. А затым каля помніка запрацавала пісьменніцкая пляцоўка, і кожны, хто падыходзіў да мікрафона, абавязкова прасіў “блаславення” ад Коласа. Адзін з паэтаў-выступоўцаў (на жаль, прозвішча з часам ужо забылася) нават “павініўся”:
— Сябры мае! Чытальнік з мяне яшчэ той… зважайце, — а потым зірнуўшы на Коласаў помнік, дадаў з усмешкай:
— Нічога, калі саб’юся, пан Якуб дапаможа!
Хочаце верце, хочаце не — не збіўся, нават атрымаў апладысменты са шчодрых далоняў! Мабыць, насамрэч Колас падтрымаў ягоны голас…
Анатоль БЕНЗЯРУК