Хутка самае добрае, сонечнае і душэўнае свята — Дзень нашых любімых матуль! З гэтай нагоды пра шчырыя пачуцці хачу нагадаць сваёй маме — найдаражэйшаму чалавеку на Зямлі.
Ведай, калі б я была багацейшай за ўсіх, падарыла б табе ўсе скарбы свету. Калі б была чараўніком — адным узмахам палачкі выканала б усе твае мары і жаданні. Аднак я не сумую, бо валодаю яшчэ большым багаццем і неверагодным цудам, якім стараюся пастаянна дзяліцца з табой, — сваёй любоўю.
Ведай, што ты мая лепшая сяброўка, той чалавек, на якога я заўжды магу спадзявацца, які зразумее і падтрымае ў цяжкую хвіліну. Толькі ты ўмееш развесяліць, калі становіцца сумна, а ад тваёй усмешкі нават самы дрэнны дзень становіцца радасным і светлым. Кажуць, мамы ўсё ведаюць і адчуваюць, і гэта сапраўды так. Ты знаходзіш адказы на ўсе мае пытанні і ўмееш хутка супакоіць боль.
Ведай, што я бязмерна ўдзячна табе за ўсе бяссонныя ночы, праведзеныя побач са мной, за цеплыню ласкавых і пяшчотных рук, за падараванае жыццё. Ты патрэбна, як паветра, каб мне дыхалася лягчэй, як сцюдзёная крыніца ў спёку, каб, наталіўшы смагу, я ўпэўнена крочыла па дарозе лёсу, якую аберагаюць твае матчыны малітвы.
Ведай: я самая шчаслівая дачка ў свеце, таму што менавіта ты мая мама. Нават калі часам спрачаемся, мы ўсё роўна застаемся самымі блізкімі людзьмі. Ты мой прыклад ва ўсім! Спадзяюся, з цягам часу ён дапаможа мне стаць добрай матуляй ужо для сваіх дзяцей. Доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця табе, з надыходзячым святам!
Таццяна НЯМЕНЬШАЯ.
На здымку: мая матуля Святлана НЯМЕНЬШАЯ.
Главные новости
