Улюбёная ва ўсё народнае

Улюбёная ва ўсё народнае

“Тут усё маё!” – гаворыць пра Хмелева і яго ваколіцы Таццяна Грыцук. Жанчына гатова ўзяць у абдымкі і моцна прыціснуць да сэрца куточак, які даў жыццё, выгадаваў і вось ужо шэсць дзесяцігоддзяў трымае на зямлі. Мабыць, нездарма бацькі назвалі яе Таццянай, што значыць “стваральніца”. Яна не можа жыць без творчасці і стварае перш-наперш добры настрой для людзей, якія наўкола.

З маленства творчасць прыцягальная

Раней цяжка было здзівіць сцюдзёнымі зімамі. І ў тым лютым – шэсцьдзесят гадоў назад – зіма лютавала, сыпала снегам, гразіла ўсім моцным марозам.

Немаўлятка ў завіруху не маглі давезці да бальніцы, ды дзяўчынка надта спяшалася на белы свет, каб з ім павітацца першым гучным крыкам. Гэты крык, падобны на песню напярэдадні Стрэчання, з радасцю пачула матуля Алена Сяргееўна, а за ёй і тата Дзмітрый Данілавіч Масейчукі. Таня нарадзілася ў Хмелеве, у роднай хаце, у запаветным месцы – за печкаю, пад абярэгам ласкавай цеплыні. Фельчар Ганна Пятручык разам з бацькамі радавалася новаму чалавеку, што прыйшоў у той дзень на свет сярод замеці і сцюжы. На календары было 13 лютага 1966 года.

rbt

Таццяна стала трэцяй з пяці дзяцей – з’явілася ў самай што ні на ёсць “залатой сярэдзінцы”. Да таго ж у народзе ёсць прыкмета, што трэцяе дзіцё схільнае мець жыццё, надзеленае талентамі ад Бога. Яе тата і мама былі карэннымі жыхарамі старадаўняга сяла, таму любоў да ўсяго хмелеўскага Таня ўвабрала літаральна з малаком маці. А ад таты перадалася вялікая працавітасць. І пры гэтым самыя родныя людзі былі блізкімі да народнага мастацтва. Дзмітрый Данілавіч, лічыце, лепшы танцор на сяле. А мама Алена Сяргееўна ўкладала ўсю сваю душу ў песню. На жаль, тая душа, як птушка-песня, рана адляцела ў нябёсы. Але ж светлы матулін вобраз дасюль кранае і выклікае цёплыя ўспаміны ў дачкі. Людзі згадваюць, якой ветлівай была Алена Сяргееўна, і Таццяна, як некалі мама, калі ідзе па сяле, з кожным абавязкова павітаецца і ў любові да роднай зямелькі прызнаецца…

У такіх бацькоў, вядома, і дзеці рана цягнуцца да творчасці. Прыхільнасць да мастацтва была ўласціва ўсім Масейчукам, аднак так склалася, найбліжэй да культуры аказалася Таня. Яна пайшла гэтым шляхам і не пашкадавала ніколі, што выбрала яго з дапамогай добрых людзей.

Так, дзяўчыне хацелася стаць артысткай. Але ж на такую прафесію вучаць толькі ў сталіцы. Зразумела, не ўсе мары дасягальныя. Таму вырашыла пайсці больш прыземленай дарогай: пасля Хмелеўскай дзесяцігодкі Таццяна вывучылася на швачку. Нават год адпрацавала на вытворчасці на швейнай фабрыцы ў Брэсце. Ды зразумела, што яе энергічная натура не зможа далей займацца працай, пазбаўленай жвавасці. Працягвала пошук, каб усё ж вызначыцца, чым сябе прысвяціць у жыцці. Сабралася ехаць у Віцебск, каб вучыцца на інжынера-тэхнолага, ды на прыпынку сустрэла Марыну Гацкевіч. Марына Мікалаеўна працавала ў клубе. Як толькі даведалася, куды Таня збіраецца, запярэчыла:

– Куды ты сабралася? Танечка, гэта ж не тваё! Падумай яшчэ разок.

Яна падумала і не раз, узважыла і вырашыла, што яе лёс – культура, народная спадчына, а наканаванне – дарыць радасць людзям.

Так, кожны сваю ніўку ў жыцці абрабляе. Нехта хлебную, а Таццяна вырашыла працаваць на культурнай ніве. Яна ўзяла лёс ва ўласныя рукі. Неацэнную дапамогу ў гэтым аказала вучоба ў Гродзенскім культасветвучылішчы.

Мабыць, нездарма яе лёс занёс у цудоўны гістарычны горад над Нёманам, дзе спрадвеку станавіліся на крыло і гартаваліся таленты. Сярод выкладчыкаў найбольшы ўплыў аказала Алена Саланевіч, якая вучыла танцу. Ад яе перадалося не толькі майстэрства, але й мудрасць, патрэбная ў далейшай працы. Студэнты павінны былі зразумець, што ў іх сілах стаць для вяскоўцаў любімымі, найлепшымі артыстамі. Дзеля гэтага неаходна паважаць лад жыцця сялян, іх працу, а яшчэ – не ленавацца, ствараючы святы на сяле.

Калі ўжо вярнулася на Жабінкаўшчыну, Таццяна Дзмітрыеўна нязменна атрымоўвала падтрымку тагачасных начальнікаў аддзела культуры Алега Храмцова і Васіля Чапялевіча ды шматлікіх калег, з кім давялося працаваць.

– Запальвайце агеньчык культурнага жыцця ў кожным куточку, куды трапіце. Тады і вашу працу цаніць і паважаць будуць, – успамінае настаўленні былых выкладчыкаў Таццяна Грыцук.

Час пераканаў: гэта былі мудрыя словы.

Сям’я для яе – слова святое

– Мая справа – дарыць добры святочны настрой. Хоць гэта вельмі няпроста. Цяжка падтрымліваць сямейныя традыцыі, калі ў выхадныя ты часцей на працы, чым дома. Затое за народныя традыцыі – я гарой!

І ўсё ж сям’я для яе святое. Таццяна Дзмітрыеўна згадвае, як стала парай са сваім Сцяпанам. Пачалося з таго, што дзяўчына закахалася ў хлопца, які ездзіў на чырвоным “Запарожцы”. Пазнаёміліся маладыя ў мясцовым Доме культуры, куды Таня ўладкавалася мастацкім кіраўніком пасля Гродзенскага культасветвучылішча.

Ішоў люты 1987 года. Першае выпадковае спатканне адбылося на другі дзень, як дзяўчына адсвяткавала свой дзень нараджэння. А ўлетку яна зрабіла спробу паступіць у Інстытут культуры ды раптоўна забрала дакументы. Бо адчула, што паўсюль – і ў снах, і на яве – мрояцца ёй чырвоныя “Запарожцы” і карыя Сцяпанавы вочы, якія сталі раптам вельмі дарагімі і роднымі. Ужо праз месяц згулялі вяселле. А неўзабаве хата пачала напаўняцца дзіцячымі галасамі. У выніку зараз сям’я Таццяны Дзмітрыеўны складаецца з мужа, дачок Алены і Вольгі, сына Ільі ды пяцярых любімых унукаў.

Першаніцу сваю яна назвала Аленай у памяць аб матулі. Зараз дачка – медсястра ў Хмелеўскай амбулаторыі, дапамагае ў асноўным дзеткам. Сваіх Алена таксама мае. Яна падаравала бабулі дзвюх прыгожанькіх унучак. Першую назвалі ў гонар прабабулі Неанілай. Ёй на Вадохрышча споўнілася дзевяць гадоў. Дзяўчынка вучыцца ў трэцяй школе ў трэцім класе, а яшчэ – на харэаграфічным аддзяленні ў дзіцячай школе мастацтваў. Яе малодшая сястра Арына таксама танцорка, выступае ў “Каруначках”. У сёлетнім верасні жвавая дзяўчынка збіраецца стаць першакласніцай.

Другая дачка Таццяны Грыцук Вольга – шматдзетная маці, якая нарадзіла і выхоўвае трох сыноў. Таццяна Дзмітрыеўна з задавальненнем расказвае пра ўнукаў, прычым кожны з іх названы ў гонар продкаў. У імені 10-гадовага Дзімы захоўваецца памяць пра дзядулю. Хлопчык мае сур’ёзныя захапленні, звязаныя з камп’ютарам і матэматыкай. А яго брат Сямён (названы ў гонар прапрадзеда) вельмі жывы, артыстычны, мабыць, “пазычыў” гэтую артыстычнасць ад бабулі. Трэцяга ўнука назвалі Ванькам, як прапрадзядулю Івана Пятровіча, што па-геройску загінуў на вайне, вызваляючы Польшчу. Кажуць, майстар быў – залатыя рукі. Вось і спадзяюцца ў сям’і, што і чатырохгадовы Ванька, як падрасце, будзе такім жа.

А яшчэ Таццяна Дзмітрыеўна вельмі любіць і ўмее гатаваць народныя стравы. Хто паспытаў яе пірагі, каўдуны, клёцкі, не дасць падмануць: смачна – пальчыкі абліжаш! Хоць і зроблена ўсё, здаецца, проста, ды з вялікім густам і бязмежнаю любоўю.

Хмелеўцы на таленты багатыя

Больш за тры дзясяткі гадоў таму Таццяна Грыцук узначаліла Хмелеўскі сельскі Дом культуры. І ўвесь гэты час яна сябруе з народнымі танцамі і спевамі. Таму нездарма неўзабаве ў вясковай культурнай установе ўзніклі ажно два моцныя калектывы: дарослы са званнем “народны” – “Хмелеўскія валацугі” ды дзіцячы, сапраўды ўзорны, з цудоўнай назвай “Дараносіца”. Са сваёй бязмежнай любоўю да ўсяго народнага Таццяна Дзмітрыеўна была проста абавязана стварыць ансамбль з мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, каб узнікла сувязь пакаленняў і старэйшыя маглі перадаваць сваю творчасць маладзейшым. Гэта надзвычай важна, лічыць наша гераіня, якая вельмі шануе старых людзей і любіць дзяцей. Чужыя для яе, як свае.

Дваццаць гадоў таму “Дараносіца” атрымала званне “ўзорны”. За гэты час змяніўся не адзін састаў. Дзеці прыходзяць у калектыў, растуць разам з ім, а затым на змену ідуць новыя юныя артысты. Аднак, колькі б часу не мінула, тое, што загартавана на надзейным народным падмурку, застаецца на ўсё жыццё. Некалькі гадоў таму былыя ўдзельнікі ансамбля выправіліся ва Уфу на маладзёжнае спаборніцтва, дзе іх прымалі з сапраўдным фурорам, бо хмелеўцы дэманстравалі за межамі роднай краіны непаўторную палескую культуру.

З апошніх дасягненняў прыгадаем поспех дзетак з “Дараносіцы” ў Маладзечне на творчым спаборніцтве “Калядная зорка”. Юныя артысты прадстаўлялі фота і відэа, калядныя паштоўку і цацку, выступілі з песняй, што ўславіла Хрыста, і стварылі святочны інтэр’ер, які нават знатакі назвалі “шэдэўральным”! І вось цудоўны вынік, што стаў вядомы ў канцы студзеня: Гран-пры прэстыжнага конкурсу! Яго атрымалі дзеці і кіраўнікі калектыву Таццяна Грыцук і Алена Войнаш.

Таццяна Дзмітрыеўна лічыць, што ўсё ў жыцці адбываецца невыпадкова, з Божай дапамогай, асабліва на хмелеўскай намоленай зямлі, што жыве-развіваецца пад аховаю цудатворнай іконы Маці Божай Чанстахоўскай і бацюшкі Серафіма, настаяцеля вядомага манастыра. Калі наведаеш гэтае месца, памолішся ля абраза – душа замірае, сілы падвойваюцца.

Таццяна Грыцук – чалавек па натуры рухавы, ёй пастаянна патрэбна вязаць гожыя вузельчыкі з іншымі людзьмі. Родная вёска і яе жыхары прыносяць радасць, натхняюць на справы. Хочацца адраджаць спадчыну, каб яна засталася для новых пакаленняў. Пагэтаму аднойчы ў тэлеперадачы “Палешукі” таленавітая жанчына з Хмелева падзялілася думкамі:

– Наша культура, мова, традыцыі – гэта ўсё бясцэнна. Яны сапраўдная душа народа, і пакуль мы ўсё гэта памятаем і перадаем нашым дзецям, мы будзем жыць. Будзе жыць наш народ!

Зусім хутка ў Таццяны Дзмітрыеўны юбілей. Сёлета яна сабрала брыльянты гадоў. А яшчэ мае багацце добрых слоў у адрас жанчын:

– Жадаю ўсім жаночага шчасця, каб не год, а ўсё вашае жыццё было акружана каханнем, узаемаразуменнем і пяшчотай з боку родных людзей!

Анатоль БЕНЗЯРУК