Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
У 1989-м Ала Буцько прыйшла на працу медыцынскай сястрой у санаторый “Буг”. З тае пары застаецца верная сваёй прафесіі, установе, яе калектыву. З пацыентамі заўсёды ветлівая і ўважлівая. Такія адносіны бачыла кожны раз, калі сама адпачывала ў здраўніцы і наведвала кабінет кампрэсійнай тэрапіі, у якім працуе Ала Пятроўна.
Яшчэ ў школьныя гады мая гераіня вырашыла, што стане медыкам. Ёй хацелася быць карыснай людзям, дапамагаць ім, а таксама матулі, у якой часта падымаўся ціск. Таму пасля Якаўчыцкай дзесяцігодкі Ала паступіла ў Брэсцкае медыцынскае вучылішча на спецыяльнасць “сястрынская справа”. Вучоба захапіла з першых дзён і вельмі падабалася. У ліку любімых прадметаў значыліся агульны догляд, педыятрыя, хірургія. Больш складанымі падаліся мікрабіялогія і генетыка, але таксама былі цікавымі. Практыкі Ала праходзіла ў розных медыцынскіх установах Брэста: абласной і дзіцячай бальніцах, гарадской бальніцы хуткай дапамогі. Пераддыпломная практыка прайшла ў Жабінкаўскай ЦРБ. Пасля заканчэння вучобы дзяўчыну накіравалі на працу ў санаторый “Буг”. Цёпла сустрэлі маладога спецыяліста тагачасны галоўны ўрач здраўніцы Вадзім Сяргеевіч Лапко і галоўная медыцынская сястра Нэлі Іванаўна Дуль, а таксама старэйшыя калегі-медсёстры: Марыя Дзмітрыеўна Забабуха, Марыя Піліпаўна Шорах, Вера Герасімаўна Лах, Ксенія Данілаўна Кудзіна, у якіх потым шмат чаму вучылася ў прафесійным плане.
Дасюль Ала Пятроўна памятае тую ўрачыстасць — пасвячэнне ў прафесію, калі іх, маладых спецыялістаў, прымалі ў калектыў. Памятае тыя словы, што гаварылі ім старэйшыя калегі на працоўную дарогу і прыемныя сюрпрызы-падарункі, якія ўручылі на памяць.
Сваю працу ў санаторыі мая гераіня пачала з пасады паставой медсястры. У хуткім часе ў яе асабістым жыцці адбыліся змены: яна выйшла замуж і пайшла ў дэкрэтны адпачынак. Спачатку ў сям’і нарадзіўся першынец Алёшка, потым — дачушка Маша, якая, дарэчы, таксама стала медыцынскай сястрой і прадоўжыла матуліну справу. З адпачынку па доглядзе за дзецьмі Ала Пятроўна выйшла на працу медсястрой у стаматалагічны кабінет здраўніцы, дзе на працягу 11 гадоў рупілася побач з выдатнымі ўрачамі Людмілай Генадзьеўнай Кудзінай і Дзіянай Эдуардаўнай Мароз, пра якіх з цеплынёй гаворыць і цяпер.
За час работы ў санаторыі “Буг” Але Буцько даводзілася працаваць у кабінетах фіта- і спелеатэрапіі, бронхасанацыі, інгаляторыі. Ужо дзясяты год яна рупіцца ў кабінеце кампрэсійнай тэрапіі. Быў час, калі абслугоўвала пацыентаў на апаратах “Біяптрон” і “Крыятур”. Зараз Ала Пятроўна падключае апараты “Лімфамат” і “Вакумед”. Першы паляпшае лімфа- і крываток, і за кошт пнеўмакампрэсіі ўмацоўваюцца сценкі крывяносных сасудаў. У апараце хвалевай тэрапіі “Вакумед” спалучаецца магнітатэрапія з вакуумнай. Ён паляпшае агульны лімфаток і крываток, чысціць капіляры, узмацняе ўсе абменныя працэсы ў арганізме, здымае ацёкі і запаленне тканак.
Ала Пятроўна мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Яе шчырая добрасумленная праца адзначалася граматамі не толькі роднай установы, у скарбонцы ўзнагарода і ад Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Але самая каштоўная ацэнка яе работы і старанняў — шматлікія падзякі ад адпачываючых, якія яны выказваюць цёплымі словамі і пакідаюць пісьмова.
Прыемна адзначыць, што сёлета імя Алы Пятроўны Буцько занесена на Дошку гонару лепшых работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Ленінскага сельсавета, якія добрасумленнай працай, прафесіяналізмам робяць значны ўклад у развіццё сваёй малой радзімы і славяць яе.
