Рэпартаж віртуальны і рэальны
Сярод шматлікіх падзей, на якія багата гісторыя Жабінкі, вылучаецца дзень, калі ўпершыню да нас прыбыў цягнік. Гэта адбылося роўна 150 гадоў таму — 28 (па старым стылі — 16-га) лістапада 1871 года.
Дзякуючы архіўным дакументам ёсць унікальная магчымасць рэканструяваць падзеі таго памятнага дня, які моцна паўплываў на будучыню краю. Гэты вопыт — спроба перанесціся на паўтара стагоддзя назад на машыне або цягніку часу…
РАНЕЙ
На гадзінніку — 11.33. Час мясцовы. У гэтыя самыя хвіліны ў сталіцы Расійскай імперыі Санкт-Пецярбурзе — поўдзень. Менавіта па пецярбуржскім часе жыве чыгунка ў вялізнай імперыі ад Царства Польскага да Далёкага Усходу.
З хвіліны на хвіліну на невялічкую станцыю № 80 “Жабінка” павінен прыбыць першы цягнік. Гэта стане пачаткам руху на смаленскім адрэзку Маскоўска-Брэсцкай чыгункі — найбуйнейшай і самай значнай у імперыі.
Сярод тых, хто сустракае першы паравоз, заўважаем кобрынскага павятовага прадвадзіцеля дваранства Паўла КАНТАРАВА, які згадзіўся пагутарыць з нашым рэпарцёрам.
— Шаноўны Павел Іванавіч, дазвольце некалькі пытанняў для мясцовай прэсы. У чым вы бачыце галоўнае значэнне сённяшняй падзеі?
— Без усялякага перабольшвання яе можна лічыць гістарычнай. Не сумняваюся, што жыхары нашага павета ў хуткасці адчуюць вялікія эканамічныя выгоды, звязаныя з чыгункай.
— Наколькі дарагім стаў гэты праект?
— Агульныя затраты на будаўніцтва 1034 вёрстаў ад Масквы да Брэста склалі салідную суму — амаль 127 мільёнаў рублёў. Аднак я цалкам перакананы: ужо хутка гэтыя сродкі ў разы акупяцца. Свет мяняецца, і гэтым зменам спрыяе чыгунка, якая дапамагае перамяшчаць на вялікія адлегласці людзей і грузы.
Спяшаемся таксама перамовіцца з начальнікам станцыі Жабінка Васілём НАДТАЧАЕВЫМ.
— Паважаны Васіль Ігнатавіч, віншуем вас са значнай падзеяй, сведкамі якой мы вось-вось станем. Які лёс, на вашу думку, чакае Жабінку ў будучым?
— Мінулі ўсяго два з паловаю гады з таго дня, калі Яго Імператарская Вялікасць Аляксандр Другі ўласнаручна зацвердзіў будаўніцтва Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Гэта без перабольшвання ўскалыхнула ўсю дзяржаву. Запішыце так: разам з лакаматывамі ў палескі край імкліва рухаецца прагрэс. Упэўнены: ён закране і буйныя гарады, і такія невялікія паселішчы, як Жабінка. Не здзіўлюся, калі праз лічаныя гады вакол станцыі вырасце пасёлак, а затым і горад з такой назвай. Імклівае развіццё чыгункі дазваляе рабіць такое смелае дапушчэнне.
— Ці хутка цяпер можна будзе патрапіць з Жабінкі, напрыклад, у Брэст-Літоўск?
— Вельмі хутка. Паштовым цягніком — за 40 хвілін, а кур’ерскім нават за 34! Прычым, кошт наступны: 33, 65 або 86 капеек у залежнасці ад класа вагона.
— Дзякую, Ваша благароддзе, аднак мы павінны тэрмінова перарвацца. Каля драўлянага станцыйнага доміка заўважны нейкі рух. Радасныя крыкі сведчаць: на станцыю Жабінка ў суправаджэнні рэзкага гудка прыбывае ахутаны густой парай доўгачаканы поезд.
Віншуем, паважаныя чытачы, з гістарычным днём!
ЦЯПЕР
26 ліпеня 2021 года начальнікам чыгуначнай станцыі Жабінка прызначана Ірына МІКІЦЮК. Ёй, першай жанчыне, якая за 150-гадовую гісторыю ўзначаліла такі адказны аб’ект, — слова.
— Ірына Эдуардаўна, якія працоўны шлях у вас за плячыма?
— Пасля заканчэння ў 1989 годзе Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту давялося папрацаваць у Івацэвічах і Аранчыцах. З 2000-га мой лёс звязаны з Жабінкай, дзе прайшла шлях ад дзяжурнага па станцыі да начальніка.
— Што сабою ўяўляе зараз чыгуначная станцыя?
— Гэта станцыя 2 класа, па характары дзейнасці — грузавая, адкрытая для руху ў тры напрамкі — на Брэст, Баранавічы, Лунінец. Асноўны аб’ём працы прыпадае на выгрузку грузаў, якія прыбываюць нашым кліентам: камбікормаваму заводу, сельгастэхніцы, ДБУ-15 і, вядома, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Так, сёлета за 10 месяцаў аб’ём выгрузкі склаў 7239 вагонаў, а пагрузкі — амаль 100 тысяч тон. Штодзённа ў Жабінцы спыняюцца 30 пасажырскіх цягнікоў.
— Які калектыў пад вашым началам?
— У нас працуе 37 чалавек. Гэта сапраўды зладжаны калектыў прафесіяналаў. Многія тут шчыруюць некалькі дзясяткаў гадоў і атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Так, саставіцель паяздоў Аркадзь КАЗАКЕВІЧ уганараваны нагруднымі знакамі “За доб-расумленную працу на Беларускай чыгунцы” І, ІІ і ІІІ ступеняў і ўзнагародным знакам “Ганаровы транспартнік” Міністэрства транспарту і камунікацый. Сёлета Ганаровую грамату начальніка чыгункі атрымала дзяжурная па станцыі Ганна ВІНАГРАДАВА, падзякі аб’яўлены аператару пры дзяжурным Вользе КАЗАКЕВІЧ, саставіцелям паяздоў Ігару ФІЛІПУКУ, Уладзіміру РАСОХІНУ і Вячаславу КУЛІКУ. Ад вопытных працаўнікоў стараюцца не адставаць і маладыя — дзяжурная па станцыі Марына АНФЁРАВА, аператар пры дзяжурным Дар’я КАЛАСОЎСКАЯ. Лічу, зарука нашай паспяховасці — зладжаная праца калектыву, у якім кожны на сваім месцы.
— Дзякую, Ірына Эдуардаўна, за размову. Віншую з гістарычным днём!
Размову 150-гадовай даўніны “падслухаў” і сёння інтэрв’ю ўзяў Анатоль БЕНЗЯРУК
На здымку: станцыя Жабінка — нашыя дні: білетны касір і прафгрупорг Таццяна ГВАЙ каля знака, прысвечанага юбілейнай даце.
