Пераможцы “Каляднай зоркі”
Напрыканцы студзеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў XXVI Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнай творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.
Прадстаўленыя работы прайшлі адбор на трох этапах. Якіх толькі тэхнік тут не было: выцінанка, саломапластыка, мастацкая размалёўка, кераміка, гафт, ткацтва, габелен, аўтарская лялька, мяккая цацка, мультфільмы ды іншыя. На рэспубліканскі этап трапілі каля 500 работ навучэнцаў з 267 устаноў адукацыі, і гэта яшчэ раз пацвярджае вялікую цікавасць да праекта. У свяце паўдзельнічалі больш за 200 навучэнцаў і педагогаў устаноў дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі ды школ з усіх рэгіёнаў краіны. Дыпломамі I, II, III ступені Міністэрства адукацыі, медалямі і каталогамі былі ўзнагароджаны аўтары 107 лепшых работ “Каляднай зоркі”, 900 удзельнікаў выставы адзначаны дыпломамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Ва ўрачыстым уганараванні пераможцаў і прызёраў “Каляднай зоркі” , што праходзіла ў сталіцы, прыняла ўдзел педагог дадатковай адукацыі Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі (РЦТДіМ) Ірына Коваль з навучэнцамі аб’яднання “Чароўная саломка” Мацвеем Басняком, Палінай Камянчук і Дар’яй Белахвост. Паліна атрымала дыплом I ступені Міністэрства адукацыі Беларусі ў намінацыі “Навагодні персанаж”. У суаўтарстве з Дар’яй і Мацвеем яны стварылі прыгожы саламяны сувенір-падарунак і ў адпаведнай намінацыі заваявалі дыплом IІ ступені. Навучэнцы ўзнагароджаны таксама дыпломамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Усе дзеці таленавітыя!
Паўдзельнічалі юныя жабінкаўцы і ў абласной выставе-конкурсе “Усе дзеці таленавітыя”. На ёй былі прадстаўлены аўтарскія работы ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва: керамічныя вырабы, мяккія цацкі, кампазіцыі на навагоднюю і калядную тэматыку, сувеніры і падарункі з розных матэрыялаў – больш за 500 індывідуальных і калектыўных творчых работ з усіх куткоў Брэстчыны. Па выніках выставы-конкурсу навучэнцы і педагогі раённага цэнтра творчасці для дзяцей і моладзі атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Дыпломамі I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама адзначаны Анастасія Панасюк і Ксенія Шыдловіч, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Мяккая цацка” пад кіраўніцтвам Наталлі Уласюк, навучэнка аб’яднання па інтарэсах “Чароўная палітра” Багдана Каштэлян (педагог Ірына Бялавенцава) ды вышэйзгаданыя Паліна Камянчук і Дар’я Белахвост (педагог Ірына Коваль).
Дыпломы III ступені атрымалі Ганна Лах, якая вучыцца прыгожа маляваць у аб’яднанні па інтарэсах “Вясёлы пэндзлік” пад кіраўніцтвам Святланы Постнікавай, і Дар’я Іусава, навучэнка аб’яднання “Кераміка” (педагог Наталля Сцепанюк).
Аднак узнагароды чакалі не толькі асобных таленавітых выхаванцаў раённага цэнтра творчасці, але і ўсю ўстанову ў цэлым. За актыўны ўдзел і высокія дасягненні ў абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах Жабінкаўскі РЦТДіМ на чале з дырэктарам Галінай Івановай быў таксама ўзнагароджаны дыпломам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Ён папоўніў багатую скарбонку ўстановы пад дахам творчасці.
Наталля ВАЛОШКА
Фота з архіва Жабінкаўскага РЦТДіМ
