Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
16 студзеня прайшло пасяджэнне Савета раённага аб’яднання прафсаюзаў, на якім абмяркоўваліся на-дзённыя пытанні нашага жыцця.
ПРА ЛЕТАШНІЯ ВЫНІКІ дзейнасці раённага аб’яднання прафсаюзаў і задачах на 2019 год у святле рашэнняў IX Пленума Савета Федэрацый змястоўна паведаміла прафсаюзны лідар раёна Ніна Калыбская.
Напрыканцы 2018-га было падпісана Генеральнае пагадненне на 2019-2021 гады. Праз перамовы ўсе бакі здолелі знайсці кампрамісы па спрэчных пытаннях і захаваць для працоўных гарантыі, прапісаныя ў мінулым пагадненні, а па некаторых пазіцыях нават узмацнілі іх.
Сёлета ў маі з улікам дасягнутых дамоў будзе заключана раённае пагадненне паміж райвыканкамам, аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў.
Зараз на Жабінкаўшчыне дзейнічае 71 калектыўны дагавор. Дакладчык падкрэсліла: яны не павінны пагаршаць стан дзеючых пагадненняў і тым больш не могуць утрымліваць нормы, што супярэчаць заканадаўству. Затое абавязкова павінен быць пункт, у якім падкрэслена: нормы Генеральнага і іншых пагадненняў абавязковыя для выканання.
Перад рэгістрацыяй калектыўны дагавор праходзіць экспертызу. Склад камісіі зацверджаны спецыяльным распараджэннем райвыканкама. Наймальнікам выдаюцца пісьмовыя рэкамендацыі на ліквідацыю выяўленых парушэнняў і неадпаведнасцяў. Кантроль за выкананнем здзяйсняецца бакамі і камісіяй па калектыўных перамовах. Вынікі выканання калдагавора за год падводзяцца на агульным сходзе працоўнага калектыву, за паўгоддзе — на пашыраным пасяджэнні адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта. Пры гэтым зацвярджаецца акт праверкі выканання дагавора.
Вынікі выканання раённага пагаднення па паўгоддзях, са свайго боку, разглядаюцца на пасяджэннях раённага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.
У ЛІКУ ВАЖНЫХ момантаў, падкрэсліла Ніна Уладзіміраўна, і адзіныя прафсаюзныя прыёмы, якія ладзяцца прававымі інспектарамі працы Брэстчыны штомесяц у апошні чацвер непасрэдна на прадпрыемствах і ў арганізацыях. У іх удзельнічае намеснік пракурора Алена Сідарук. Аб’явы пра такія сустрэчы папярэдне друкуюцца ў “Сельскай праўдзе” і на сайце райвыканкама.
Летась звярнуліся 40 чалавек, дадзены кансультацыі па 51 пытанні. Чарговы прыём адбу-дзецца 24 студзеня ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці з 8.00. да 11.00.
МО АДНО З САМЫХ важных пытанняў было, ёсць і будзе тычыцца аховы працы. Для эфектыўнасці грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства ў гэтай сферы арганізуюцца рэйдавыя групы тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ. Сёлета такая група будзе працаваць на Жабінкаўшчыне 24 студзеня. Плануецца наведаць 15 арганізацый. Вынікі яе дзейнасці абмяркуюцца на пасяджэнні райвыканкама.
Далей Ніна Калыбская паведаміла, што апошнім часам на розных узроўнях актыўна абмяркоўваецца пытанне ўдзелу ў кантролі выканання аховы працы грамадскіх інспектараў.
— Летась сітуацыя на рынку працы ў параўнанні з 2017 годам характарызавалася павелічэннем попыту на працоўную сілу і змяншэннем каэфіцыента напружанасці на рынку працы раёна, — падкрэсліла дакладчык. — Колькасць вакансій на 16 студзеня — 138, зарэгістраваны 29 беспрацоўных. У асноўным патрабуюцца кваліфікаваныя кадры як у рабочых прафесіях, так і на пасады спецыялістаў ды служачых.
ПРАФСАЮЗЫ НІКОЛІ НЕ ПАКІДАЛІ па-за ўвагай моладзь і ветэранаў. На Жабінкаўшчыне зараз 93 маладыя спецыялісты, з іх 33 прызваны ў армію, далей працягнулі вучобу або пераразмеркаваліся.
— Ужо цяпер вызначайце, — заклікала Ніна Уладзіміраўна кіраўнікоў пярвічак, — хто сёлета можа паўдзельнічаць у раённым конкурсе “Малады чалавек года”, які арганізуе райвыканкам сумесна з прафсаюзамі.
Вялікая роля адведзена прафсаюзам і ў спартыўнай ды культурна-масавай рабоце. Ужо традыцыйнымі сталі турзлёты, якія ладзіць райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама спартакіяда працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Паступіла прапанова ў гэтым годзе правесці ўжо пяты па ліку раённы велапрабег, прымеркаваны да 115-годдзя прафсаюзнага руху. Працягваецца акцыя “Прафсаюзы — дзецям”. У ліку вельмі значных спраў — летняе аздараўленне дзяцей, правядзенне навагодніх і калядных святаў. Так, для школьнікаў да 1 верасня выдаткоўваліся грошы абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Выплачвалася матэрыяльная дапамога з прафбюджэту і сродкаў наймальнікаў на падрыхтоўку дзяцей да школы, малазабяспечаным ды шматдзетным сем’ям, маці-адзіночкам ды бацькам першакласнікаў.
Штомесяц прафсаюзы манітораць цэны па 98 пазіцыях на сацыяльна-значныя прадукты ў двух магазінах горада. На жаль, кошты павышаюцца. Зніжкі адбываюцца толькі ў выпадку якаснага змянення саставу прадукта, і нярэдка тавар прапануецца ўжо як акцыённы.
СТАРШЫНЯ РАЁННАГА АБ’ЯДНАННЯ прафсаюзаў крыху спынілася таксама на планах. 2019-ы
будзе багаты на знакавыя падзеі. Адна з найбольш важных і адказных — справаздачна-выбарчыя сходы ў прафсаюзных арганізацыях. Выбары прафгрупоргаў і прафарганізатараў, прафсаюзных камітэтаў пярвічак адбудуцца да кастрычніка. Завершаць кампанію ў раённых арганізацыях і раённым аб’яднанні прафсаюзаў у лістападзе.
— Некалькі слоў хацеляся б сказаць пра інфармацыйную работу, — падвяла рысу пад выступленнем дакладчык. — Што можна ў ёй выкарыстоўваць? Перш-наперш — штотыднёвік “Беларускі час”. Затым нашу раёнку і інтэрнэт-рэсурсы, такія, як партал ФПБ 1prof.by, дзе размяшчаецца шмат карыснай і цікавай інфармацыі.
У абмеркаванні справаздачы паўдзельнічалі старшыні прафсаюзных пярвічак Ірына Якубук, Наталля Карпук і Наталля Урбан, а таксама запрошаныя на мерапрыемства намеснік кіраўніка абласнога аб’яднання прафсаюзаў Алена Гурына, намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Валерыя Маркоўская і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі. Кожны выказаў свае меркаванні, пажаданні і прапановы.
ЗУСІМ НАПРЫКАНЦЫ Ніна Уладзіміраўна выканала прыемную місію. На працягу года на Жабінкаўшчыне ладзіўся агляд-конкурс пярвічных прафсаюзных арганізацый. І вось цяпер падве-дзены яго вынікі.
“Бронзавыя” месцы — у пярвічак камунальнікаў і спарткомплексу “Бадзёрасць”. На другім выніковым радку размясціліся прафсаюзная арганізацыя райбальніцы і другой гарадской школы. А вось найлепшымі, паводле меркаванняў камісіі, прызнаны пярвічкі цукровага завода і ААТ “Рагазнянскі”.
І яшчэ хочацца прыгадаць важны факт. Значнасць прафсаюзаў у Беларусі ацэнена на самым высокім ўзроўні. Нездарма па выніках 2018 года спецыяльнай прэзідэнцкай прэміяй адзначаны аўтарскі калектыў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за правядзенне рэспубліканскай народна-патрыятычнай акцыі “Мы — разам!”, прымеркаванай да Года малой радзімы. Як адзначыў старшыня ФПБ Міхаіл Орда: “Гэта ўзнагарода — усім сябрам прафсаюза. Усім тым, хто штодзённа сваёй працай робіць нашу краіну лепшай і мацнейшай!”
На здымку: кіраўнікі прафсаюзных пярвічак, прызнаных лепшымі ў раённым конкурсе.
