Вясна — час адказны, калі не толькі кожны дзень — усялякая хвіліна на вялікім рахунку. Усё павінна падпарадкоўвацца галоўнай задачы — якаснаму правядзенню пасяўной кампаніі. Пра тое клапоцяцца паўсюль: у абласным выканаўчым камітэце, Дэпартаменце дзяржаўнай інспекцыі працы, райвыканкаме, дый непасрэдна ў гаспадарках Жабінкаўшчыны. У гэтым пераканаліся прадстаўнікі міжведамаснай рабочай групы, якія наведалі напрыканцы сакавіка сельгаспрадпрыемствы раёна.
Кожнаму вядома: своечасовае і якаснае правядзенне пасяўной залежыць ад рэалізацыі арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў. Яны ўключаюць у сябе ўвесь комплекс работ, у тым ліку звязаных з забеспячэннем аховы працы.
Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Таццяна Нікіціна, 25 сакавіка з’явілася адпаведнае даручэнне кіраўніка вобласці Юрыя Шулейкі. Каб аб’ектыўна ацаніць падрыхтаванасць тэхнікі да вясенне-палявых работ, у раёне была створана міжведамасная рабочая група, узначаленая старшынёй райвыканкама Віталем Кулаком. У яе склад увайшлі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, санэпідэмстанцыі, пракуратуры, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, міліцыі. Таму адбыўся не толькі агляд сельгастэхнікі, але й вывучаліся санітарны стан, ахова працы, пажарная бяспека, працоўная дысцыпліна, выкананне іншых палажэнняў заканадаўства. У першы дзень камісія наведала “Рагазнянскі”, “Ракітніцу”, “АграАзяты”, у наступны — “Хмелева” і “Арэпічы”, завяршыла сваю працу 31 сакавіка ў ААТ “Жабінкаўскі” і “Мацеевічы”.
Да якіх высноў прывёў маніторынг? Галоўны вывад: усе сельгасарганізацыі Жабінкаўшчыны належна падрыхтаваныя да веснавых работ, іх працаўнікі забяспечаны неабходнымі сродкамі індывідуальнай аховы, тэхніка — сродкамі пажаратушэння і паліўна-змазачнымі матэрыяламі, запаснымі часткамі і камплектуючымі, неабходнымі для рамонту трактароў і машын. Своеасаблівым дэвізам для тых, хто шчыруе на зямлі, могуць стаць словы: “Ва ўсім парадак захавай, каб вырасціць належны ўраджай!”
Хочацца таксама заўважыць: стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы — штодзённы клопат, які не перарываецца на працягу ўсяго тэхналагічнага працэсу. Надзвычай важна памятаць: гэта залежыць не толькі ад кіраўнікоў арганізацый ды спецыялістаў-аграрыяў, але і ад кожнага асобнага працаўніка.
Увогуле, ахова працы на сельгаспрадпрыемствах Жабінкаўшчыны знаходзіцца на пастаянным кантролі не толькі ў райвыканкаме і раённых службах, але й у Брэсцкім абласным упраўленні Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Святланы БЯЛЯК

