Велапрабегам — па мясцінах баявой славы

У выхадны дзень хочацца адпачыць ад працоўнага тыдня. Аднак гэты час можна зрабіць карысным — адкрыць для сябе родны край. Напрыклад, сябры прафсаюза Цэнтра банкаўскіх паслуг № 102
рэгіянальнай дырэкцыі па Брэсцкай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» у ня-дзелю, 24 ліпеня, арганізавалі велапрабег па месцах баявой славы раёна.
— У Год гістарычнай памяці вельмі важна памятаць, якой высокай цаною дасталася Вялікая Перамога, каб мы, нашчадкі пераможцаў, мелі магчымасць жыць пад мірным небам, — лічыць арганізатар велапрабегу Алена СТРЫЖЭВІЧ. — Мы “ўзброіліся” веласіпедамі і добрым настроем, наведалі брацкую магілу савецкіх воінаў і партызан на вуліцы Кірава, усклалі кветкі да помніка загінулым камсамольцам на вуліцы Федзяя. Далей маршрут пралягаў да мемарыяльнага комплекса «Драмлёва».
Удзельнікі хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, каго фашысцкія нелюдзі спалілі жывымі. Выбрацца з полымя удалося толькі некалькім драмлёўцам. З руінаў і попелу вёска не адрадзілася… Цяпер у памяць аб падзеях, якія адбыліся тут на Галавасек у далёкім 1942 годзе, знаходзяцца бронзавыя фігуры трох жанчын, што застылі на пастаменце… Паўтарэння такога нельга дапусціць!
Далей маршрут завёў ўдзельніц велапрабегу на падворак раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Яны змаглі пафатаграфавацца каля драўляных скульптур, прагуляцца ў парку, які, як кажуць, пасадзіў сам генерал Тадэвуш Касцюшка, загадаць жаданне ля Тадэвушава дуба.
Стомленыя, але радасныя, поўныя новых уражанняў вярнуліся ў Жабінку.
Святлана КІСЛАЯ
Фота аўтара