Век пражыць

Век пражыць

Паэт нездарма казаў: “Паспейце са словам харошым”. Аднак у жыцці нярэдка так бывае, што часам часу не стае, каб гэта выканаць. Пра Вольгу Маркаўну Галавейка хацелася б расказаць увосень, калі ёй споўнілася б роўна сто год. Ды зараз, на жаль, ужо зразумела: для добрых слоў не трэба нам чакаць ніякіх круглых дат…

Ранняе сталенне

Вольга Маркаўна не дачакалася шаноўнага юбілею. Душа яе скіравалася ў вырай за некалькі месяцаў да свайго зямнога стагоддзя. Дзве даты на крыжы: 1926 і 2026 гады, а паміж імі – цэлы век і вельмі доўгае складанае жыццё.

– Хоць і разумееш непазбежнасць, хоць ведаеш, што далёка не кожны можа пражыць амаль сто гадоў, ды ўсё роўна слёзы туманяць вочы, – гаворыць скрушна ўнучка Алена Радкевіч.

На яе думку, светлы вобраз бабулі – яскравы прыклад працавітай беларускай жанчыны, што шчыравала ў нялёгкай працы ўсё жыццё, а зараз уважліва і клапатліва пазірае на нас з нябесных вышыняў, зберагаючы спакой сваіх родных. Мабыць, усё ж нездарма імя Вольга перакладаецца як “святая”.

Свой доўгі век бабуля Оля пражыла ў Агародніках, недалёка ад храма. Да самага скону цягнулася да працы, а галоўнае – заставалася ў добрай памяці. Хоць некаторыя цяжкія старонкі жыцця часам хацелася выкрасліць назаўсёды з успамінаў. Бо яна паходзіла з таго пакалення, што прыгаршчамі чэрпала бяду ў Вялікую Айчынную вайну. Таму да апошняга дня, асабліва напярэдадні 9 мая і 22 чэрвеня, жанчыну мучылі згадкі пра часы акупацыі, калі кожнае імгненне магло раптоўна стаць апошнім.

Сваёй унучцы Вольга Маркаўна неаднойчы расказвала пра той нялёгкі ваенны перыяд. Бацькам патрабавалася дапамога. Таму Марк Фаміч ды Ксенія Цімафееўна Шубскія дамаўляліся з больш заможнымі суседзямі, каб іх Волечка пасвіла кароў ды займалася іншымі хатнімі справамі. Гэткім чынам дзяўчына дапамагала вялікай сям’і, дзе, акрамя яе, гадаваліся яшчэ брат ды чацвёра сястрычак. Вольга была другая па ліку, а таму на яе дзявочыя плечы рана ўсклаліся і клопаты аб малодшых дзецях. Лічыце, з самых пачаткаў жыцця адбылося яе сталенне, амаль не было бесклапотнага дзяцінства.

Затое наколькі радасным стаў час вызвалення роднага краю ў ліпені 1944-га! У тыя дні дзяўчына з Агароднікаў упершыню пабачыла самалёт. І не адзін, а цэлы полк, які прызямліўся на ўскрайку іх сяла. Чырваназорныя лётчыкі хутка пабудавалі аэрадром. Адсюль яны актыўна днём і нават ноччу выляталі на баявыя заданні – бамбілі варожыя ўмацаванні пад Жабінкай, Брэстам і Беластокам. Да мясцовых падлеткаў, якія з цікаўнасцю падыходзілі да вартавых, што стаялі на аэрадроме, савецкія асы ставіліся прыхільна, разумелі, наколькі вясковым дзецям і падлеткам займальна і цікава пабачыць жалезных “птушак”, здольных рабіць незвычайныя віражы над жытнім полем. Вяскоўцы пазней даглядалі магілы двух загінулых экіпажаў. Помнік-абеліск па іх і зараз знаходзіцца на ўскрайку Агароднікаў.

Няпросты лёс

Некалі наш народ заклаў глыбокі сэнс у прыказку “Век пражыць не поле перайсці”. І Вольга Маркаўна ведала значэнне гэтай даўняй мудрасці. Яна ўсведамляла жыццё як доўгае непрадказальнае выпрабаванне, што патрабуе цярпення ды вытрымкі. Такой жанчына і была ўвесь свой век. Такою застанецца ва ўспамінах кожнага, хто сустракаў яе на жыццёвай дарозе.

Хоць і сівенькая ўжо была, але ж не цуралася ніякіх сялянскіх спраў. Пад матычку капала бульбу, магла і мужчынскую работу зрабіць, прыкладам, дровы пасекчы – сілы доўга меліся. Сапраўдная паляшучка, здольная трымаць на сваіх плячах вялікую сям’ю, а гэта цэлы свет, дзе трэба кожнаму дзіцяці быць надзейнай апорай. Нарадзіла чатырох сыноў. Аднак перажыла ўсіх. Нікому такога лёсу не пажадаеш… Так сталася, што і мужа Міхаіла пахавала. Але ж першае гора прыйшло яшчэ раней, калі давялося кінуць жменьку жоўтага пяску на дамавіну сына, таксама Міхаіла. Ён памёр зусім маладым, ды паспеў пакінуць пасля сябе працяг – дачушку Волечку, названую ў гонар любімай матулі. Як прыйшоў трагічны час, адзін за адным развіталіся з гэтым светам і яшчэ тры сыны: Сцёпа, Лёша ды Валодзя.

На шчасце, засталіся ўнукі. Яны беражліва адносіліся да старэнькай бабулі, любілі яе і шанавалі да апошняга дня. І калі ён, той дзень, надышоў, працягваюць захоўваць у сэрцах удзячную памяць пра роднага чалавека. Першага мая, калі ўся краіна расквецілася святочнымі сцягамі, Вольга Маркаўна ціха развіталася з гэтым светам. Яна паспела сустрэць сваю 99-ю вясну. Яркія майскія краскі, што квітнелі пад мірным небам, сталі для яе цудоўным падарункам на развітанне.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Фота з сямейнага архіва Алены РАДКЕВІЧ