Уручэнне прэміі Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня ўручыў прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі «Беларускі спартыўны Алімп». Мерапрыемства прайшло ў Палацы Рэспублікі.

Лукашэнка на ўручэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне» расказаў пра душу беларусаў і сапраўдны патрыятызм

Патрыятызм — гэта цалкам аддаваць сябе сваёй місіі, жыць і працаваць на карысць роднай краіны і народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння прэміі «За духоўнае адраджэнне», спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва і прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».

Гэты вечар кіраўнік дзяржавы назваў надзвычайным. «Мы ўжо ўвайшлі ў дзелавы рытм новага года, але яшчэ знаходзімся ў атмасферы светлых і добрых навагодніх, калядных свят. У атмасферы, якая шмат гадоў таму натхніла нас на стварэнне ўнікальнай прэміі «За духоўнае адраджэнне», — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цырымонія ўручэння гэтай прэміі — адна з галоўных падзей года. Яна трывала ўвайшла ў жыццё беларусаў як сучасная традыцыя, якая звязвае мінулае і сучаснае роднай зямлі, напаўняе асаблівым сэнсам мэты і памкненні грамадзян, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

«З году ў год такія сустрэчы аб’ядноўваюць нас у самых лепшых і шчырых пачуццях: гонару за дастойных людзей, удзячнасці за міласэрнасць і дабрыню, мужнасць і гераізм, пакланення перад творчасцю і талентам нашых суайчыннікаў. Мы, беларусы, народ з прыгожай душой. Я думаю аб гэтым кожны раз, калі вывучаю гісторыі поспеху і подпісваю дакументы аб узнагароджанні. Думаю, мы з Уладыкам (мітрапалітам Веніямінам. — Заўвага БЕЛТА) мыслім у гэты час аднолькава. За кожным прафесійным або асабістым дасягненнем стаяць у першую чаргу працавітыя і сумленныя людзі. Людзі, якія цалкам аддаюць сябе сваёй місіі, жывуць і працуюць на карысць роднай краіны і народа. Гэта і ёсць патрыятызм», — заявіў Прэзідэнт.

Ён, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вызначаецца ў любові да дзяцей і бескарыслівым імкненні акружыць клопатам тых, каго лёс пазбавіў мацярынскай ласкі, у самаадданай барацьбе за жыццё і здароўе людзей, у беражлівым стаўленні да культурнага здабытку нацыі, спрадвечных традыцый і духоўных каштоўнасцей беларусаў. «У абароне гістарычнай праўды, памяці герояў нашай зямлі, інфармацыйнага суверэнітэту краіны. У выхаванні маладых беларусаў у любові да сваёй краіны і гонары за сваіх продкаў, у спартыўных перамогах на славу Беларусі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

 

Лукашэнка: Беларусь — лепшае месца, якое можна знайсці для ажыццяўлення ідэй алімпізму

У час цырымоніі кіраўнік дзяржавы вырашыў зрабіць адступленне, як адзначыў ён, на злобу дня. Ён нагадаў, што напярэдадні адбыліся перагаворы з кіраўніцтвам Міжнароднай федэрацыі хакея. На іх абмяркоўваліся пытанні арганізацыі ў гэтым годзе чэмпіянату свету.

«Не паспелі яны завяршыцца, як нашы збеглыя наваліліся на лепшых нашых сяброў (замежных сяброў, якія заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваюць нас). Вельмі шкада, што ёсць сярод нас і такія. Але я хачу сказаць, калі ўжо гэта пытанне на слыху: мы гатовы да правядзення любых міжнародных (у тым ліку культурных) спартыўных спаборніцтваў. А што датычыцца чэмпіянату свету па хакеі, які мы выйгралі ў сумленнай барацьбе, я заявіў «міжнароднікам», што мы гатовы арганізаваць яго хоць заўтра. Але для гэтага яшчэ нямала трэба зрабіць. І, на жаль, давядзецца даказваць, што мы людзі, мы завёмся людзьмі і ў нас ёсць свая краіна! Але мы гатовы размаўляць з любымі сумленнымі людзьмі. У тым ліку з апазіцыяй. Але не са здраднікамі. Мы гатовы весці дыялог з любой апазіцыяй (вы гэта бачылі і ведаеце) па любых пытаннях, пачынаючы ад канстытуцыйных змяненняў і заканчваючы будучыняй нашай Беларусі. Але ні перад кім мы на калені не станем!» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы ўжо за многія-многія стагоддзі настаяліся на каленях. Хопіць. Мы ўсталі з гэтых каленяў і будзем цвёрда стаяць на сваіх нагах. Таму хачу папярэдзіць на гэтым прыкладзе ўсіх, хто яшчэ цешыцца надзеяй перавярнуць краіну: нічога з гэтага не атрымаецца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у перагаворах з прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем бакі сышліся на адным: спорт павінен аб’ядноўваць, а не раз’ядноўваць. «Вытрымаюць яны націск з боку сваіх жа палітыкаў — мы правядзём прыгожае спартыўнае свята ў нашай краіне. Можам і без Латвіі, калі яны гэтага не хочуць», — адзначыў беларускі лідар.

«Упэўнены, што наша Беларусь, прыгожая, гасцінная і бяспечная, — лепшае месца, якое можна знайсці для ажыццяўлення ідэй алімпізму, культурных ідэй. І мы гатовы гэта зрабіць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ раз падкрэсліваю: гатовы весці ў гэтым плане дыялог з любымі сіламі, апазіцыйнымі, не апазіцыйнымі, якія будуць працаваць на тое, каб у краіне было лепш. Нельга пабудаваць краіну і нават у Беларусі ўзяць уладу, грунтуючыся на разбурэнні. Беларусы не пацерпяць адкату назад, разбурэння. А потым, як нам абяцаюць, мы ўсё гэта пераадолеем і станем багатымі — так нідзе не было і не будзе. Суседнія прыклады сведчаць аб адваротным».

Лукашэнка: сёння, калі свет становіцца ўсё больш агрэсіўным, асабліва важна цвёрда стаяць на сваёй зямлі

Лаўрэатаў прэмій Аляксандр Лукашэнка назваў гонарам нацыі. Паводле яго слоў, менавіта такія людзі пішуць гісторыю. «Такія добрыя справы і пачынанні, як вашы, застаюцца ў памяці народа, даюць будучым пакаленням маральны і духоўны арыенцір, вядуць да новых высокіх мэт. І летапіс жыцця беларусаў прадаўжаецца», — адзначыў Прэзідэнт.

«Сёння, калі свет становіцца ўсё больш агрэсіўным, асабліва важна цвёрда стаяць на сваёй зямлі, помніць, што тут стагоддзямі жыў беларускі народ і будзе жыць, адчуваць сябе адным цэлым з пакаленнямі розных эпох, разумець, што ў нас ёсць свой шлях. Яго пачыналі вялікія людзі, мы яго прадаўжаем, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І ведаючы, праз якія выпрабаванні праходзілі нашы продкі, як гераічна адстойвалі сваю зямлю ў войнах, як, не маючы дзяржаўнасці, захавалі культурныя традыцыі і духоўныя каштоўнасці, мы бачым галоўнае».

На час цырымоніі на сцэну Палаца Рэспублікі вынеслі нацыянальныя рэліквіі Беларусі — копію Крыжа Ефрасінні Полацкай і адноўлены нядаўна Тураўскі крыж. Аляксандр Лукашэнка адзначыў сімвалічнасць моманту. «Няхай адноўлены Тураўскі крыж, як і раней адроджаны Крыж Ефрасінні Полацкай, будзе яшчэ адной унікальнай святыняй, што ахоўваюць нас на гэтым шляху», — сказаў ён.

Лукашэнка: мітрапаліт Філарэт быў сапраўдным героем Беларусі

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў — дабрыня і спагада, працавітасць і мэтанакіраванасць, адвага і самаадданасць, наватарства і геніяльнасць — ёсць у кожным.

«Менавіта такім, сапраўдным героем Беларусі, шчырым і адкрытым быў наш уладыка Філарэт, якога мы, на жаль, страцілі. Ён стаяў ля вытокаў нашага сённяшняга свята, асабіста падтрымліваючы ўсіх лаўрэатаў сваім благаславеннем», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў гісторыі Беларусі мітрапаліт Філарэт назаўсёды застанецца прыкладам самаадданага служэння хрысціянскім каштоўнасцям, якія аб’ядноўваюць беларусаў.

«Быць дастойнымі нашчадкамі нашага Філарэта і іншых вялікіх дзеячаў тысячагадовай гісторыі роднай зямлі, захаваць сувязь часоў і эпох, якая стане апорай для новых пакаленняў, — наша агульная мэта», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Памяць мітрапаліта Філарэта ў час цырымоніі ўшанавалі мінутай маўчання.

Як паведамлялася, 16 снежня 2020 года мітрапаліт Філарэт быў шпіталізаваны з прыкметамі захворвання, выкліканага каранавіруснай інфекцыяй. Ён памёр у бальніцы 12 студзеня 2021 года.

Герой Беларусі, праваслаўны царкоўны дзеяч, пачэсны Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт (Вахрамееў Кірыла Варфаламеевіч) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія. У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаства з імем у гонар святога Філарэта Літасцівага і быў пасвячоны ў іераманаха. У 1978 годзе Філарэт быў назначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім, Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989-м — мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, пастаянным членам Свяшчэннага Сінода. У 1992-2013 гадах быў мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, свяшчэннаархімандрытам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.

Падзвіжніцкая асветная дзейнасць пачэснага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, яго вялікі асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага і расійскага народаў адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — ордэнамі Айчыны III ступені, Дружбы народаў, Пашаны, Францыска Скарыны, расійскім ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені і іншымі.

У 2006 годзе мітрапаліту было прысвоена званне «Герой Беларусі».

Лукашэнка: мы можам зарабіць тое, чаго ў нас няма, і абавязкова гэта зробім

Пасля выступлення на цырымоніі і ўручэння ўзнагарод Аляксандр Лукашэнка зноў згадаў мітрапаліта Філарэта, ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, які пайшоў з жыцця.

«Здараюцца нейкія добрыя моманты ў жыцці, бываюць і сумныя. І тады ты асабліва задумваешся пра сэнс жыцця. Я скажу па-народнаму: ведаеце, жыццё такое кароткае — давайце зробім усё, каб не траціць гэты час на пустаслоўе, непатрэбныя справы, тым больш на разбурэнне, — заклікаў кіраўнік дзяржавы. — Не дай бог нам у гарачцы гэтага сусветнага вар’яцтва страціць тое, што ніколі больш мы не вернем. Страціць незваротна, загубіць уласнымі рукамі тое, што зрабілі за апошнюю чвэрць стагоддзя. Мы ж з вамі гэта зрабілі! Нельга гэта страціць».

Прэзідэнт падкрэсліў, што на Беларусь, як і на ўвесь свет, абваліўся шквал хлусні, і гэта неабходна перажыць. «Мы ж гаворым пра сябе, што мы мудрыя, таленавітыя. Дык давайце будзем мудрымі і таленавітымі. Творчым работнікам, нашаму духавенству — стойкайсці, мужнасці і, самае галоўнае, ніколі не спяшайцеся. Гэта не значыць, што вы павінны аднолькава думаць, як я, як уладыка, як усе, хто сядзяць тут на гэтай сцэне з падарункамі. Не. Але перш чым зрабіць вывады, не спяшайцеся. Ад нашага слова вельмі многае залежыць. Не спяшайцеся, каб потым не было балюча і ганебна існаваць і жыць у гэтым грамадстве, якое мы з вамі пабудавалі. Мы павінны дастойна прайсці гэты шлях і зберагчы нашу краіну для будучых пакаленняў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўладыка Філарэт пражыў 85 гадоў — здавалася б, нямала.

«Але я ўспамінаю нашы першыя сустрэчы — гэта міг. А ў гісторыі гэта наогул нічога, нават не міг. Жыццё вельмі кароткае — беражыце адзін аднаго, паказвайце прыклад сваім дзецям, як трэба жыць, каб ім у жыцці было крыху лягчэй. Шчасця, здароўя, жывіце дружна, не сварыцеся. У нас ёсць усё. Тое, чаго няма, мы заробім. Мы можам гэта зрабіць і абавязкова зробім», — сказаў на заканчэнне Прэзідэнт.

БелТА