Урачы прайшлі навучанне

Двухдзённы семінар у Жабінкаўскай раённай бальніцы стаў адным з этапаў праекта “Для выратавання. Паляпшэнне доступу да медычных паслуг пры надзвычайных сітуацыях праз узаемадзеянне структур хуткай медыцынскай дапамогі на прыгранічнай тэрыторыі Польшчы, Беларусі і Украіны”.
Фінансаванне праекта распачалося ў сёлетнім маі, калі Жабінкаўская ЦРБ паспяхова паўдзельнічала ў конкурсе ў рамках памежнага супрацоўніцтва. Згадаем: было больш за два дзясяткі прэтэндэнтаў на атрыманне грантаў — выбралі найлепшыя. У іх ліку праекты бальніц гарадоў Тамашуў-Любельскі і Грубешуў (Польшча), Сокаль (Украіна) і Жабінка (Беларусь). Для рэалізацыі задуманага нашай райбальніцы на працягу 2019–2021 гадоў будзе выдаткавана крыху больш за 214 тысяч еўра.
Менавіта ў рамках праекта і ладзіўся семінар, на якім адпрацоўваліся навыкі сардэчна-лёгачнай рэанімацыі на дарослых і дзіцячых манекенах-трэнажорах (здымак 1). Да таго ж старшы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта Павел Пратасевіч прачытаў лекцыю “Асновы пярвічнай рэанімацыі на дашпітальным этапе на падставе сусветных рэкамендацый 2015 года”.
У выніку 30 жабінкаўскіх урачоў розных спецыяльнасцяў і профіляў атрымалі адпаведныя сертыфікаты (здымак 2). Гэта дазволіць ім неўзабаве перадаць свае веды і навыкі астатнім урачам і сярэдняму медыцынскаму персаналу. Затым на працягу двух гадоў у рамках праекта падчас шматлікіх групавых заняткаў правілам неадкладнай дапамогі ў надзвычайных сітуацыях будзе абучана тысяча жыхароў раёна, найперш праваахоўнікі і выратавальнікі, педагогі і вучні старэйшых класаў, многія іншыя жабінкаўцы.
Анатоль БЕНЗЯРУК