Абласная журналісцкая сябрына набыла новае кіраўніцтва
На справаздачна-выбарным сходзе, які ладзіўся ў зале пасяджэнняў упраўлення культуры аблвыканкама, з дакладам выступіў старшыня праўлення абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Аляксандр ЛАГВІНОВІЧ. Відавочна, як заўважыў Аляксандр Аляксандравіч, прадстаўнікі нашай творчай суполкі ў апошнія гады заставаліся на вастрыі падзей, разам з тым набывалі новыя веды і вопыт, неабходныя для руху наперад у няпростую эпоху, якую перажывае свет. Асаблівая ўвага надаецца журналістам-ветэранам і тым, хто толькі ўваходзіць у прафесію.
Са свайго боку, намеснік старшыні ГА “Беларускі саюз журналістаў” Сяргей СВЕРКУНОЎ падкрэсліў, што зараз рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне налічвае больш за 2400 сяброў, прычым творцы Брэстчыны займаюць сваё годнае месца:
— Зроблена шмат карыснага. Ваша арганізацыя на добрым рахунку ў Беларусі, на брастаўчан заўсёды можна пакласціся. Дарэчы, 13 снежня ў Мінску падвядзем вынікі конкурсу “Дэбют”, прыемна зазначыць, што пераможцай стала карэспандэнтка з Камянца.
Тэму працягнула начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалогіі і па справах моладзі Таццяна ГАГАКАВА. Яна пераканана, што шэрагі саюза павінны павялічвацца і членства ў ім патрэбна мець практычна кожнаму, хто працуе ў дзяржаўных СМІ. Асобна Таццяна Міхайлаўна закранула тэмы рэарганізацыі асобных выданняў (у тым ліку і “Сельскай праўды”), якія хутка стануць часткай холдынга “Зари”. Як вядома, найлепшыя журналісты штогод адзначаюцца на конкурсе прафесійнага майстэрства. Дарэчы, сёлета яго ўмовы будуць крыху зменены, каб надаць новы імпульс для працы творцаў пяра і мікрафона.
Удзельнікі канферэнцыі правялі выбары кіраў-ніцтва сваёй арганізацыі. У складзе праўлення — 21 асоба. Акрамя Таццяны Гагакавай і Аляксандра Лагвіновіча, у яго ўвайшлі старшыня тэлерадыёкампаніі “Брэст” Ларыса ДАБРАДОМАВА, галоўны рэдактар абласной “Зари” Ігар ГЕТМАН і кіраўнікі раённых газет (у тым ліку галоўны рэдактар “СП” Васіліна ВАЙТОВІЧ). Новым старшынёй праўлення абласной арганізацыі ГА “БСЖ” абраны Ігар Уладзіміравіч Гетман, які падзякаваў калегам за давер і паабяцаў надзейна трымаць у руках штурвал журналісцкага карабля.
Анатоль РОСТАЎ
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА
