Праблема распаўсюджвання ВІЧ-інфекцыі носіць глабальны характар і з’яўляецца актуальнай для ўсіх краін, у тым ліку і для Беларусі. На сённяшні дзень яна закранула ўсе слаі насельніцтва незалежна ад полу, узросту і сацыяльнага статусу. У свеце больш за 41 мільён чалавек сёння жывуць з ВІЧ/СНІДам. У нашай краіне з 1987 года і на 1 кастрычніка бягучага зарэгістравана 26398 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, у Брэсцкай вобласці — 2015, на Жабінкаўшчыне — 18 выпадкаў, у тым ліку за 10 месяцаў гэтага года — 4.
ВІЧ — інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца вірусам імунадэфіцыту. Ён можа знаходзіцца ў арганізме дзесяць і больш гадоў, перш чым з’явяцца якія-небудзь сімптомы захворвання. На працягу гэтага перыяду чалавек можа выглядаць і адчуваць сябе абсалютна здаровым, але пры гэтым перадаваць вірус іншым. Паражаецца імунная сістэма, пачынаецца разбурэнне і аслабленне функцыі імунных клетак, таму ў інфіцыраваных людзей паступова развіваецца імунадэфіцыт, з прычыны чаго ўзнікаюць розныя запаленчыя захворванні, злаякасныя новаўтварэнні, якія прыводзяць да смяротнага зыходу. Апошняй стадыяй ВІЧ-інфекцыі з’яўляецца сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД), які ў розных людзей можа развіцца праз 2-15 гадоў.
Адзінай крыніцай заражэння з’яўляецца інфіцыраваны чалавек. Асноўныя шляхі інфіцыравання: пры неабароненым сексуальным кантакце з ВІЧ-станоўчым партнёрам, праз кроў (у тым ліку ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў), ад ВІЧ-станоўчай жанчыны будучаму дзіцяці пры адсутнасці адпаведнага лячэння.
Абследаванне на ВІЧ-інфекцыю праводзіцца добраахвотна, за выключэннем тых выпадкаў, калі яно з’яўляецца абавязковым. Кожны жадаючы можа прайсці ананімнае абследаванне ў любой медыцынскай установе. Выкарыстоўваюцца экспрэс-тэсты на ВІЧ, пры правядзенні якіх вынік гатовы праз 15-30 хвілін. Самым папулярным з іх з’яўляецца тэст па ўзоры сліны.
Пакуль не існуе лекавага прэпарата, які б поўнасцю вылечваў ад ВІЧ-інфекцыі. У наш час для лячэння ВІЧ-інфіцыраваных хворых выкарыстоўваецца высокаактыўная антырэтравірусная тэрапія (ВААРТ). Прэпараты, якія істотна змяншаюць размнажэнне віруса, падаўжаюць хворым жыццё.
Каб не дапусціць заражэння, неабходна пазбягаць выпадковых палавых сувязяў (заўсёды выкарыстоўваць прэзерватывы), не карыстацца агульнымі шпрыцамі і іголкамі, нестэрыльнымі ці чужымі брытвамі і манікюрнымі прыладамі, не ўжываць наркатычныя рэчывы.
Аляксандра ЖАГАЛЬСКАЯ, урач-інфекцыяніст раённай бальніцы.
