Уборка завершыцца 20 жніўня

Масавую ўборку збожжавых і зернебабовых культур у Беларусі плануюць завяршыць 20 жніўня, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Мікалай ЛЕШЫК.
“Калі спасылацца на тэхнічную магчымасць, то ўбраць збожжавыя мы можам на працягу 23 дзён у цэлым па краіне. Улічваючы, што ўжо каля 24 працэнтаў плошчы ўбрана, можна меркаваць, што пры спрыяльных умовах надвор’я ўборка завершыцца 20 жніўня. Магчыма, недзе застанецца яравая пшаніца больш позняга тэрміну выспявання і асобныя зернебабовыя, як лубін, якія будуць убірацца пазней. Акрамя таго, паўночныя раёны краіны крыху пазней пачынаюць уборку, таму і тэрміны ў іх прадаўжаюцца прыкладна да 25 жніўня”, — сказаў ён.
“Улічваючы той факт, што яшчэ вядзецца ўборка азімага рапсу, можна сказаць, што тэмпы ўборачных работ у цэлым па краіне нарошчваюцца. Думаю, у бліжэйшыя дні мы яшчэ ў 1,5 раза павялічым тэмпы ўборкі і наблізімся да намалоту амаль 300 тысяч тон збожжавых культур у дзень, не ўлічваючы рапсу. Азімы ячмень практычна ўбраны з сельгасугоддзяў. Засталіся адзінкавыя плошчы насенняводчых пасеваў, якія будзем убіраць дасушаныя на корані, каб не праводзіць дадатковую сушку на зернесушыльных комплексах”, — адзначыў Мікалай Лешык.
Гаворачы аб умовах надвор’я, ён падкрэсліў, што метэаролагі даюць абнадзейлівы прагноз на гэты тыдзень. Чакаецца сонечнае надвор’е, а тэмпература паветра ўдзень складзе 28-32 градусы, што будзе станоўча ўплываць на тэмпы ўборкі. Таксама дастатковыя запасы вільгаці ў глебе будуць садзейнічаць фарміраванню ўраджаю іншых сельгасраслін, такіх як цукровыя буракі, кукуруза і бульба.
БелТА