Анатоль БЕНЗЯРУК.
Па традыцыі найбольш грандыёзныя святкаванні Дня Незалежнасці будуць ладзіцца ў сталіцы. Менавіта 3 ліпеня 1944 года Мінск (у будучым – горад-герой) вітаў сваіх вызваліцеляў. Адным з першых занатаваў выгляд разбуранай нацыстамі за гады акупацыі беларускай сталіцы фатограф Уладзімір Лупейка. За доўгае жыццё ён бачыў у свой фотааб’ектыў ваеннае ліхалецце і мірнае адраджэнне.
На Жабінкаўшчыне захоўваецца памяць пра партызан-чарнакоўцаў, што ўжо ў трэці дзень вайны пачалі змагацца з ворагам у лесе пад Старым Сялом. І праз доўгія гады мы можам пабачыць твары народных змагароў дзякуючы цудоўнаму фотамайстру Уладзіміру Навумавічу Лупейку, які нарадзіўся ў 1917 годзе ў Мінску.
…Яму не было і года, як памерла маці, хутка загінуў і бацька. Сірата выхоўваўся ў Барысаўскім дзіцячым доме, адкуль патрапіў у аркестр, што ствараўся пры палку Чырвонай Арміі. Аднак хлопчыка літаральна заваражыла камера, якую пабачыў у армейскага фатографа. Тады і здолеў зрабіць свае першыя здымкі. Гэта аказалася захапленнем на ўсё жыццё. Яно стала і прызваннем, і прафесіяй.
У 1936-м малады і таленавіты журналіст уладкаваўся на працу ў агенцтва БЕЛТА, якому заставаўся верным на працягу ўсяго доўгага свайго жыцця. Быў таксама карэспандэнтам ТАСС. З фотаапаратам “лейкай”, нататнікам і кулямётам, як спявалася ў вядомай песні тых часоў, прайшоў усё ліхалецце, стаў першым рэпарцёрам, які праз аб’ектыў фотакамеры занатаваў разбураны пасляваенны Мінск.
Але задоўга да таго дня, як была вызвалена беларуская сталіца, Уладзімір Навумавіч апынуўся ў Старасельскім атрадзе. Як гэта адбылося?
Раніца 22 чэрвеня 1941 года Уладзіміра Лупейку застала ў камандзіроўцы ў Брэсце. Выйсці з акружэння не змог і ўключыўся ў небяспечную падпольную работу. Разам з такімі ж адважнымі юнакамі журналіст займаўся разведкай, а ў пачатку сорак другога далучыўся да партызан-чарнакоўцаў. Нават калі ўдзельнічаў у баявых аперацыях, нязменна трымаў з сабою фотаапарат “ФЭД”.
Ягоныя нататкі, упрыгожаныя фотаздымкамі, з’яўляліся на старонках падпольнай абласной газеты “Зара”. Як згадваў тагачасны рэдактар Васіль Калібераў, спачатку фатограф падпісваўся псеўданімам, але потым папрасіў: “Стаўце сапраўднае прозвішча, калі ўжо патраплю да фашыстаў, усё адно – у санаторый не накіруюць…” Сярод многіх станоўчых характарыстык, пакінутых партызанскімі камандзірамі, з кім даводзілася сустракацца ў гады вайны, мо найбольш ёмкую пакінуў кіраўнік атрада імя Чарнака Сяргей Сяргеевіч Шыканаў: “Атрад ведае таварыша Лупейку У.Н. як смелага, бясстрашнага партызана-фотакара, адданага сваёй Радзіме, партыі і ўраду”.
Ён не стаяў у баку і пад час сапраўдных баявых спраў. На адным са здымкаў майстар занатаваў, як дэверсійная група падрывае ў раёне станцыі Бастынь Лунінецкага раёна варожы эшалон. Бачна, фатограф рабіў здымак выбуху з надзвычай блізкай, а таму небяспечнай адлегласці…
З асаблівым хваляваннем здымаў Уладзімір Навумавіч і знакаміты партызанскі парад, які ладзіўся 16 ліпеня 1944 года ў беларускай сталіцы. Народныя мсціўцы (многія з іх былі героямі фотарэпартажаў Уладзіміра Лупейкі) з гонарам ішлі па Мінску. Ужо тады за Беларуссю замацавалася назва рэспублікі-партызанкі.
Цяпер шматлікія здымкі, зробленыя майстрам, па-сапраўднаму ўнікальныя і эксклюзіўныя. На іх можна пабачыць народных мсціўцаў не толькі ў час змагання, але й на адпачынку.
Твары многіх герояў, што загінулі маладымі ў барацьбе з ворагам, назаўжды адлюстравала фотакамера Уладзіміра Лупейкі.
На здымках: фотакарэспандэнт Уладзімір ЛУПЕЙКА;
партызанскі парад у Мінску; беларускія партызанкі.

