У першую суботу кастрычніка гасцінная вежкаўская зямля спевамі, караваямі і выставай сельгастэхнікі сустракала на раённым свяце “Дажынкі-2020” лепшых рупліўцаў палёў і фермаў. Здаецца, нават надвор’е паспрыяла правядзенню галоўнай хлебаробскай урачыстасці — вецер разагнаў ранішні нудны дождж, і з-за аблокаў выглянула сонейка. Яго цёплыя промні выклікалі ўсмешкі і дадавалі добрага настрою ўсім гасцям!
Гаспадары таксама добра паклапаціліся, каб яно ўдалося: навялі яшчэ больш лоску. Так, напрыклад, на ўездзе ў Вежкі з’явіліся баба з дзедам ля млына, вялізная саламяная карова, калодзеж і буслянка. Побач з мехдваром “зацвіла” каваная кветніца, упрыгожаная важкім снапом, а на адной са сцен з’явілася графіці сельгасмашын. Домікі на цэнтральных вуліцах зайгралі яркімі фарбамі, а яшчэ — прыгожымі малюнкамі на балконах. Кантора цэнтральнай сядзібы “Вазнясенскага” нагадвае зараз казачны церамок. У парку адпачынку, размешчаным насупраць, для дзяцей устаноўлены забаўляльны комплекс з гушкалкамі, коўзалкай і арэлямі, а для дарослых — утульныя лавачкі з навесамі. Дарэчы, арка пры ўваходзе ў парк, дзе стаіць і мініяцюрная Эйфелева вежа з мадэллю Зямлі, упрыгожана каванай каронай з літарай “В” наверсе — глядзіцца арыгінальна! А колькі кветак наўкола! Абнавіў свой знешні выгляд таксама мясцовы магазін, стадыён ды іншыя аб’екты інфраструктуры.
Падрабязней матэрыял Святланы КІСЛАЙ чытайце на старонках газеты «СП».
Будзьце разам з намі!
Фота аўтара












