
У Міжнародны дзень дзіцячай кнігі, які штогод адзначаецца 2 красавіка, у нашым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адбылася творчая сустрэча з таленавітай паэткай, сябрам Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Настассяй Нарэйкай.
Міжнародны дзень дзіцячай кнігі нездарма адзначаецца 2 красавіка – у дзень нараджэння вялікага казачніка Ханса Хрысціяна Андэрсена (1805 – 1875), якому сёлета споўнілася б 220 гадоў. Гэты дзень і ў творчай біяграфіі Настассі Мікалаеўны адзначаны: 2 красавіка 2016 года пісьменніца ўпершыню выступала перад чытачамі ў жабінкаўскай раённай бібліятэцы, калі ў горадзе-спадарожніку ладзіўся першы ў гісторыі абласны фестываль, прымеркаваны да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі. І вось цяпер, праз гады, ужо падапечныя Жабінкаўскага ТЦСАНа змаглі атрымаць асалоду ад глыбокіх і вельмі філасофска-лірычных вершаў паэтэсы з Камянца.

Так сталася, у сэрцы і думках Настассі Мікалаеўны назаўжды прапісаліся два гарады. Першы – Маладзечна, дзе яна прыйшла на свет, выхавалася і ўпершыню адчула ў сабе сілы паэтычнай творчасці. Другі – горад, у цэнтры якога месціцца старажытная Белая Вежа. Тут, у Камянцы, яна зараз жыве, працуе журналісткай і піша адметныя вершы і казкі, якія час ад часу з’яўляюцца на старонках раённай і абласной прэсы, у рэспубліканскіх літаратурных выданнях.
Творчасць нашай таленавітай госці была не раз адзначана, у тым ліку на XI Міжнародным літаратурным конкурсе «Это нужно не мёртвым!», прысвечаным памяці Канстанціна Сіманава. Настасся Нарэйка стала дыпламантам Міжнароднага літаратурнага конкурсу паэтычных перакладаў «Беларусь – Расія. Сожскія берагі сяброўства». Гэта тым больш значная і сімвалічная ўзнагарода, калі ўлічыць, што сустрэча ў ТЦСАНе ладзілася 2 красавіка – у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Яркім прыкладам такога яднання (і пра тое таксама згадвалася на вечарыне) сталі асобы беларуса Уладзіміра Караткевіча, кнігамі якога зачытваюцца дасюль у тым ліку і расіяне, і рускага Уладзіміра Мулявіна – стваральніка легендарнага гурта “Песняры”, што праславіў краіну пад белымі крыламі ва ўсім свеце.

Наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з задавальненнем слухалі вершы ў выкананні Настассі Нарэйкі, адказвалі на яе пытанні і самі, у сваю чаргу, пыталіся ў госці пра яе жыццё і творчасць.
Непрыкметна праляцеў час сустрэчы, якую вяла бібліятэкар Марыя Пратасюк. Кожны з прысутных адчуў гаючую моц беларускага слова.

Антон ЦЫМУС
Фота Наталлі ВАЛОШКІ
Больше новостей о своем районе и городе Жабинка можно найти в нашем Телеграм-канале по ссылке https://t.me/selsk_prav
