У “Жабінкаўскага” серабро

Землі гаспадаркі, назва якой сугучна з імем усяго раёна, шчодрыя на ўраджаі. Яны займаюць самы цэнтр Жабінкаўшчыны, нібыта “абцякаючы” горад. На гэтых абшарах жывуць і шчыруюць працавітыя людзі. Штогод рупліўцы з “Жабінкаўскага” годна паказваюць сябе на сяўбе і на жніве, у раслінаводстве і жывёлагадоўлі.
А за сумленную працу і пашана, і ўзнагароды. За дасягненне ў мінулым годзе найлепшых вынікаў у выкананні асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця ААТ “Жабінкаўскі” ўдастоены другога месца сярод арганізацый АПК і занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці.
Нагадаем, што сельгаставарыства, якое апошнія два гады ўзначальвае Міхаіл Вячорка, занесена і на раённую Дошку гонару. За 2019 год рост валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў “Жабінкаўскім” склаў 110,8 %, у тым ліку ў раслінаводстве — 111,6 %, у жывёлагадоўлі — 110,4 %.
Летась прадпрыемства выгадавала 906,8 тоны ялавічыны, вырабіла 11911,4 тоны малака, таварнасць якога склала 91,3 %.
Віншуем працаўнікоў ААТ “Жабінкаўскі” з раённым і абласным прызнаннем. Так трымаць!
Наталля ВАЛОШКА. Фота Святланы КІСЛАЙ