Хоць гады ліхалецця і аддаляюцца ў часе, але дасюль адгукаюцца не толькі ў людскіх успамінах. Знаходзяцца і матэрыяльныя пацверджанні вайны.
Пасля таго, як генеральная пракуратура краіны ўзбудзіла працэс па генацыдзе беларускага народа, актывізавалася пошукавая работа. Знойдзены ўжо тысячы малавядомых ці зусім невядомых пахаванняў. 2 верасня на адным з іх пачаўся пошук у нашым раёне.
Пра расстрэлы ў колішняй вёсцы Ацячызна (сённяшнім Ленінскім) было вядома і раней. Прынамсі, былая настаўніца гісторыі Ленінскай школы Валянціна Камовіч на памежжы стагоддзяў разам з юнымі следапытамі апытала жывых сведкаў той трагедыі. І вось цяпер на месца расстрэлу, які адбыўся восенню 1942 года каля Ацячызненскага спіртзавода, завіталі байцы 52-га асобнага спецыяльнага пошукавага батальёна. Яны прыехалі для папярэдняй разведкі, каб высветліць, ці ёсць перспектыва пашыраць пошук.
Як паведаміў старшыня Ленінскага сельвыканкама Мікалай Лугаўскі, раскоп наведалі кіраўнік раёна Віталь Кулак і пракурор Алег Цыганоў. Папярэдні агляд, праведзены спецыялістамі батальёна, дазволіў выявіць магчымае месца знішчэння яўрэяў, знойдзены кулямётныя і вінтовачныя гільзы венгерскай і фінскай вытворчасці, якімі карысталіся карнікі, вызначана месца, адкуль яны вялі агонь.
Больш дэталёвыя раскопкі, якія патрабуюць спецыяльных прыстасаванняў і большай колькасці байцоў батальёна, плануюцца яшчэ да заканчэння гэтай восені.
Анатоль РОСТАЎ
На здымках: байцы 52-га батальёна і вынікі іх пошуку.

