ВЕРЦЕ, ЛЮДЗІ, ЦЁПЛА БУДЗЕ!

Да капрызаў надвор’я мы ўжо, мабыць, прызвычаіліся, і ўсё ж першакрасавіцкі “жарт” прыроды здзівіў многіх. Маўляў, ужо і Масленіцу адсвяткавалі, і вясну павіталі, а тут нечакана снягі “рэха” зімы прыняслі.
Кажаце, нечакана? Аднак нашы камунальнікі такі прыродны сюрпрыз сустрэлі годна. Як зазначыў дырэктар ЖКГ Мікалай МАТАЛЫГА, хоць тэхніка ўжо была падрыхтавана да веснавых работ, але зрэагавалі на капрызы прыроды аператыўна.
Найбольш напружана давялося папрацаваць 2 красавіка, калі снегапад павялічыўся. Былі задзейнічаны МАЗ і тры трактары, а таксама 14 камунальнікаў з участкаў “Добраўпарадкаванне” і “Жылфонд”. Найбольш вызначыліся Мікалай ШПАК ды два Сяргеі — ЛОСЬ і КАЧАНОЎСКІ.
Прыемна адзначыць: не стаялі ўбаку і валанцёры БРСМ, якія правялі акцыю “Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям”. Маладыя прыбралі снег каля хаты пенсіянеркі Антаніны Піліпаўны ДУДЗІК, якая шчыра дзякавала валанцёрам.
Гэтак усе разам, усе дружна супрацьстаялі апошнім зімнім “жарцікам”. Сонца ўзнімаецца вышэй, хутка вясна ўступіць канчаткова ў свае ўладанні. Верце, людзі, цёпла будзе!
Антон БЕРАСТОК
Фота Святланы БЯЛЯК