Сярод падзей, якімі ганарыцца свет, бясспрэчным дасягненнем стаў пачатак касмічнай эры, які адбыўся 12 красавіка 1961 года. Зразумела: чалавек, якому пашчасціла першым узляцець на каляземную арбіту і пабачыць родную планету з касмічных вышынь, атрымаў вялізную славу на вякі. Учора мы ў 60-ы раз адсвяткавалі Дзень касманаўтыкі. Некалі мне давялося пабываць на Гагарынскім старце на Байкануры, сёння прагуляемся вуліцай Гагарына ў Жабінцы.
Зараз Юрый Гагарын (на здымку) належна ўслаўлены, прычым не толькі на Зямлі: яго імя носяць, напрыклад, астэроід і кратар на Месяцы, ёсць і помнік на спадарожніку Зямлі з пералікам некаторых выбітных касманаўтаў і астранаўтаў.
А што ў нас? У 222 населеных пунктах Беларусі ёсць вуліцы, названыя ў гонар касманаўта
нумар 1. Час іх узнікнення прыкладна аднолькавы — 60-я гады мінулага стагоддзя. Гэтак быў адзначаны Гагарынскі подзвіг.
Чалавек такой велічыні нара-дзіўся ў маленькай вёсцы Клушына Гжацкага раёна Смаленскай вобласці. Юрый Аляксеевіч ГАГАРЫН [1934–1968] пражыў усяго 34 гады, але сваё імя назаўсёды залатымі літарамі ўпісаў у летапіс Зямлі. У той красавіцкі дзень, калі лётчык-касманаўт Юрый Гагарын перад стартам карабля “Усход-1” прамовіў сваё знакамітае “Паехалі!”, ён стаў чалавекам-легендай. Першы касмічны палёт выклікаў вялікую цікавасць ва ўсім свеце, а сам Юрый Гагарын ператварыўся ў сусветную славутасць.
Ён узлятаў старшым лейтэнантам, а пасля 108 хвілін, здзейсніўшы віток вакол Зямлі, паспяхова прызямліўся ў Саратаўскай вобласці ўжо ў званні маёра. Роўна праз год, 12 красавіка 1962-га, дзень палёту Гагарына быў абвешчаны святам — Днём касманаўтыкі.
Гагарынская “фірменная” ўсмешка стала адной з візітовак Савецкай краіны. Адразу пасля палёту Юрый Аляксеевіч аб’ехаў каля трыццаці дзяржаў, і паўсюль яго прымалі як героя. Аднак значна больш, чым раздаваць аўтографы ды падарожнічаць па свеце, касманаўт № 1 жадаў зноў здзейсніць старт да зорак. Таму ён актыўна трэніраваўся да новага палёту, працуючы ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. Усё перарвалася 27 сакавіка 1968 года. У гэты дзень Юрый Аляксеевіч загінуў у авіякатастрофе разам з лётчыкам-інструктарам Уладзімірам Сярогіным. У сувязі з гібеллю першага касманаўта ў Савецкім Саюзе была абвешчана агульнанацыянальная жалоба. Упершыню ў гісторыі СССР гэта адбылося ў памяць пра чалавека, які не з’яўляўся кіраўніком дзяржавы.
У гонар Юрыя Гагарына быў пераназваны шэраг населеных пунктаў (уключаючы яго родны горад Гжацк і Гжацкі раён, якія цяпер завуцца горад Гагарын і Гагарынскі раён).
Вуліца Гагарына ў Жабінцы ўзнікла яшчэ пры жыцці касманаўта, пасля таго, як стаў забудоўвацца мікрараён цукровага завода. Яе працягласць складае ўсяго 272 метры. Гэта адна з найбольш кароткіх жабінкаўскіх вуліц. Шлях, які асіліў над нашай блакітнай планетай Юрый Гагарын, склаў амаль дзве гадзіны. Каб прайсціся ад пачатку да канца па вуліцы Гагарына ў Жабінцы, хопіць і хвіліны.
Анатоль РОСТАЎ
