ВЕРШЫ НА ПАМЕЖЖЫ

Не зусім звычайныя сустрэчы ладзіліся 27 сакавіка ў Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групе імя Фелікса Дзяржынскага. У госці да памежнікаў у выхадны дзень завітаў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Пісьменнік, журналіст і гісторык з Жабінкі выступіў перад байцамі і іх камандзірамі па запрашэнні бібліятэкара Аляксандры КАРОЛЬ. Яна клапоціцца пра тое, каб юнакі, апранутыя ў салдацкую форму, пашыралі свой кругагляд, сябравалі ў вольную ад службы часіну з кнігай і нават спрабавалі сябе ў прыгожым пісьменстве.
На пачатку размовы Анатоль Расціслававіч выканаў прыемны абавязак: ад імя старшыні абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны ДЗЕМІДОВІЧ перадаў бібліятэцы і яе гаспадыні два зборнікі творчых работ, што перамаглі ў спаборніцтвах, арганізаваных пісьменніцкай сябрынай. Да слова, у адным з такіх конкурсаў летась паўдзельнічала і сама Аляксандра, цяпер з яе паспяховымі творчымі вопытамі кожны можа пазнаёміцца на старонках цудоўна выдадзенай кнігі.
У тую нядзелю пісьменніку з Жабінкі давялося выступіць у клубе пагранічнай групы і ў цэнтры інжынернага забеспячэння. Сустрэчы выклікалі прыкметную цікавасць, бо далёка не кожны дзень проза і вершы гучаць на памежжы.
Анатоль Бензярук чытаў не толькі свае апавяданні і казкі, але й лірычныя творы, напісаныя паэтамі-землякамі, найбольш кранула лірыка Васіля САХАРЧУКА і Расціслава БЕНЗЕРУКА.
Падчас літаратурнай вечарыны асобнае месца было адведзена Году гістарычнай памяці. Найперш размова тычылася лёсу Драмлёва — вогненнай вёскі, знішчанай 11 верасня 1942 года. Госць зачытаў некалькі ўрыўкаў з дакументальнай аповесці-эсэ “Галавасек”, напісанай ім на падставе шматлікіх дакументальных матэрыялаў і ўспамінаў сведкаў, большасць з якіх ужо, на жаль, пайшлі ў іншы свет, аднак паспелі пакінуць свае сведчанні аб трагедыі.
На развітанне памежнікі сфатаграфаваліся з госцем. Прычым, былі зроблены не толькі агульныя здымкі. Камера пакінула на памяць і фота з юнакамі, прызванымі ў памежныя войскі з Жабінкаўскага раёна. Гэта жыхар Падлесся Руслан ХОМІЧ ды браты-азятчукі Андрэй і Мікалай ЗОЗАНЫ (на здымку).
Наталля ЗАРЭЧНАЯ
Фота Аляксандры КАРОЛЬ