СТАРАСТЫ: ПЕРШЫЯ Ў ВЁСЦЫ
Вольга Муха, стараста дзвюх суседніх вёсак Глыбокае і Гарэлкі, ветліва сустрэла гасцей – а імі сталі ўдзельнікі праекта “Старасты: першыя ў вёсцы” – на ганку сваёй хаты, размешчанай па вуліцы Цэнтральнай у Глыбокім. У час размовы ўсмешка амаль не знікала з вуснаў шаноўнай гаспадыні. Яна з гатоўнасцю пагадзілася расказаць пра сябе ды свае справы. Запярэчыла Вольга Мікалаеўна толькі тады, як спыталіся, ці адчувае сябе першым чалавекам на вёсцы. З яе сумленным адказам можна пазнаёміцца, калі дачытаць да канца артыкул, прысвечаны адной з найбольш даўніх і верных падпісчыц нашай раённай газеты. А зараз раскажам пра лёс жанчыны-старасты і яе глыбокую любоў да Глыбокага – найлепшага краю, які яна здаўна душою вітае.
Глыбокая любоў
З гэтай любоўю Вольга Муха жыве большасць свайго жыцця. А яно, тое жыццё, ужо шмат часу адлічыла ад бесклапотнага дзяцінства і юнацкай пары.
– Гэта ж вам не жартачкі – праз некалькі месяцаў давядзецца 65 год адзначыць, з іх сорак шэсць тут жыву, – гаворыць суразмоўніца і сама сабе задуменна пытае: – І куды тыя гадочкі сплылі? Эх, збеглі – не вернуцца…
А затым зноў хмарка хутка з ілба знікае, бо жанчына ўспамінае малую радзіму – блізкую сэрцу Століншчыну. Там, у вёсцы Угальцы, Волечка прыйшла на свет, каб радавацца яму і іншых радаваць, асабліва тату Мікалая Савачку. Мікалай Іванавіч у 1961 годзе сапраўды двойчы пабываў на сёмым небе: спачатку, калі Гагарын паляцеў да зор, а затым, як у хаце з’явілася наймалодшая, а таму ўсімі любімая дачушка. Так сталася, што Оля мела вялікую розніцу са старэйшымі братам і сястрой.
– Вось і атрымалася, як не стала бацькоў, Іван ды Валянціна замянілі мне тату з мамаю. За тое самым родным маім людзям буду век удзячнаю.
Роўна паўвека таму дзяўчына скончыла Харомскую сярэднюю школу, дзе настаўнікі ўзброілі яе моцнымі ведамі ды годнымі адзнакамі. Гэта дазволіла без аніякіх праблем паступіць ў Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум. Хацелася заставацца бліжэй да зямлі, да свойскай жывёлы, вось і вывучылася на заатэхніка.
Насустрач лёсу
Яна мела добры атэстат, таму атрымала права самастойна выбіраць, дзе пачынаць працаваць. На карце Вольга пабачыла кропку паблізу Брэста, а побач назву зусім невядомай раней Жабінкі. Назва зацікавіла ды месцазнаходжанне каля абласнога цэнтра падалося вельмі ўдалым. Вядома, тады і ўявіць дзяўчына не магла, што выбірае месца не на гады, а на ўсё жыццё. Яшчэ і сяброўцы Валянціне прапанавала далучыцца. Таму яны амаль аднагалосна прамовілі:
– Паедзем у Жабінку!
У выніку Валя стала заатэхнікам у Хмелеве, а Оля паехала ў калгас “Світанак” (цэнтральная сяліба яго размяшчалася ў Крыўлянах). Наша гераіня дасюль з удзячнасцю згадвае свайго першага кіраўніка Віктара Замкаўца, чалавека душэўнага ды справядлівага, які прыняў спагадліва новага работніка, паабяцаў ва ўсім дапамогу і стрымаў слова, паколькі быў зацікаўлены, каб тая затрымалася ў гаспадарцы пасля адпрацоўкі.
На двары буяла вясна 1980 года. А калі ліпа зацвіла, малады заатэхнік Вольга Савачка змяніла прозвішча, бо на Жабінкаўшчыне не толькі працу ў “Світанку” знайшла, але і сям’ю стварыла.
Яе выбраннік Уладзімір Муха таксама быў звязаны з сельскай гаспадаркай, працаваў механізатарам. Вось і захацелася дзяўчыне, як у песні пяецца, каб маладзён пракаціў яе на трактары. А ён прапанаваў лепшы транспарт – шыкоўны матацыкл “Ява”, на які з зайздрасцю паглядалі іншыя вясковыя хлопцы. Міжволі і Оля адчувала сябе разам з Валодзем прынцэсай. Тым больш той не забываўся на спатканні прывозіць букеты. І што прыемна: ужо сорак пяць гадоў яны разам, а кветкі Уладзімір Іванавіч і зараз ахвотна дорыць, не бывае свята без красак.
– Гэта моцна сэрца грэе і дзяўчынцы, і дзяўчыне, і нават старэнькай жанчыне, – прызнаецца Вольга Мікалаеўна і залівіста смяецца. – І паверыць цяжка, што столькі часу імгненна праляцелі. Вось ужо і вясковай старастай больш за трыццаць гадоў з’яўляюся.
Трэба апраўдваць людскі давер
У гэтым Вольга Муха заўсёды была ўпэўнена. З таго дня, як стала старастай, прычым не толькі ў Глыбокім. Жанчына яшчэ і суседнія Гарэлкі апякуе, дзе практычна не засталося тутэйшых жыхароў, аднак многія хаты выкарыстоўваюцца пад дачы, таму навасёлаў мясцовыя найчасцей называюць дачнікамі.
Пра свае абавязкі Вольга Мікалаеўна гаворыць разважліва, з бачным веданнем справы:
– Заўсёды назіраю, каб былі дагледжаны вясковыя сядзібы. Напрыклад, разам з прадстаўнікамі сельвыканкама шчыльна займаемся пустуючымі дамамі. У нашым Глыбокім іх практычна не засталося (налічваецца максімум парачка гэткіх збудаванняў). А вось у суседніх Гарэлках увогуле безгаспадарчых дамоў не засталося. Галоўным чынам гэта звязана з тым, што людзі раскупілі старыя хаты, бяруць ахвотна зямлю ў арэнду, каб вырошчваць розныя карысныя расліны – найперш ягады, а таксама зерневыя культуры, садавіну ды гародніну.
Пры гэтым з відавочным задавальненнем стараста дадае (а яна, заўважым, таксама выдатная гаспадыня, нездарма з’яўляецца сапраўдным прыкладам для аднавяскоўцаў):
– Цягнуцца, цягнуцца людочкі да зямлі, а значыцца, і працяг у вёскі будзе!
Гэта заўсёды кідаецца ў вочы падчас падамавых абыходаў, калі Вольга Мікалаеўна аглядае, як уласнікі сядзіб утрымліваюць хатнюю жыўнасць. У выпадку, калі ветэрынарная служба перадае вакцыну для свойскіх птушак, стараста раздае яе па хатах.
Увогуле, стараста жыве клопатамі суседзяў, і тыя ставяцца да яе добразычліва. Бо кожны жыхар Глыбокага ці Гарэлак, калі набірае яе тэлефонны нумар, цудоўна ведае, што будзе пачуты старастай. Вольга Муха заўсёды адгукнецца, выслухае просьбу, зразумее праблему і абавязкова пасадзейнічае ў іх вырашэнні.
Па просьбе землякоў Вольга Мікалаеўна, калі гэта патрабуецца, тэлефануе ў сельскі Савет, электрасеткі альбо іншыя арганізацыі, здольныя дапамагчы ў межах сваёй кампетэнцыі. Цяпер ёсць вялікае пажаданне ад вяскоўцаў ды сельскага Савета, каб былі прыбраны дрэвы, што перашкаджаюць жыхарам населеных пунктаў.
– А яшчэ я нярэдка адчуваю, што самае патрэбнае людзям – гэта проста паразмаўляць на надзённыя тэмы, – даверліва гаворыць вясковая стараста. – Гэта і не дзіўна, бо большасць іх, як вы часам у газеце пішаце, дасягнулі сярэбранага або нават залатога ўзросту.
З асаблівай пашанай Вольга Мікалаеўна гаворыць пра самую пажылую зямлячку – Веру Мушынскую. Стараста з пачуццём вялікай павагі адносіцца да жанчыны – жывой легенды старадаўняга сяла. І не толькі таму, што Вольга Мікалаеўна і Вера Сямёнаўна маюць прозвішчы сугучныя ды аднакарэнныя (адна – Муха, другая – Мушынская). Больш прыцягвае да бабулі Веры тое, што жанчына дажыла ажно да 97 гадоў! Цяпер, праўда, ў вёсцы яе не аказалася – старажыла забрала даглядаць у Брэст адна з пяці яе дачок.
Вольга Муха, дзякуй богу, таксама багатая на родных ёй людзей і вельмі задаволеная, што мае ў жыцці працяг.
Старэйшая дачка Алена – аналітык у айці-кампаніі, у поўнай меры сябруе з сучаснымі тэхналогіямі. Гэты занятак стаў спадчынным у Аленінай сям’і. Услед за матуляй пайшла дарогай сучасных даследаванняў і дачка Аня. Яна скончыла Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт у сталіцы, а затым і магістратуру. Цяпер працуе (маці і бабулі на радасць) на кафедры ў сваёй альма-матар.
Другая дачка Вольгі Мікалаеўны і Уладзіміра Іванавіча Ала па прафесіі швачка. Аднак галоўныя жыццёвыя карункі, якія Ала з мужам Міхаілам падаравала бацькам, – гэта тры цудоўныя ўнукі, усе хлопцы: школьнікі Максім і Данііл ды маленькі Савелій. Яны для дзеда і бабулі – добрыя памочнікі. Старэйшы Максімка нават пад наглядам Уладзіміра Іванавіча можа мотаблокам руляваць.
– Сямейная дзясятка на выхадныя і ў вялікія святы заўсёды збіраецца. Асабліва радасна бывае на нашым падворку на Раство Хрыстовае, Вялікдзень, на дні нараджэння.
Наступны значны юбілей, на які будуць чакаць дарагіх гасцей, будзе ў сям’і напрыканцы года, калі гаспадыня ўтульнага дома на вуліцы Цэнтральнай адзначыць свой цудоўны дзень нараджэння.
БЛІЦ З НАШАЙ ГЕРАІНЯЙ
– Які для вас найлепшы месяц года?
– Безумоўна – гэта сакавік. У ім нарадзіліся ажно тры мае ўнукі. Не месяц, а час суцэльных выдаткаў, трэба ж кожнаму падарункі набываць! І Максімку, які нарадзіўся 5 сакавіка, і Савелію, што прыйшоў на свет 12-га, і любімай маёй дзяўчынцы Анютцы (яна 17-га адзначае дзень “варэння”). Дзякуй богу, што на 8 Сакавіка не забываюць кветкі прынесці муж, дзеці ды ўнукі.
– Вы больш жаваранак ці сава?
– Звычайна вясковыя жыхары жывуць у такім рытме: позна кладуцца, ды рана ўстаюць. Я таксама сава: увечары стараюся зрабіць як мага больш спраў.
– А чым займаецеся ў вольную хвіліну?
– Маю шмат кніг, з імі баўлю час. Асабліва падапаецца “Узнятая цаліна” Шолахава. Люблю чытаць і вашу газету, якую выпісваю ўжо 45 гадоў.
– Што любіце гатаваць?
– Падабаецца боршч, бо ён, наварысты, смачны, усім даспадобы! Увогуле, чым ежа прасцей (без усялякіх там шыкаў) – тым яна смачней.
– Ці лічыце сябе першай на вёсцы?
– Адкажу катэгарычна: не! Тут кожны чалавек галоўны, а мне, калі пашчасціць у нечым дапамагчы, дык адчуваю сябе вельмі шчаслівай.

Анатоль БЕНЗЯРУК
Фота аўтара
