У апошні вясенні месяц МУС і Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь сумесна зацвердзілі алгарытм міжведамаснага ўзаемадзеяння органаў прымусовага выканання ўнутраных спраў. Вызначаны цэлы шэраг важных пытанняў, у тым ліку якім чынам праваахоўнікам трэба разам дзейнічаць пры выкананні выканаўчых дакументаў, калі адбываюцца спагнанні ў даход дзяржавы. На падставе згаданага алгарытму спецыялісты раённага аддзела прымусовага выканання плануюць надалей шчыльна ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі міліцыі. Дзеля гэтага ў хуткасці пройдзе агульнае пасяджэнне, дзе будуць выпрацаваны накірункі сумесных дзеянняў праваахоўнікаў. Сярод іх – правядзенне агульных рэйдаў, ажыццяўленне прывадаў і пошуку даўжнікоў, арышт іх маёмасці паводле пастаноў аддзела ўнутраных спраў, затрыманне транспартных сродкаў з дапамогай рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, а таксама прыцягненне даўжнікоў да працы, каб яны вярталі свае штрафы ды пазыкі.
Мотаблок аказаўся ў трэндзе
Розныя бываюць магчымасці рухацца па дарозе. Галоўнае, заставацца пры гэтым цвярозым, як шкельца, не парушаць правілы дарожнага руху ды чалавечай маралі. Аднак, мабыць, пра тое зусім забыў жабінкавец П., сядаючы за руль… мотаблока. На гэтым механічным сродку, што выкарыстоўваецца ў асноўным для апрацоўкі зямлі, грамадзянін выправіўся ў дарогу, прычым знаходзіўся на моцным падпітку. Прынамсі, калі супрацоўнікі ДАІ спынілі гора-вадзіцеля, адразу было бачна і чутно, што ўжываў ён зусім не ваду… У выніку за такое сур’ёзнае парушэнне закону мужчына атрымаў вельмі значны штраф, які вымяраўся ў 200 базавых велічыняў, а яго мотаблок аказаўся на штрафстаянцы. Судовыя выканаўцы, у сваю чаргу, наклалі арышт на маёмасць П. і выставілі мотаблок на продаж. Прадстаўнікі закону нават уявіць не маглі, наколькі папулярным стане гэты лот: мотаблок сапраўды аказаўся ў трэндзе! У выніку ўжо з першага разу ён набыў новага гаспадара ў канкурэнтнай барацьбе. А тыя грошы, што былі выручаны ад продажу, пайшлі на пагашэнне штрафу, атрыманага парушальнікам закону.
Бацькі сталі на шлях выпраўлення
Нярэдка мы звяртаемся да тэмы абавязаных асобаў, якія павінны вяртаць дзяржаве сродкі за адукацыю і выхаванне сваіх дзяцей. На жаль, такія несумленныя грамадзяне яшчэ ёсць сярод нас. Пагэтаму заўсёды з асаблівай прыемнасцю даводзіцца распавядаць пра іншыя, станоўчыя, прыклады, калі грамадзяне бяруцца за розум і становяцца на шлях выпраўлення. Напрыклад, раскажам пра сям’ю М., у якой муж і жонка адносіліся да катэгорыі абавязаных асобаў, вяртаючы сродкі за сваіх дваіх дзяцей. Рашэннем камісіі па справах непаўналетніх тыя вярнуліся да бацькоў. Нагодай для гэтага сталі не толькі добрыя паводзіны таты і мамы, але і тое, што яны цалкам пагасілі свае запазычанасці. Гэткія паводзіны павінны стаць станоўчым прыкладам для іншых сямей, у якіх яшчэ існуюць праблемы ў выхаванні непаўналетніх дзяцей.
Ірына ТЭАДАРОВІЧ, начальнік раённага аддзела прымусовага выканання; Анатоль БЕНЗЯРУК
