ВЕК НА ВАРЦЕ ЗАКОНУ

Сярод чарады дзён, на якія багаты год, 26 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі пракуратуры. Сёлета яно асвечана вялікім 100-гадовым юбілеем. Мінуў цэлы век з таго дня, як на ІІІ сесіі Цэнтральнага выканаўчага камітэта Беларускай ССР 26 чэрвеня 1922 года было прынята “Палажэнне аб пракурорскім наглядзе” і заснавана дзяржаўная пракуратура БССР.
Напярэдадні залатога юбілею службы, што ўжо век стаіць на варце закону, сустрэліся з пракурорам раёна Алегам ЦЫГАНОВЫМ, каб паразмаўляць пра мінулы і сённяшні дзень пракуратуры.

Крыху пра мінулае…

Нагляднае ведамства, як часам вобразна называюць пракуратуру, ад самых сваіх пачаткаў пільна сочыць за выкананнем законаў. Супрацоўнікі жабінкаўскай пракуратуры ганарацца мінулым, лічаць сябе прадаўжальнікамі традыцый, закладзеных папярэднікамі.
Адразу пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі на Жабінкаўшчыне пачалося стварэнне органаў Савецкай улады, якія спрыялі станаўленню і развіццю дзяржаўнай законнасці.
Час быў перадваенны, надзвычай неспакойны. Напрыканцы векапомнай восені трыццаць дзявятага ўтварылася пракуратура Брэсцкай вобласці, а затым і наглядныя ведамствы ў раёнах. На Жабінкаўшчыне фарміраванне пракуратуры было завершана летам 1940 года, першым райпракурорам стаў Максім Ціханавіч КУЗЬМІН, які прыбыў на працу ў Жабінку з Магілёўскай вобласці.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі пракуратуры актыўна далучыліся да змагання з ворагам, многія з іх набліжалі перамогу на франтах і ў партызанскіх атрадах. А пасля заканчэння ліхалецця зноў вярнуліся да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў. Прынамсі, першаму пасляваеннаму пракурору раёна Валянціну Паўлавічу ТАСКІНУ давялося разбіраць вялізную колькасць спраў, якія тычыліся масавых знішчэнняў карнікамі мірных жыхароў Жабінкаўшчыны, у тым ліку ў Жабінцы і Сцяброве, Жыціні і Драмлёве…
У кастрычніку 1955 года была створана Брэсцкая міжраённая пракуратура. У яе склад улілася і наша пракуратура, аднак ужо праз некалькі гадоў яна прыпыніла існаванне, паколькі ў жніўні пяцьдзясят дзявятага перастаў існаваць Жабінкаўскі раён.
Наступнае адраджэнне прыпадае на лета 1966 года, калі Жабінкаўшчына была адноўлена як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка. Адпаведна адрадзіліся і раённыя ўстановы ды арганізацыі. З таго часу пачалася сучасная гісторыя жабінкаўскай пракуратуры.

…і сённяшні час

Зараз нагляднае ведамства на Жабінкаўшчыне ўзначальвае саветнік юстыцыі Алег ЦЫГАНОЎ. У выкананні задач па забеспячэнні законнасці яму дапамагаюць намеснік пракурора Алена СІДАРУК і памочнік пракурора Таццяна ЖАРЫНАВА (на здымку).
Алег Аляксандравіч акрэслівае задачы, якія адведзены органам пракуратуры:
— Яны шматгранныя і няпростыя, паколькі на нас ускладзены нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем нарматыўных актаў. Пад пільнай увагай пракурораў пытанні выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, працы, аб зямлі і прыродзе, аб абароне дзяцей і прафілактыцы правапарушэнняў, а таксама законнасць у сферы крымінальнага, адміністрацыйнага і грамадзянскага працэсаў. Нашым невялікім, але з’яднаным калектывам сёлета праведзены 22 праверкі, унесены 46 актаў пракурорскага нагляду аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, у тым ліку восем у сферы абароны правоў непаўнагадовых і моладзі, падтрымана дзяржаўнае абвінавачванне па 37 справах, забяспечаны ўдзел у 34 грамадзянскіх працэсах, акрамя таго ў інтарэсах дзяржавы прад’яўлены 12 іскаў. Асаблівую ўвагу скіроўваем на звароты грамадзян і юрыдычных асоб (пракурорскімі работнікамі з пачатку года ўжо разгледжана 14 такіх зваротаў, шэсць задаволены часткова ці поўнасцю).
Асобна Алег Аляксандравіч спыніўся на вельмі важным і адказным накірунку дзейнасці пракуратуры. Ён звязаны з даследаваннямі крымінальнай справы, якая тычыцца генацыду беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна. Праведзена больш за сотню следчых дзеянняў, звязаных з допытамі былых вязняў канцлагераў і асоб, прымусова вывезеных за межы краіны. Акрамя таго былі апытаны і іншыя людзі, што сталі сведкамі тых страшных падзей. Шчыльна праходзілі архіўныя даследаванні. У выніку выяўлены шматлікія дакументы, якія сведчаць пра злачынствы акупантаў і іх памагатых, адбыліся раскопкі на месцах масавых расстрэлаў. Копіі гістарычных дакументаў, зной-дзеныя рэчы былі перададзены ў Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей у вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе 11 мая адкрылася выстава, прысвечаная генацыду насельніцтва Беларусі. Яе ўжо наведалі сотні жабінкаўцаў і гасцей нашага раёна. Право-дзяць пракурорскія работнікі і шматлікія сустрэчы з моладдзю, прынамсі, 44 разы выступалі ў працоўных калектывах і школах.
— Важнасць прафесійных задач вызначае ўзровень прафесійных і маральна-дзелавых якасцяў, якім павінны адпавядаць нашы супрацоўнікі, — перакананы Алег Цыганоў. — Выпадковых людзей у нас не бывае. Калектыў пракуратуры — гэта сплаў вопытных работнікаў, якія прысвяцілі сябе працы на пракурорскай ніве.
Алег Аляксандравіч з вялікай павагай гаворыць пра калег. Першай, вядома, называе Алену Сідарук, якая цэлыя 22 гады жыцця аддала працы ў раённай пракуратуры. Ужо з першых дзён Алена Міхайлаўна дала зразумець, што ніхто і нішто не ўхіліцца ад яе пільнай ўвагі. Намесніку пракурора даручаны адзін з найбольш адказных участкаў — нагляд за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў. Алена Міхайлаўна цудоўна спраўляецца са сваімі абавязкамі, зарэкамендавала сябе пісьменным, энергічным і добрасумленным спецыялістам.
Пятнаццаты год служыць закону і памочнік пракурора юрыст 1 класа Таццяна Жарынава. На яе ўскладзена адказная задача — падтрыманне дзяржаўнага абвінавачвання. Для Таццяны Валер’еўны не бывае “простых” спраў, бо за кожнай з іх — людскія лёсы, нечае гора, канкрэтны чалавек, што пакутуе ад злачынцы і мае надзвычай вострую патрэбу ў абароне і падтрымцы з боку дзяржавы. Аптымізм, вера ў дабрыню і справядлівасць заўсёды дапамагаюць Таццяне Валер’еўне мабілізаваць сілы ўсяго калектыву. Гэта проста неабходна, каб сталі дасягальнымі высокія паказчыкі ў справе ўмацавання законнасці і парадку.
Нельга не згадаць і яшчэ аднаго вельмі важнага супрацоўніка. Больш за чвэрць веку канцылярыяй жабінкаўскай пракуратуры загадвае Жанна КАРАЛЮК, чыя працоўная дзейнасць пачалася ў 1994 годзе. Якасная і аператыўная апрацоўка службовых дакументаў, энергічнасць, прынцыповасць у сукупнасці з адкрытасцю і сардэчнасцю ў адносінах да людзей — вось толькі невялікая частка якасцяў, якімі валодае Жанна Мікалаеўна.
— Напярэдадні вялікага свята словы асаблівай удзячнасці хочацца адрасаваць Уладзіміру Фёдаравічу КІРЫЛЮКУ, які надзвычай шмат зрабіў дзеля ўмацавання законнасці на Жабінкаўшчыне, — падкрэслівае напрыканцы размовы сённяшні пракурор раёна. — У гэты юбілейны дзень шчырых слоў падзякі заслугоўваюць і іншыя работнікі пракуратуры, нашы ветэраны, калегі. Хочацца пажадаць усім моцнага здароўя і міру, дабрабыту і сямейнага шчасця, а таксама руху па службе, новых ідэй і поспехаў у іх рэалізацыі.
Анатоль БЕНЗЯРУК

Пракуроры Жабінкаўскага раёна
(пасля адраджэння раёна ў 1966 годзе)

Леанід Міхайлавіч СЯГОДНІК (1966–1975)
Ігнат Сцяпанавіч ГАЦІЛА (1975–1985)
Фелікс Іванавіч КУЛЕЙ (1985–1990)
Валерый Мікалаевіч КУЦ (1990–1993)
Уладзімір Фёдаравіч КІРЫЛЮК (1993–2007)
Аляксандр Ціханавіч ДЗЯГЕЛЬ (2007–2011)
Уладзімір Фёдаравіч КІРЫЛЮК (2011–2021)
Алег Аляксандравіч ЦЫГАНОЎ (з мая 2021)